РОЗГАЛАС

Источник материала:  
За "геройства" плацяць штрафы?

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны мае намер выступіць з ініцыятывай увядзення адміністрацыйнай адказнасці для работнікаў, якія свядома грэбуюць тэхнікай бяспекі на вытворчасці. Аб гэтым карэспандэнту "Звязды" паведаміў кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Анатоль Садаўнічы.

Як сведчыць статыстыка, у параўнанні з 2009 годам летась у краіне адзначана павелічэнне колькасці выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным зыходам, пры гэтым аналіз падобных няшчасных здарэнняў паказаў: іх прычынамі ўсё часцей становяцца абыякавыя адносіны да ўласнай бяспекі з боку саміх работнікаў — гаворка аб парушэннях працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы. Змяніць гэты малюнак, лічаць у дэпартаменце, можа ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці ў адносінах да парушальнікаў.

Пры гэтым Анатоль Садаўнічы заўважыў: практыка выкарыстання мер адміністрацыйнай адказнасці ў адносінах да работнікаў, якія свядома ігнаруюць тэхніку бяспекі, існуе ў многіх краінах свету, і ў тым ліку — у Літве. Прычым жорсткія падыходы да нікому не патрэбнага "геройства" ў суседняй краіне прывялі да змяншэння паказчыкаў вытворчага траўматызму. Аналагічны прыклад можна "адшукаць" і ў Беларусі. У прыватнасці, пасля ўвядзення ў лютым мінулага года штрафаў за ўжыванне "моцных" напояў на працоўных месцах доля выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным зыходам у стане алкагольнага ап'янення ў нашай краіне зменшылася з 36,5 да 24,6 працэнта.

Сяргей ГРЫБ.   У ДТЗ загінулі дзед і ўнучка

Аўтамабіль, у якім яны ехалі, сутыкнуўся з аўтамабілем "Мерседэс", якім кіраваў 27-гадовы грамадзянін Расіі.

Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, здарэнне адбылося паблізу Барысава: кіроўца "Мерседэса" выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з "БМВ", за рулём якога знаходзіўся беспрацоўны мужчына. У выніку лабавога сутыкнення двух легкавых аўтамабіляў 27-гадовая пасажырка "Мерседэса" атрымала раненні і была змешчана ў бальніцу, а кіроўца "БМВ" і яго ўнучка 2005 года нараджэння, жыхары Капыля, загінулі.

 

Спрэчка з каханым стала ракавой?..

У Мінску ў нядзелю позна ўвечары звяла рахункі з жыццём 19-гадовая дзяўчына: як мяркуецца, на крайні крок яна рашылася з-за спрэчкі са сваім маладым чалавекам.

Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" старшы памочнік пракурора горада Мінска Сяргей Балашаў, яе цела было знойдзена ў пад'ездзе дома па вуліцы Мірашнічэнкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Дзяўчына скончыла жыццё самагубствам побач з кватэрай, у якой жыла разам са сваім сябрам. Усе акалічнасці гэтай справы зараз высвятляюць супрацоўнікі следчага аддзела сталічнай пракуратуры. Акрамя таго, вядзецца расследаванне здарэння, ахвярай якога стаў малады чалавек, на сталічнай вуліцы Беларуская ў мінулую суботу: ён скочыў уніз з агульнага балкона (на 15 паверсе) інтэрната і загінуў.

Ігар ГРЫШЫН.   "МАЗ" не ўпісаўся ў габарыты

У Гарадоцкім раёне ў выніку абрушэння даху тамбура малочнатаварнай фермы былі паранены вадзіцель і жанчына-брыгадзір.

Паводле звестак Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, у выхадны дзень каля дзесяці гадзін раніцы ў вёсцы Полава на грузавой машыне на ферму мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва прывезлі камбікорм. Заязджаючы, машына "не ўпісалася" ў габарыты спецыяльнага тамбура. У выніку грузавік зачапіў канструкцыю стольнага перакрыцця.

Дах абрынуўся. Жанчына ў гэты момант стаяла ў тамбуры. Пацярпелых дасталі з-пад абломкаў калегі. Параненыя былі шпіталізаваны ў Гарадоцкую цэнтральную раённую бальніцу.

Ніводная з 120 кароў, якія знаходзіліся на ферме, не пацярпела. Пашанцавала жывёлам у тым, што пад імі дах фермы толькі "з'ехаў", але цалкам не абрынуўся.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 

 

←«Говорите, министр слушает»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика