"Двойкам" — рамантыку, "Дзявяткам" — падарожжы... ...прадказваюць нумаролагі ў 2011-м
777
Прырода нумаралагічных гаданняў, заснаваных выключна на лічбах, вельмі складаная, яе цяжка даказаць ці адвергнуць. Нягледзячы на гэта, ва ўсе часы прыхільнікаў у нумаралогіі было шмат. Не скарацілася іх армія і ў век касмічных палётаў і нанатэхналогій.
Некаторыя знаўцы заяўляюць, што 2011-ы — гэта год з "лічбай 13", аднак большасць адэптаў нумаралогіі разглядаюць яго як "Універсальны год 4", паколькі пры складанні ўсіх лічбаў года атрымліваецца менавіта чацвёрка (2+0+1+1).
Паводле вучэння нумаралогіі, чацвёрка, ці ТЭТРАДА — гэта сімвал стваральных сіл Сусвету: агню, зямлі, паветра і вады. Ім адпавядаюць чатыры тыпы чалавечага тэмпераменту: халерык (агонь), меланхолік (зямля), сангвінік (паветра) і флегматык (вада). Акрамя таго, гэта яшчэ чатыры пары года і чатыры перыяды чалавечага жыцця (вясна — дзяцінства, лета — юнацтва, восень — сталасць, зіма — старасць), а таксама чатыры групы крыві і чатыры бакі свету.
Філосафы старажытнасці нездарма разглядалі Чацвёрку як сімвал трываласці і непахіснай ісціны. Чацвёрка заўсёды азначала стабільнасць, паколькі сімвалізуе адразу чатыры кропкі апоры. Яшчэ яна сімвалізуе надзейнасць, парадак, цэласнасць, завершанасць, гармонію, рацыянальнасць, стойкасць, рэалізм і дасканалую раўнавагу стыхій, жывых працэсаў, аб'ектаў і людзей. У адрозненне ад дынамічнай Тройкі, Чацвёрка азначае памкненне да спакою, абмежаванняў, дысцыпліны і карпатлівай работы.
Лічбу Чатыры называюць не самай удалай: яна можа азначаць цяжкасці, абмежаванні, малое ўзнагароджанне і нават нястачу. У любым выпадку год будзе патрабаваць цяжкай працы, пераадолення, энергетыка Чацвёркі абумовіць пэўную непаваротлівасць, празмерны кансерватызм, адставанне.
Для людзей лічбы 1 (народжаных 1, 10, 19 ці 28 чысла месяца) 2011 год будзе гладкім і роўным. Гэта выдатны год для "адзінак", і нумаролагі раяць па максімуме выкарыстаць гэты спрыяльны час для станоўчых прарываў ва ўсіх сферах жыцця. Адзіная непрыемнасць — у сярэдзіне года настане складаны перыяд у адносінах з каханымі. Затое на працы можна распачаць маштабны праект, які абавязкова атрымае паспяховае завяршэнне.
Людзі лічбы 2 (народжаныя 2, 11, 20 ці 29 чысла месяца) у 2011-м будуць мець вялікі поспех і атрымаюць шанц давесці да канца любую распачатую справу. Нумаролагі раяць "двойкам" на працягу года захоўваць спакой і падыходзіць да ўсяго адказна і разважліва.
Ваша асабістае жыццё сёлета будзе напоўнена каханнем і рамантыкай. А да канца года стане яшчэ больш насычаным. Многія атрымаюць шанц сустрэць сваю "палавінку".
Людзі лічбы 3 (народжаныя 3, 12, 21 ці 30 чысла месяца) практычна ўвесь 2011-ы правядуць у абдымках свайго каханага. Нумаролагі прапануюць цаніць такі рамантычны перыяд і імкнуцца зрабіць жыццё вашай "паловы" больш напоўненым, светлым, шчаслівым. Дарыце падарункі, рабіце прыемныя сюрпрызы.
У прафесійным жыцці "троек" сёлета чакаюцца перамены. Многія распачнуць пошукі новага месца працы, некаторыя рэалізуюць свае бізнэс-праекты.
Людзі лічбы 4 (народжаныя 4, 13, 22 ці 31 чысла месяца) сёлета змогуць завяршыць справы і праекты, распачатыя некалькі гадоў таму. Пры гэтым для атрымання станоўчых вынікаў нумаролагі раяць "чацвёркам" карыстацца парадамі блізкіх (яны дапамогуць вырашыць нават самыя складаныя задачы).
У 2011 "чацвёркі" змогуць прадэманстраваць усім свае творчыя здольнасці, патрапіць на вочы патрэбным людзям. Бліжэй да лета свабодныя "чацвёркі" маюць шанцы сустрэць сваё каханне.
Людзі лічбы 5 (народжаныя 5, 14, ці 23 чысла месяца) будуць старанна працаваць увесь 2011 год і ў канцы года атрымаюць адпаведныя ганарары. Нумаролагі раяць вам дасканала прадумваць свае ўчынкі, не ісці на канфлікт з кіраўніцтвам.
"Пяцёркам" бягучы год падрыхтаваў новыя паездкі і камандзіроўкі, у якіх можна пазнаёміцца з вельмі карыснымі і важнымі персонамі.
Людзі лічбы 6 (народжаныя 6, 15, ці 24 чысла месяца) будуць увесь год сканцэнтраваны на кар'еры і атрымаюць шмат магчымасцяў для прасоўвання па службовай лесвіцы. Аднак нумаролагі раяць, нягледзячы на выключна напружаны працоўны графік, не забывацца на блізкіх, якія таксама маюць патрэбу ў вашай увазе.
У 2011-м у "шасцёрак" з'явяцца дадатковыя крыніцы даходаў, а калі яны не стануць "зацыклівацца" толькі на кар'еры, то змогуць напоўніць год рамантычнымі прыгодамі.
Для людзей лічбы 7 (народжаныя 7, 16 ці 25 чысла месяца) бягучы год стане годам папярэджанняў — як у асабістым жыцці, так і ў кар'еры. Для дасягнення поспеху нумаролагі раяць "сямёркам" больш спадзяванняў ускладаць на калектыў і сяброўскія сувязі, пазбягаць неўзважаных рашэнняў.
Сёлета "сямёркі" атрымаюць добрую падтрымку ад сяброў і каханых — і ў асабістых справах, і ў кар'еры.
Людзі лічбы 8 (народжаныя 8, 17 ці 26 чысла месяца) будуць адчуваць пэўныя фінансавыя цяжкасці. Ім варта паспрабаваць вырашыць фінансавыя пытанні з дапамогай прафесіяналаў, больш кваліфікаваных, чым самі "васьмёркі". У сярэдзіне года "васьмёрак" чакае матэрыяльнае заахвочванне на працы. Увесь 2011-ы для вас будзе напоўнены неафіцыйнымі прыемнымі сустрэчамі.
У людзей лічбы 9 (народжаных 9, 18, ці 27 чысла месяца) у 2011-м з'явяцца магчымасці развіваць далей распачатыя раней дзелавыя прадпрыемствы, адправіцца ў прыемныя падарожжы. Нумаролагі раяць "дзявяткам" падчас падарожжаў не грэбаваць знаёмствамі, нават з нязначнымі, на ваш погляд, асобамі. А тыя "дзявяткі", якія шукаюць працоўнае месца, знойдуць выдатныя вакансіі.
Падрыхтавала Інга МІНДАЛЁВА.