Дрывотня

Источник материала:  

Невялічкая пабудова або навес, дзе складвалі дровы. Дровы — ссечаныя і распілаваныя часткі дрэў, якія выкарыстоўвалі дзеля таго, каб паліць у печы і саграваць хату.

 Нарыхтоўкай дроў звычайна займаліся мужчыны. Лічылася: у таго, хто раней за іншых раніцай трапіць у лес і ссячэ першае дрэва, "жыццё будзе цяплейшым і багацейшым".

 Час, на працягу якога займаліся нарыхтоўкай дроў, у народзе называлі дрывасекам. Пачыналіся "дрывасечныя тыдні" ў сакавіку-красавіку, а заканчваліся на Якава-дрывасека — ахоўніка дрывасекаў (22 кастрычніка).

 У некаторых мясцовасцях дровы нарыхтоўвалі талакой: у адзін дзень — для адной хаты, у другі — для наступнай, і так для ўсёй вёскі. Не забываліся і пра тыя падворкі, дзе жылі ўдовы і сіроты.

 На працягу года былі дні, калі забаранялася займацца нарыхтоўкай дроў: на Каляды, на Саракі, у Страсную пятніцу, у чацвер на Траецкім тыдні, у Градавую сераду, у нядзелю і святочныя дні.

 Забаранялася секчы дровы пасля заходу сонца.

 Дровы раілі нарыхтоўваць на збыце, бо казалі, што, нарыхтаваныя на поўню, яны хутка пагніюць.

 Забаранялася секчы ці складваць дровы на парозе хаты. Лічылася, што непаважлівае стаўленне да продкаў выклікае хваробы ці смерць сваякоў.

 На дровы бралі не ўсе дрэвы. Катэгарычна забаранялася секчы рабіну, бузіну, асіну, шыпшыну, вішню, а таксама дрэва, у якое трапіла маланка ці якое было вывернута з коранем падчас буры. Лічылася, што парушэнне гэтай забароны выкліча хваробу ці смерць кагосьці з жыхароў гэтай хаты.

 Калі мянялі месца жыхарства, то сярод рэчаў якія першымі ўносілі ў новую хату, павінны быць і дровы са старога падворка. Першы раз печ у новай хаце распальвалі менавіта гэтымі дровамі.

 Часам на вяселлі, сярод іншых іспытаў, жаніха прасілі пакалоць дровы, каб паказаць сваю спрытнасць і гаспадарлівасць.

 Па тым, як дровы гарэлі ў печы, прадказвалі надвор'е: гараць з трэскам — чакай маразоў; дрэнна распальваюцца, шыпяць, дымяць — чакай адлігі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Малы бізнэс — лакмусавая паперка для ўрада

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика