Адказваць за несправядлівую адсідку грамадзяніна за кратамі будзе толькі дзяржава?

Источник материала:  
10.02.2011 14:37 — Новости Общества

Адказваць за несправядлівую адсідку грамадзяніна за кратамі будзе толькі дзяржава?

Звязда
Незаконнае асуджэнне Леаніду Тарасенку прапанавалі кампенсаваць сумай у 42 мільёны беларускіх рублёў. А канкрэтных грамадзян, вінаватых у гэтым, так і не пакаралі.

Тым часам Генеральная пракуратура Беларусі настойвае на асуджэнні чалавека, які зрабіў на Тарасенку лжывы данос і даў хлуслівыя паказанні. Судовыя органы — супраць.

Кропку ў гучнай справе ў хуткім часе можа паставіць Прэзідыум Вярхоўнага суда.

Пра пакручасты лёс Леаніда Тарасенкі распавядалася не толькі на старонках "Звязды", але ў іншых аўтарытэтных выданнях. Справа разышлася па інфармацыйнай прасторы і стала па-сапраўднаму гучнай.

Адказваць за несправядлівую адсідку грамадзяніна за кратамі будзе толькі дзяржава?


Нагадаем, што ў снежні 2003 года ў дачыненні да мужчыны завялі крымінальную справу па артыкулах "хуліганства" і "нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў". Леаніда Віктаравіча абвінавацілі ў тым, што ён збіў рукамі і нагамі жыхара Бараўлянаў. З калоніі мужчына пачаў пісаць скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі — у пракуратуры ўсіх узроўняў, у суды, у Адміністрацыю Прэзідэнта, у парламент...

У выніку праз 14 месяцаў адсідкі мужчыну вызвалілі, а яшчэ праз нейкі час цалкам апраўдалі. Леанід Тарасенка: "Лічу, што кампенсацыю за маё незаконнае знаходжанне за кратамі павінна сплачваць не дзяржава, а канкрэтныя грамадзяне". Аказалася, што следчыя дзеянні ў дачыненні да Леаніда Тарасенкі былі праведзены несумленна (хоць службовая асоба, якая гэтым займалася, дагэтуль служыць у праваахоўных органах і займае высокую пасаду). Пералому вяртлужнай упадзіны ў лжэпацярпелага ад удараў рук і ног здарыцца не магло чыста фізічна. Больш за тое, стала вядома, што той самы "пацярпелы" сам справакаваў канфлікт, ударыўшы нагой па машыне Леаніда Тарасенкі і зрабіўшы ўвагнутасць на крыле "Фальксвагена". У 2007 годзе суд Мінскага раёна прызнаў "пацярпелага" вінаватым у гэтым правапарушэнні і пастанавіў выплаціць Леаніду Віктаравічу кампенсацыю.

За незаконнае асуджэнне Леаніда Тарасенкі Міністэрства юстыцыі абавязалі таксама выплаціць важкую кампенсацыю. Толькі сума за "маральныя страты" першапачаткова складала 10 мільёнаў рублёў. Ад гэтых грошай Леанід Віктаравіч адмовіўся і абскардзіў рашэнне суда. Было некалькі судовых разглядаў гэтага фінансавага пытання. У выніку Леаніду Віктаравічу прапанавалі каля 42 мільёнаў беларускіх рублёў (кампенсацыя маральных страт, пакрыццё зарплаты за час адсідкі і іншыя выдаткі).

Пазіцыі пракуратуры і суда кардынальна разыходзяцца

На гэтым справа не скончылася. Пракурорскія органы задаліся пытаннем: калі Леанід Тарасенка трапіў за краты несправядліва, то нехта ж у гэтым вінаваты? Лагічна, што нехта павінен за гэта адказаць.

У 2009 годзе пракуратура Мінскага раёна завяла крымінальную справу па артыкулах "загадзя лжывы данос" (артыкул 400, частка 2) і "загадзя лжывыя паказанні" (артыкул 401, частка 2). У здзяйсненні злачынства абвінавацілі таго самага "пацярпелага" — жыхара Бараўлянаў А., які, на думку следства, <І>"наўмысна, з мэтай зрабіць хлуслівы данос, звярнуўся да кіраўніка мясцовага следчага аддзела з хлуслівай заявай аб тым, што яго збіў Тарасенка" .

Тым не менш у маі 2010 года суд Дзяржынскага раёна нечакана апраўдаў грамадзяніна А. "за недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні злачынстваў".

Тады ж пракурор Мінскага раёна Эрнест Койра выступіў на старонках "Звязды":

— Я лічу, што гэты прысуд незаконны і мы працягнем яго апратэставанне. Мы ў гэтым непахісныя. Лічым, што віна абвінавачанага даведзена цалкам. Што ж атрымліваецца? Суд кажа, што адзін невінаваты і другі невінаваты. Любы звычайны чалавек разумее: нешта тут не так.

Услед за гэтай рэакцыяй касацыйны пратэст на рашэнне суда падрыхтаваў намеснік пракурора Дзяржынскага раёна. Аднак Калегія па крымінальных справах суда Мінскай вобласці пакінула прысуд без змен.

Пасля гэтага пратэст склаў Пракурор Мінскай вобласці Аляксандр Архіпаў, ужо ў Прэзідыум Мінскага абласнога суда.

"Судовыя пастановы па справе нельга прызнаваць законнымі і абгрунтаванымі, і яны падлягаюць адмене з прычыны неадпаведнасці высноў суда, выкладзеных у прысудзе, фактычным акалічнасцям справы і істотнага парушэння крымінальна-працэсуальнага закона, — значыцца у пратэсце. — Прашу прысуд суда Дзяржынскага раёна і пастанову Калегіі па крымінальных справах Мінскага абласнога суда адмяніць, справу накіраваць на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі".

Аднак і на гэты раз прысуд не быў зменены.

У выніку пратэст склала Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Зноў жа гісторыя паўтарылася: калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда пакінула пратэст без змен.

Такім чынам, лёс гучнай крымінальнай справы больш-менш праясніцца ў канцы лютага, калі чарговы пратэст Генпракуратуры разгледзіць Прэзідыум Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Гэта апошняя інстанцыя. Калі прысуд пакінуць без змен, то можна будзе сцвярджаць, што за несправядлівую адсідку Леаніда Тарасенкі расплацілася выключна дзяржава.

Р.S. Падчас падрыхтоўкі матэрыялаў аб лёсе Леаніда Тарасенкі мы прапанавалі выступіць на старонках "Звязды" і жыхару Бараўлянаў А., які, на думку пракуратуры, даваў хлуслівыя паказанні, і міліцэйскаму следчаму Р., які заводзіў крымінальную справу ў адносінах да Леаніда Віктаравіча. Абодва выказаць свой пункт гледжання адмовіліся.

Сам Леанід Тарасенка заўсёды ахвотна выступае на старонках прэсы:

— Я лічу, што кампенсацыю павінна сплачваць не дзяржава, а канкрэтныя людзі. Я спадзяюся, што і ў Вярхоўным судзе, і ў Генпракуратуры працуюць дасведчаныя чыноўнікі, якія паспрыяюць таму, каб вінаватых знайшлі і пакаралі.
←В Гомельской области после урагана предстоит восстановить кровли более ста объектов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика