Фінансавая міліцыя гатовая працаваць "у адкрытую"

Источник материала:  

Пра гэта паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Рыгор ВЕРАМКО

Ён нагадаў, што нядаўна праведзены ў Камітэце дзяржаўнага кантролю "круглы стол" з бізнэс-суполкай засведчыў пачатак новага стылю работы ўсяго кантрольна-праваахоўнага блока дзяржавы. Кіруючыся Дырэктывай №4, Указам № 510, а таксама тым, што бягучы год аб'яўлены Годам прадпрымальнасці, Дэпартамент фінансавых расследаванняў намераны працаваць з бізнэсам адкрыта. Гэта значыць, што сустрэчы, падобныя "кругламу сталу", будуць адбывацца рэгулярна, іх мэта — сумесная і ўзгодненая выпрацоўка пазіцый суб'ектаў гаспадарання і рэвізораў з тым, каб бізнэс у краіне паспяхова развіваўся, а парушэнні закона былі зведзеныя да мінімуму.

— У бліжэйшы час мы плануем сустрэчу з прадстаўнікамі банкаўскіх структур, бо колькасць злачынстваў у банкаўскай сферы ўзрасла за апошні год у паўтара раза, — паведаміў Рыгор Верамко. — Летась намі былі заведзены 123 крымінальныя справы ў дачыненні да нядобрасумленных пазычальнікаў. Новым элементам злачыннай дзейнасці сталі факты незаконнага адчужэння закладнай маёмасці і далейшага банкруцтва з нанясеннем буйной шкоды банкам. Так, у снежні была заведзена крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка камерцыйнай структуры Мінска, які з мэтай невяртання крэдыту ў 2,5 млрд рублёў арганізаваў банкруцтва свайго прадпрыемства і пагоршыў яго плацежаздольнасць шляхам крадзяжу закладнай маёмасці на суму 1,4 млрд рублёў. Падобны выпадак не адзінкавы, сумы шкоды банкам налічваюцца мільёнамі долараў.

Актуальнае сёння пытанне незаконнага адтоку валюты за мяжу. Пра ўсё гэта фінансавая міліцыя будзе весці гаворку з прадстаўнікамі службаў бяспекі банкаў, каб папярэдзіць падобныя злачынствы, сумесна стварыць умовы, пры якіх яны стануць немагчымымі.

— Мы не намераны ўзмацняць жорсткасць мераў, наадварот, вітаем заяву міністра фінансаў пра неабходнасць палягчэння падатковага цяжару, — заўважыў кіраўнік Дэпартамента. — Мы зацікаўлены ва ўдасканаленні падаткаўкладальнай базы, у тым, каб усе суб'екты гаспадарання аплачвалі падаткі, а дзяржава ў нашай асобе і ў асобе Міністэрства па падатках і зборах кантралявала паўнату гэтых дзеянняў.

Нельга сказаць, што прафілактыка злачынстваў — зусім новы кірунак у рабоце органаў фінансавых расследаванняў. Выступленні ў СМІ, вынясенне прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць здзяйсненню злачынстваў, маюць тыя ж мэты. У выніку гэтых і іншых мер значна скарацілася колькасць правапарушэнняў у сферы абарачэння нафты і нафтапрадуктаў, спірту этылавага і алкагольнай прадукцыі, сельгаспрадукцыі. Менш стала парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе ўвоз, захоўванне і рэалізацыю тытунёвых вырабаў.

Пачатак рэгламентацыі кантрольнай дзейнасці паклаў леташні Указ № 510, згодна з якім ўсе праверкі павінны быць абгрунтаваныя. Сёння рэвізор не можа прыйсці правяраць прадпрыемства "проста так" або па ананімным ці беспадстаўным сігнале.

— Больш за тое, фізічная асоба, якая дае загадзя лжывую інфармацыю ў нашы структуры, нясе адказнасць, — заўважыла начальнік аддзела дакументальных праверак Таццяна ЖДАНАВА. — І мы пра гэта абавязкова папярэджваем тых, хто імкнецца выкарыстаць фінансавую міліцыю ў мэтах помсты або нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Эфектыўнасць новага падыходу ў кантрольна-праваахоўнай дзейнасці ўжо паказалі апошнія вынікі работы Дэпартамента: колькасць праверак скарацілася, а памер вернутых дзяржаве сродкаў узрос. За 2010 год фінансавая міліцыя накіравала ў бюджэт і паставіла на ўлік аб'ектаў асноўных сродкаў на суму 156 млрд рублёў. "Жывых грошай" паступіла на 6,4 млрд рублёў больш, чым ў 2009 годзе — 87 мільярдаў.

— На жаль, крымінальных спраў было заведзена таксама больш, — заўважыў дырэктар. — Разам з тым 57 крымінальных спраў было спынена ў сувязі з добраахвотным пакрыццём нанесенай шкоды. Мы імкнёмся актыўна выкарыстоўваць адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу, бо пакаранне — не самамэта, а судзімасць і зняволенне б'е не толькі па самім парушальніку, але і па членах яго сям'і, дзецях.

Дэпартамент адзначыў змяншэнне фактаў ухілення ад аплаты падаткаў і мытных плацяжоў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Разам з тым летась было заведзена больш крымінальных спраў па фактах "адмывання" матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам. узрасла колькасць злоўжыванняў у будаўнічай і банкаўскай сферах, аўтабізнэсу.

Напрыклад, крымінальная справа была заведзена ў дачыненні да жыхара Мінска, які, выкарыстоўваючы рэквізіты, дакументы і клішэ пячатак і рахункаў беларускіх і замежных прадпрыемстваў, праз незаконныя фінансавыя аперацыі атрымаў даход у суме 100 млрд рублёў. У лістападзе 2009 года ён для легалізацыі гэтых сродкаў набыў ад імя прыватнай фірмы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Сейшэльскіх астравоў, у лізінг пасажырскі самалёт коштам 21,6 млн долараў ЗША, які выкарыстоўваў для аказання паслуг па паветраных пасажырскіх перавозках.

Органамі фінансавых расследаванняў летась было заведзена больш, чым ў 2009 годзе, крымінальных спраў па фактах карупцыі. У прыватнасці, у верасні ў суд была перададзена справа ў дачыненні да дырэктара вучэбнай установы Віцебска, які атрымоўваў ад падначаленых хабар за заступніцтва па службе. Ідзе следства ў дачыненні да кіраўніка аднаго са жлобінскіх прадпрыемстваў, які ў мэтах асабістага абагачэння не пералічваў у бюджэт частку сродкаў, якія атрымоўваў ад арэнды нерухомасці камунальнай уласнасці.

Асаблівую ўвагу Дэпартамент звяртае на высвятленне фактараў, якія ствараюць пагрозу эканамічнай бяспецы краіны. Летась з гэтай мэтай была створана міжведамасная прагнозна-аналітычная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі дзяржкантролю, КДБ, МУС, Міністэрства па падатках і зборах, Генеральнай пракуратуры, БДУ і БДЭУ. Гэтая група выпрацоўвае прапановы па супрацьдзеянню "ценявому" абарачэнню тавараў і фінансаў, ацэньвае сітуацыю ў сферы эканамічнай бяспекі, выяўляе тэндэнцыі і схемы эканамічных злачынстваў, збірае і абагульняе вопыт па падрыве эканамічных асноў экстрэмісцкіх арганізацый.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Почка отсчета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика