А ты ехаў...
Бясконцай дарогай уяўляецца нам жыццё. І прамяністым робіцца яно, калі смела рухаешся па ёй, не парушаючы прыроднага суладдзя, насустрач хараству, да якога цягнецца душа.
Дарогі заслужанай артысткі Беларусі Святланы Суседчык і ансамбля народнай музыкі "Бяседа" супалі. Яны паядналіся ў сумесных дзеях і сталі бальшаком — тым шырокім шляхам, па якім несупыннай плынню ідзе люд, нясе песню. Весці за сабой, акрыляць спевам, надзяляць радасцю і надзеяй — святы абавязак. І "Бяседа", і яе вядучая салістка выконваюць яго годна, з гонарам.
З маленства Святлана Іванаўна жыве з песняй і ў песні. Гэтая прасветлая любоў да яе перайшла ад бацькоў — Ніны Сямёнаўны, якая і цяпер хораша спявае, і Івана Мікалаевіча Муцянкі, вясковага каваля і гарманіста. І родныя мясціны гадавалі, песцілі яе. Там, у вёсцы Вязавіца Калінкавіцкага раёна, дзе нарадзілася 24 снежня 1955 года, яна ўспрыняла народную манеру выканання песень і жыццярадасны, поўны высакароднай энергіі прыродны дух. Навучанне ў Магілёўскім культурна-асветным вучылішчы (закончыла таксама і Інстытут сучасных ведаў), творчая праца ў Дзяржаўным акадэмічным народным хоры імя Генадзя Цітовіча (у 1975—1994 гадах, а ў 1989 годзе тут атрымала ганаровае званне) спрыялі развіццю выканальніцкага майстэрства.
Найбольш плённа выявіўся артыстычны талент Святланы Суседчык у ансамблі народнай музыкі "Бяседа". У ім яна з першага дня стварэння. Сюды прынесла і любімыя песні з родных мясцін, і той жыццестваральны дух, які сілкуе ўвесь калектыў і вылучае яго сярод іншых. З поспехам, па-мастацку вобразна выконвае звонкагалосая салістка як народныя вакальныя творы, так і аўтарскія (сярод іх "Мамін голас", "Маміна вішня", "Каліна-ягада", "Узыходзіць месяц"). А ў песні "А ты ехаў..." яна таленавіта перадае характар беларускай дзяўчыны і свой асабісты — смелы, вольналюбівы, іранічны, дасціпны.
..Касмічна-зямным ззяннем пазначаны дарогі Святланы Суседчык і "Бяседы". Пасля зімовага сонцазвароту пачынаюцца іх жыццёвы кругабег, творчая супольнасць. Шлях адзіны, мэтанакіраваны — да духоўнага хараства. І асвечаны ён песняй.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.
Беларуская народная песня
А ты ехаў...
А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне брат, ў мяне тата,
А я дзеўка не занята.
Як ты ехаў, то я спала,
Як ты крыкнуў, то я ўстала,
Як ты свіснуў на каня —
Я галоўку падняла.
Сёння як былінка стала,
Тры дні хлеба ў рот не брала
І не піло кроплі воды —
Для тваёй усё выгоды.
А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне хата белая,
А я дзеўка смелая.
А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне гусь і цялушка,
А я дзеўка-весялушка.
Ты мінуў маю хаціну,
Да другой спяшаў дзяўчыны.
Хоць аб'ездзі цэлы свет,
За мяне там лепшай нет!
Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца. Варыянт мелодыі трэцяй і шостай строф пададзены трэцім радком нот.