Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: "Мы нічога не ўтойваем"

Источник материала:  
05.02.2011 12:52 — Новости Общества

Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: "Мы нічога не ўтойваем"

  • Надзея ДРЫЛА, фота аўтара, Звязда

Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: "Мы нічога не ўтойваем"Колькі чалавек з дыягназам "прамянёвая хвароба" жыве ў Беларусі? Наколькі бяспечна набываць прадукты харчавання, вырашчаныя ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях? На гэтыя і іншыя пытанні спецыяльнага карэспандэнта "Звязды" адказвае першы намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Анатоль ЗАГОРСКІ.

— Анатоль Васільевіч, наколькі я ведаю, вы непасрэдна прымалі ўдзел у эвакуацыі жыхароў з пацярпелых рэгіёнаў Магілёўшчыны. Ці лёгка была пераканаць людзей у неабходнасці пераезду?

— Прымусова эвакуіраваліся толькі жыхары з 30-кіламетровай зоны. За межамі гэтай зоны дзяржава кіравалася прынцыпам добраахвотнага перасялення. Мы заходзілі ў кожны дом, гаварылі з людзьмі, тлумачылі ім, якой рызыцы яны падвергнуць сваё здароўе, калі застануцца. У большасці сваёй людзі да нас прыслухоўваліся і выязджалі. Але, што ўтойваць, усякае было. Адчай, азлобленасць, слёзы тых, хто разумеў, што з'язджаць трэба, але так шкада было пакідаць нажытае гадамі. Той, хто цвёрда вырашыў застацца, безумоўна, заставаўся. Сёння на тэрыторыі, дзе шчыльнасць радыеактыўнага забруджвання перавышае 15 Кюры\кв.км, пражывае крыху больш як 130 чалавек. Гэтыя людзі не застаюцца без увагі медыцынскіх і гандлёвых арганізацый. У Дзяржпраграме па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ёсць раздзел, які прадугледжвае пагашэнне выдаткаў гандлёвых арганізацый на дастаўку прадуктаў харчавання ў такія населеныя пункты.

— Ці могуць зараз перасяленцы вярнуцца на сваю радзіму?

— Закон дазваляе гэта толькі ў адным выпадку: калі ёсць заключэнне медустановы аб тым, што прэтэндэнт па стане здароўя можа пражываць на тэрыторыі з высокай шчыльнасцю забруджвання. Акрамя таго, патрэбна станоўчае рашэнне мясцовага выканкама. Але такіх ахвотнікаў практычна няма. Насуперак чуткам аб масавым вяртанні людзей у зону адсялення, колькасць грамадзян, якія там пражываюць, пастаянна скарачаецца. У параўнанні з 2001 годам іх стала ў 6 разоў менш.

— Чула, што раней дзяржава за пражыванне і працу ў зоне радыеактыўнага забруджвання нават даплачвала.

— Не, зараз такога няма. Гэта было ў першыя гады пасля аварыі. У сярэдзіне 90-х сродкі, якія выдзяляліся на даплаты, па рашэнні дзяржавы пайшлі на ўдасканаленне медыцынскай базы і камунальнай гаспадаркі на забруджаных тэрыторыях.

— А што можаце сказаць пра тых людзей, якія па тых ці іншых прычынах нелегальна пранікаюць у зону?

— Нягледзячы на павелічэнне штрафных санкцый, тэрыторыя зон адчуджэння і адсялення застаецца прыцягальнай для парушальнікаў. Яны пранікаюць туды па розных прычынах. Некаму цікава паглядзець на пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы рэгіёны, другія прыходзяць туды пабраканьернічаць, трэція збіраюць там каляровы метал. Апошнім часам, каб папярэдзіць падобныя парушэнні, павялічылі колькасць міжведамасных рэйдавых мерапрыемстваў. Толькі за 2010 год сума штрафаў па адміністрацыйных пратаколах склала звыш 200 млн рублёў.

— Аднак інтарэс да зоны па-ранейшаму ёсць, і не толькі ў нашай краіне. Прынамсі, ва Украіне турфірмы ладзяць экскурсіі ў зону адсялення.

— У Беларусі гэтага няма. І я думаю, што гэта правільна. Нельга падвяргаць рызыцы здароўе людзей, якія не заўсёды ўсведамляюць усю небяспеку такога экстрыму.

— Колькі зараз людзей пакутуюць на прамянёвую хваробу? І якія яшчэ захворванні можна аднесці да тых, прычынай якіх стала катастрофа?

— У Беларусі зараз пражывае, па апошніх звестках, чалавек 8 з дыягназам "прамянёвая хвароба". Праўда, большасць з іх звязана з аварыямі на іншых ядзерных аб'ектах, атамных станцыях, падводных лодках. З наступствамі ж чарнобыльскай катастрофы, у першую чаргу, звязана анкалагічнае захворванне шчытападобнай залозы. Гэта прызнала сусветная арганізацыя аховы здароўя. Рост гэтых захворванняў быў зафіксаваны менавіта пасля катастрофы. Але зараз, паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, сітуацыя з захваральнасцю пацярпелага насельніцтва знаходзіцца ў межах сярэдніх рэспубліканскіх значэнняў. Што тычыцца іншых захворванняў, то вызначыць, якія з іх звязаны з катастрофай, а якія з іншымі неспрыяльнымі фактарамі, дакладна практычна немагчыма.

— Наколькі сёння моцна забруджаны сельгасугоддзі сёння? І ці ёсць верагоднасць таго, што ў 30-кіламетровай зоне будзе цалкам адноўлена сельгасвытворчасць?

— Зараз да зоны радыеактыўнага забруджвання аднесена больш за 1 млн гектараў сельгасугоддзяў і каля 1,5 млн гектараў лясных угоддзяў. Кожны ўчастак мае сваю ступень забруджанасці. Як вядома, найбольш пацярпелі ад катастрофы Гомельская, Магілёўская і Брэсцкая вобласці. Але і ў іншых абласцях нашай рэспублікі ёсць тэрыторыі са шчыльнасцю радыеактыўнага забруджвання вышэй 1 Кюры/кв. км. За той час, які прайшоў пасля катастрофы, дзякуючы распаду радыенуклідаў, забруджаная тэрыторыя скарацілася з 23 да 17 працэнтаў. Што тычыцца ўтрымання цэзію і стронцыю, якія ў нас вызначаюць радыяцыйнае становішча, то іх утрыманне ў глебе зменшылася недзе на 40 працэнтаў.

Што тычыцца 30-кіламетровай зоны, то нават у аддаленай перспектыве там не плануецца аднаўленне сельгасвытворчасці. У гэтай зоне радыяцыйнае становішча вызначае, акрамя радыенуклідаў цэзію і стронцыю, плутоній. А перыяд паўраспаду плутонію-239 складае 24 тысячы гадоў. Вось і лічыце, калі гэтая тэрыторыя будзе мець дааварыйны ўзровень па ўтрыманні радыенуклідаў чарнобыльскага паходжання.

— Анатоль Васільевіч, якім чынам на "бруднай" зямлі можна вырошчваць "чыстыя" прадукты харчавання?

— Сельскагаспадарчая вытворчасць актыўна і паспяхова вядзецца ў раёнах з забруджваннем тэрыторыі да 15 Кюры\1 кв.км. І ўсё дзякуючы ахоўным мерам, на якія выдзяляецца дастаткова шмат сродкаў з дзяржбюджэту. Яны накіроўваюцца, у асноўным, на закупку мінеральных угнаенняў, вапнаванне глебы.

Асабістым падсобным гаспадаркам дзяржава выдзяляе сродкі на стварэнне культурных кармавых угоддзяў. Гэта робіцца для таго, каб людзі не пасвілі сваю жывёлу на тых дзялянках, дзе гэта рабілі іх бацькі і дзяды. Такія меры прывялі да зніжэння ў 3 разы за апошнія 5 гадоў колькасці населеных пунктаў, у якіх рэгістравалася мінімум адна проба малака ў год з перавышэннем дапушчальных узроўняў. Гэтая работа будзе працягвацца і далей.

— На Камароўскім рынку не раз бачыла пакупнікоў з прыборамі вымярэння ўзроўню радыяцыі. Скажыце, наколькі бяспечна набываць прадукты харчавання, вырашчаныя ў Гомельскай, Магілёўскай абласцях?

— Магу сказаць з поўнай упэўненасцю, што "брудныя" прадукты харчавання на прылаўкі нашых крамаў з грамадскага сектара ніколі не трапяць. Бо ўся прадукцыя, вырабленая на забруджанай тэрыторыі, праходзіць надзвычай жорсткі кантроль. Сітуацыю па ўтрыманні радыенуклідаў у прадукцыі, прычым не толькі сельскагаспадарчай, у рэспубліцы адсочваюць каля 900 лабараторый.

Што тычыцца рынкаў, то туды прадукцыя трапляе, у асноўным, з прыватнага сектара. Калі вы сумняваецеся ў тым, што яна адпавядае нарматыўным патрабаванням, то маеце поўнае права праверыць яе ў службе радыяцыйнага кантролю, якая ёсць на кожным рынку. Альбо папрасіць у прадаўца сертыфікат, які сведчыць аб утрыманні радыенуклідаў і іншых шкодных рэчываў. Што тычыцца прыборчыка, з якім людзі прыходзяць на рынак, то ён не дае інфармацыю аб утрыманні радыенуклідаў у прадукцыі, а паказвае фон, які існуе ў цяперашні час. Апошні ж можа залежаць ад многіх фактараў.

— А што тычыцца людзей, якія прадаюць грыбы ды ягады ля дарогі?


— Сумненні могуць быць, калі вы набываеце грыбы ў Магілёўскай альбо Гомельскай вобласці. Але ж ніхто вам не забараняе, перад тым як ужываць набытае, заехаць у лабараторыю па месцы жыхарства і развеяць свае сумненні.

— А ці прымаў Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС удзел у выбары пляцоўкі пад будаўніцтва новай беларускай атамнай электрастанцыі?

— Не, нас да гэтага не прыцягвалі. Перад намі стаіць іншая задача. Мы займаліся і будзем працягваць займацца ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

— Ужо зацверджана Дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады. Раскажыце, калі ласка, аб задачах, якія стаяць на бліжэйшыя пяць гадоў? Чым новая праграма адрозніваецца ад ранейшай?

— Некаторыя спрабуюць разнесці чуткі, у тым ліку і пры дапамозе замежных СМІ, аб тым, што ў Беларусі ліквідацыі наступстваў аварыі з кожным годам дзяржава надзяляе ўсё менш увагі. Хачу абвергнуць гэтую інфармацыю. Аб'ём сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы на 2011-2015 гады, складае 6,8 трлн рублёў. Гэта ў два разы больш, чым выдзялялася на мінулую пяцігодку. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы недзе 50 працэнтаў сродкаў будуць накіраваны на сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў.

А задач (калі будзе жаданне, можаце азнаёміцца з праграмай на сайце Дэпартамента) стаіць вельмі шмат. Назаву толькі асобныя з іх. Гэта сацыяльная абарона грамадзян, ахоўныя меры ў сельскай гаспадарцы, стварэнне новых вытворчасцяў у пацярпелых рэгіёнах, дзе б выпускалася рэнтабельная прадукцыя.

— Анатоль Васільевіч, дзякуй за цікавую размову.

— І яшчэ. Карыстаючыся магчымасцю, я хачу абвергнуць міф, аб тым, што мы нешта недагаворваем. Паверце, ніякай сакрэтнай інфармацыі ў дзейнасці Дэпартамента няма. Той, хто цікавіцца, можа зайсці на наш сайт, там усё ёсць. Мы нічога не ўтойваем.

←Движение транспорта закрыто на участках улицы Тимирязева в Минске в связи с реконструкцией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика