Crashed Іce: экстрым па-беларуску
У Мінску завяршыўся адборачны турнір чэмпіянату свету па хуткасным спуску на каньках "Red Bull Crashed Іce 2011". Беларусь на ім будзе прадстаўлена ўпершыню. Наступны адборачны этап чэмпіянату пройдзе ў Маскве 26 лютага.
Гэтыя спаборніцтвы праходзяць па ўсім свеце з 2001 года і ўяўляюць сабой сумесь хакея, кросу і бегу з перашкодамі. Спартсмены стартуюць у поўнай хакейнай амуніцыі ў групах па чатыры чалавекі і спускаюцца па ледзяным жолабе з трамплінамі і паваротамі. Правілы простыя: хто першым даедзе да фінішу, той і пераможца. У адрозненні ад асноўных спаборніцтваў, якія ўваходзяць у праграму чэмпіянату свету "Red Bull Crashed Іce 2011", спаборніцтвы нацыянальных адборачных тураў праводзяцца на роўным лёдзе. Але драйву і эмоцый ў сталічным Палацы спорту хапіла і балельшчыкам, і ўдзельнікам.
Самым хуткім стаў 21-гадовы мінчанін Сяргей Громаў, дарэчы, аматар. У фінале ён перамог прафесійнага хакеіста Кірыла Нікуліна.
Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара.