Начныя маразы да 24 градусаў чакаюцца ў гэтыя выхадныя
Паводле слоў начальніка аддзела метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людмілы Парашчук, над усходняй Атлантыкай зарадзіўся малады цыклон. Менавіта з ім будзе звязана штармавое надвор'е ў дзяржавах Усходняй Еўропы, у тым ліку і ў нашай краіне. Так, у аўторак на большай частцы тэрыторыі чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, заходні ўмераны, а раніцай і днём моцны парывісты, месцамі вельмі моцны парывісты. У многіх раёнах рэспублікі раніцай і днём 8 лютага чакаецца ўзмацненне ветру да 15—22 метраў у секунду, месцамі скорасць ветру дасягне 25—27 метраў у секунду. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад мінус 4 да плюс 2 градусаў. Днём прагназуецца 1—7 градусаў цяпла. У сераду Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам цыкланічнага віхру. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, магчымы завірухі. На дарогах захаваецца галалёдзіца. На значнай частцы прагназуецца моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.
У другой палове тыдня будзе халадаць. У чацвер месцамі пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 3—9 градусаў ніжэй за нуль, ноччу пры праясненнях будзе да 12 градусаў марозу. У пятніцу, 11 лютага, ноччу на паўднёва-заходняй палове, а днём на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, месцамі па поўдні — моцны снег. Днём прагназуецца завіруха, парывісты вецер. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад нуля градусаў па поўдні да 11 градусаў марозу па поўначы краіны. Ноччу ў паўночна-ўсходніх раёнах пры праясненнях чакаецца да мінус 13—18 градусаў.
Асабліва холадна будзе ў бліжэйшыя выхадныя: тэмпература паветра ў ноч на суботу складзе мінус 6—13, пры праясненнях панізіцца да мінус 15—20. Маразы ў ноч на нядзелю, 13 лютага, узмоцняцца да 10—17 градусаў, пры праясненнях будзе да 20—24 градусаў. Днём прагназуецца ад мінус 5 на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці да мінус 14 градусаў на паўночным усходзе Віцебскай і Магілёўскай абласцей.