РОЗГАЛАС

Источник материала:  
"Прадпрымальны" дырэктар

Кіраўнік сталічнага прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства ў 2008-2009 гадах ухіліўся ад платы падаткаў і збораў больш як на 164 мільёны рублёў.

Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю, "зэканоміць" дырэктару ўдалося на пастаўцы раней набытага ім ва Украіне абсталявання ў адрас шэрагу беларускіх торфабрыкетных прадпрыемстваў. Каб пазбегнуць платы падаткаў, гэты кіраўнік наўмысна правёў па рахунках бухгалтарскага ўліку прадпрыемства першасныя ўліковыя дакументы, згодна з якімі абсталяванне было нібыта набытае ў Расіі за суму, якая ў некалькі разоў перавышае фактычны кошт купленага тавару. Такім чынам прадпрымальная асоба наўмысна занізіла падатковую базу на 773 мільёны рублёў, што ў сваю чаргу дало магчымасць яму ўхіліцца ад платы згаданай вышэй сумы падаткаў і збораў. Між іншым, падчас папярэдняга расследавання дырэктар аплаціў падаткаў, збораў, пені і эканамічных санкцый амаль на 200 мільёнаў рублёў. Апошняе, а таксама прызнанне віны і шчырае раскаянне ўлічыў суд: дырэктар асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1 год.

"Зялёныя" соткі

Каб атрымаць па-за чаргой 2 зямельныя ўчасткі, мінчаніну прапанавалі залаціць хабар у $4500.

Прычым падбухторваў сталічнага жыхара на гэта іншы мінчанін, які скарыстаў пасля "падарунак" на свае патрэбы. Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама, 39-гадовы хітрун "павучаў" свайго падапечнага летась: маўляў, каб атрымаць два зямельныя ўчасткі, неабходна "падсаладзіць" жыццё ў суме 4500 долараў ЗША пэўным службовым асобам Забалоцкага сельвыканкама, што ў Смалявіцкім раёне. Нарэшце, купіўшыся на абяцанні, чалавек у верасні перадаў падбухторшчыку 700 долараў. А той паклаў грошы ва ўласную кішэню...

Ігар ГРЫШЫН.

Пенсіянерам — больш пуцёвак

Дзякуючы адкрыццю новага спальнага корпуса агульная ўмяшчальнасць спецыялізаванага санаторыя для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў "Белая Вежа" ў Камянецкім раёне павялічыцца на 54 месцы — пра гэта паведаміла прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай бароны Варвара Александровіч.

Цяпер здраўніца зможа прымаць у адзін заезд 196 ветэранаў і інвалідаў, што пакутуюць на захворванні органаў кровазвароту, стрававання, дыхання, апорна-рухальнага апарату, і ў тым ліку людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пры гэтым, зазначыла Варвара Александровіч, "Белая Вежа" мае магчымасці аказваць самыя розныя паслугі, сярод якіх — дыягностыка, фізіятэрапія, а таксама водагразелячэнне.

Сяргей ГРЫБ.

Для каго дарожныя знакі?

На гэтае пытанне ўжо ніколі не адкажа 25-гадовы кіроўца "Рэно—Меган—Сцэнік", які на аўтадарозе на высокай хуткасці пайшоў на паварот. У Рэчыцкім раёне мазыранін выехаў на сустрэчную паласу і разам з дваімі пасажырамі (25-гадовым мужчынам і 19-гадовай дзяўчынай) трапіў пад колы "ЗіЛа-130". У выніку лабавога сутыкнення ўсе, хто быў у легкавым аўтамабілі, загінулі на месцы здарэння. Між тым, на ўчастку дарогі, дзе адбылася трагедыя, усталяваны знакі "Абгон забаронены", "Небяспечны паварот", "Накірунак паварота".

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Не разгубілася...

Неацэнную паслугу ў своечасовым выяўленні пажару жыхарцы вёскі Косічы Навагрудскага раёна аказаў аўтаномны апавяшчальнік.

Пачуўшы яго сігнал, пенсіянерка не разгубілася, выйшла з дому і выклікала выратавальнікаў, якія ў лічаныя хвіліны ліквідавалі загаранне сажы ў дымаходзе. Гэта не першы выпадак, калі маленькі і недарагі прыбор дапамог выратаваць чалавечае жыццё і пазбегнуць матэрыяльных стратаў, паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Почка отсчета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика