Сямейны талісман

Источник материала:  

Свечку-абярэг шырока выкарыстоўвалі і падчас выканання сямейна-родавых абрадаў. Калі дазволіць сабе выказаць гэту знітаванасць у адной паэтычнай метафары, то можна смела сказаць, што "грамніца" сустракала душу чалавека на гэтым свеце, вяла яго па асноўных жыццёвых сцежках і была сведкай таго, як душа адлятала ў вырай.

 У час працяглых родаў, каб паспрыяць нараджэнню дзіцяці, бабка-павітуха шаптала замову, прасіла ў хаце, хляве, астатніх пабудовах адамкнуць замкі, адчыніць дзверы і вокны, засовы, расшпіліць гузікі на адзенні, развязаць усе вузлы, а затым запаліць грамнічную свечку. Пасля таго, як яна прымала на рукі нованароджанага, немаўля тут жа клалі на стол (далучалі да сямейнага сімвала адзінства) і тройчы абносілі і хрысцілі той самай "грамніцай".

 Свечка-грамніца будзе маўклівай сведкай яшчэ адной вялікай падзеі ў чалавечым жыцці — таінства хрышчэння: адпраўляючы разам з хроснымі бацькамі дзіця да храма, родныя бацькі давалі ім асноўны хатні абярэг. Захавайце тую свечку-грамніцу, з якой вы хрысцілі дзіця, і запаліце яе тады, калі будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэтую эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкі! У гэтым выпадку не прапаноўваем нічога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабілі нашы мудрыя продкі.

 Свечку-"грамніцу" давалі ў рукі смяротна хвораму чалавеку, а потым ставілі каля галавы памерлага. Яна павінна была дапамагаць душы нябожчыка пакінуць хату, каб тая не "пакрыўдзілася" ды не "выгледзела" сабе яшчэ каго-небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калі ў іншых выпадках свечкай-грамніцай карысталіся на працягу года ў самых розных сітуацыях, то ў выпадку смерці чалавека яна павінна была згарэць уся ў гэты ж дзень, каб яе ніхто не змог выкарыстаць у іншыя святочныя дні з мэтай нанясення людзям шкоды.

 Калі дзіця неслі хрысціць, калі ішла пахавальная працэсія, калі ехалі да вянца і назад — ва ўсіх гэтых выпадках, вядома ж, не абыходзіліся без сімвала агню — грамнічнай свечкі, якая, верылі, будзе адганяць нячыстую сілу. "Грамніцу" бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калі вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калі вяселле пераязджала ў дом жаніха. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам-соллю, якімі бацькі сустракалі заручаную пару пасля вянчання.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Почка отсчета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика