З Новых Дарог у Старыя Дарогі. Бясплатна ці за грошы?

Источник материала:  

Таццяна Іванаўна Пінчук з вёскі Новыя Дарогі Старадарожскага раёна ўжо звярталася ў "Звязду" — наконт бясплатнага падвозу дзетак-школьнікаў (у сям'і заяўніцы іх выхоўваецца трое). Адказ мы друкавалі ў нумары за 11 снежня мінулага года — "Падыход да ўсіх дзетак аднолькавы. Падвоз для ўсіх — бясплатны". Нагадаем коратка, што пасля таго, як з тэлеэкрана на ўсю краіну прагучала, што для школьнікаў будзе бясплатны праезд, Таццяна Іванаўна задала пытанне: чаму ж мы дагэтуль мусім плаціць, калі ў горадзе дзеці ўжо карыстаюцца такой льготай? Варта заўважыць, што дзеці жанчыны вучацца ў саміх Старых Дарогах — у сярэдняй школе №1.

Са спасылкай на словы начальніка аддзела адукацыі Старадарожскага райвыканкама Ніны Патоцкай мы і давалі адказ пад вышэйназваным загалоўкам. "У раёне арганізаваны бясплатны падвоз школьнікаў, дзе ў тым ёсць патрэба, да бліжэйшых навучальных устаноў. Прычым падыход да ўсіх аднолькавы — як да гарадскіх дзетак, так і для вясковых", гаварыла нам тады Ніна Уладзіміраўна. І дадавала, што з "вёскі Новыя Дарогі частку школьнікаў бясплатна возяць у навучальную ўстанову ў суседняй вёсцы, а таксама ў горад — да сярэдняй школы №1".

І вось Таццяна Іванаўна зноў набрала нумар "гарачай лініі". Падзякавала рэдакцыі за аператыўнасць у высвятленні яе пытання ў мінулы раз. А потым заўважыла, што той льготай — бясплатным праездам — яе дзеці карысталіся літаральна... тры дні. А затым усё вярнулася да ранейшага парадку. За прайшоўшы з таго моманту час заяўніца паспела звярнуцца з пытаннем нават да дэпутата, аднак атрыманы ад яго адказ, які, паводле слоў Таццяны Іванаўны, яе не задаволіў — "адпіска нейкая". Вось і папрасіла "Звязду" зноў дапамагчы.

— Бясплатна возяць дзетак толькі ў суседнюю Паставіцкую сярэднюю школу, гэта недзе за пяць кіламетраў ад нашых Новых Дарог. Але там няма мастацкай школы. Зноў жа, дзеці прызвычаіліся і да педагогаў, і да вучнёўскіх калектываў у сярэдняй школе №1 Старых Дарог. Мяняць іх не хацелася б. А за праезд туды штодня за траіх дзетак мы мусім плаціць па 12 тысяч рублёў, — гаварыла нам Таццяна Іванаўна.

Гэтае пытанне заяўніцы мы мусілі ўжо ў другі раз пераадрасаваць начальніку аддзела адукацыі Старадарожскага райвыканкама Ніне Патоцкай.

— Па горадзе праезд школьнікаў бясплатны. Што датычыцца сельскай мясцовасці, там ён арганізаваны да бліжэйшых навучальных устаноў. У нашым выпадку — да Паставіцкай сярэдняй школы. Дарэчы, у цэлым па раёне арганізаваны бясплатны падвоз больш як 600 дзетак. Згодна з Законам "Аб адукацыі", падвоз павінен быць арганізаваны да агульнаадукацыйных школ, а не да мастацкіх, якія з'яўляюцца ўстановамі пазашкольнага выхавання і навучання, — распавяла Ніна Уладзіміраўна. — Дарэчы, у Паставіцкай школе працуюць шматлікія гурткі па розных кірунках, туды рэгулярна наведваюцца спецыялісты з раённага цэнтра народнай творчасці — па запытах дзетак і іх бацькоў. Мне думаецца, што змена вучнёўскага асяроддзя і калектыву настаўнікаў — не такая ўжо і праблема, у тым ліку і для саміх школьнікаў.

Думаецца, і пра гэта таксама згадвала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, пытанне з бясплатным падвозам школьнікаў да навучальных устаноў на прыгарадных напрамках канчаткова будзе вырашанае са з'яўленнем пастановы Савета Міністраў, прысвечанай якраз гэтай тэме...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Памада "выявіць" сцерву і добрую жонку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика