Эканомім на казе?

Источник материала:  

З пасёлка Юбілейны, што ў Бабруйскім раёне, патэлефанавала Людміла Маркава і паведала аб праблеме, звязанай з атрыманнем крэдыту для вядзення прысядзібнай гаспадаркі.

Магілёўшчына — не мая "парафія", але калі чуеш, што чалавек чытае твае артыкулы, то гэта кранае...

Сёння, калі вясковец мае падсобную гаспадарку, то можна звярнуцца ў "Белаграпрамбанк" з заявай на атрыманне крэдыту. Наша чытачка зрабіла гэта, але ў яе ўзнікла праблема.

— Людміла Васільеўна, хацелася б пачуць, чым вы займаецеся і што ўяўляе сабой ваша гаспадарка?

<І>— Хачу пачаць з таго, што "Звязду" выпісваў мой дзед, бацька і я працягваю сямейную традыцыю. Таму куды мне яшчэ звяртацца, як не ў "Звязду"? Я ўжо на пенсіі, а муж працуе ў саўгасе. Раней мы прадавалі дзяржаве 70 літраў малака ў дзень, але ў мінулым годзе здалі 3 каровы на мясакамбінат, бо захварэлі яны на мастыт. А яшчэ бык, 3 свінні, 70 бройлераў, 15 курэй... тры тоны бульбы накапалі, 600 кг буракоў...

— Вы захацелі ўзяць крэдыт для...

— Хачу купіць 7-8 галоў коз, бо іх малако сёння вельмі дарагое — лячэбнае. То чаму б не выкарыстаць момант? А цана пародзістай казы — пад мільён.

— І як сітуацыя складваецца з атрыманнем крэдыту?

— На пачатку я патэлефанавала па нумары 136 — гэта аддзел даведак рэспубліканскага банка, а затым звярнулася ў Бабруйскі філіял "Белаграпрамбанка", але там мне адмовілі ў крэдыце, бо ў мяне няма зямлі.

— Людміла Васільеўна, мяне таксама здзіўляе, як вам удаецца без зямлі трымаць столькі жывёлы? Недзе ж корм браць трэба.

— А ўсё дзякуючы дырэктару УКСП "Саўгас "Кісялевічы" Рыгору Арцёмаву — ён дапамагае людзям кармамі для падсобнай гаспадаркі. Вось атрымалі 800 кг камбікармоў, сена дае цюкаванае, сілас можна выпісаць. І зямлі саўгас нам выдзеліў, і грэчку для сябе можна нядорага купіць...

— Як я зразумеў, вы зямлю маеце.

— А трэба, каб зямля была прысядзібная, зарэгістраваная ў сельсавеце. Я звярталася ў сельсавет, а мне прапанавалі за два кіламетры ад дома. Нешта саджаць там — пустая справа, бо з горада прыедуць і выкапаюць. Не будзеш жа там пільнаваць дзень і ноч.

Я патэлефанаваў у Слабадкоўскі сельсавет і пачуў:

— Маркава ў нас пражывае, і зямлю яна прасіла. Але побач з пасёлкам Юбілейным у сельсавета зямлі няма. А сёння няма магчымасці і далёка даць, бо ўчастак павінен быць пры доме.

Але працягнем размову з Людмілай Васільеўнай.

— Я тэлефанавала і ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Там мне давалі тэлефоны розных кабінетаў, але я нічога не дабілася.

— Няўжо безвыходнае становішча?

— Звярнулася ў Магілёўскае абласное ўпраўленне "Белаграпрамбанка", і супрацоўніца з кабінета № 109 Юлія Мікалаеўна, не ведаю яе прозвішча, патэлефанавала мне дамоў і сказала, што крэдыт можна будзе ўзяць. Пачакаем. Не ведаю, бо праблема яшчэ можа ўзнікнуць і ў плане таго, што грошы банк можа пералічыць толькі юрыдычнай асобе, а коз трымаюць людзі...

— Скажыце, такіх, як вы, многа ў пасёлку? Я маю на ўвазе тых, хто трымае кароў, здае малако...

— Можа, чалавек дзевяць. Вунь Ніна Бычкова стараецца... Ёсць сем'і з дзецьмі, а жывёлу трымаюць, і дзеці дапамагаюць. Хоць іншы скажа: "А навошта табе гэтыя турботы?". Але ж без гэтых турбот няма жыцця.

Каб глыбей унікнуць у праблему, я сустрэўся ў Баранавічах з намеснікам кіраўніка аддзялення "Белаграпрамбанка" Аленай Шыманскай і папрасіў растлумачыць сітуацыю з атрыманнем крэдыту для вядзення падсобнай гаспадаркі.

— Алена Сцяпанаўна, каму банк адмаўляе ў крэдыце?

— Банк не выдае крэдыт, калі ў грамадзяніна няма зямельнага ўчастка, калі ён не можа прад'явіць даведку з сельсавета, што ў яго ёсць жывёла, птушка, а таксама пэўная колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай за папярэдні год на прысядзібным участку.

— У мяне пад Баранавічамі ёсць хата і 20 сотак зямлі. Я магу ўзяць крэдыт?

— Калі вам зямля дадзена для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і калі вы пражываеце там. А бывае, што чалавеку далі ўчастак пад будоўлю, а ён хоча атрымаць крэдыт ці сам жыве ў Лунінцы, а ўчастак мае пад Баранавічамі.

— Зразумеў, што крэдыт не для мяне, а якія існуюць мінімальны і максімальны памеры крэдыту?

— Ад 500 тысяч да 60 млн рублёў і тэрмінам на 7 гадоў, калі чалавек вырашыў набыць сельскагаспадарчую тэхніку айчыннай вытворчасці.

Цяпер мы можам паразважаць.

Тое, што чалавек для сваёй прысядзібнай гаспадаркі можа атрымаць крэдыт, — гэта крок наперад, хоць і прыпознены. Не так і многа ў нашых вёсках засталося гаспадароў.

А кепска тое, што на шляху да крэдыту выстаўлены рагаткі. Напрыклад, на крэдыт чалавек не можа купіць тэхніку, якая ўжо выкарыстоўвалася. Скажыце, а навошта на прысядзібных сотках новы трактар ці нейкі сур'ёзны сельгасагрэгат з крамы? А калі гаспадар вырашыў на крэдыт набыць цялушку ці казу ў чалавека са сваёй вёскі, то чаму ён не мае права на гэта? Чаму ён павінен шукаць нейкі сельгаскааператыў, каб набыць там жывёлу?

Эканомім на казе?Вырашылі даць людзям з падсобнымі гаспадаркамі льготныя крэдыты, то дайце. А інакш атрымліваецца як у былога прэзідэнта Польшчы. Паехаў аднойчы Лех Валенса на Захад па крэдыты, і нешта там у яго не склалася з адным прэм'ер-міністрам. Пачаў Валенса перад тэлекамерамі абурацца: "Калі ты даеш, то дай, а то як паненка — то яна дае, то не дае..."

Здавалася б, усё зроблена, каб гэтыя крэдыты працавалі ў інтарэсах дзяржавы. Людзі будуць купляць будматэрыялы, тэхніку айчыннай вытворчасці, жывёлу набываць у сельгаскааператывах, і грошы вяртаюцца дзяржаве. Памятаючы пра дзяржаву, мы забылі пра людзей, якія і складаюць гэтую дзяржаву.

У адным выпадку эканомім на казе, а ў другім — губляем трыльёны і не бядуем.

Калі б я пазычаў знаёмаму, напрыклад, 3 мільёны рублёў на тры гады, то абавязкова прывязаў бы гэтую суму да курса долара на цяперашні момант, каб вярнуць назад паўнавартасную суму.

А дзяржава дае людзям на будаўніцтва крэдыты на 20-40 гадоў пад мізэрныя працэнты і губляе на гэтым вялікія грошы. Калі я пра гэта сказаў супрацоўніку аднаго банка, то пачуў: "А хіба для людзей гэта кепска?" Добра для асобнага чалавека, які ўзяў крэдыт, а для фінансавай сістэмы, эканомікі краіны і грамадства ў цэлым?

А можа, я ў чымсьці памыляюся?

Сымон Свістуновіч.

←Старый друг лучше новых двух

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика