Муз-news
Гэта цалкам верагодна, бо кампазіцыя нашых суайчыннікаў, кампазітара Яўгена Алейніка і паэткі Юліі Быкавай "Break іt up" прайшла ў Малдове ў фінал нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2011". Выконваць песню ўзяліся эстрадныя зоркі Барыс Коваль і Крысціна Краітору, бо, паводле ўмоў малдаўскага адбору, замежныя выканаўцы не маюць права ў ім удзельнічаць, а вось замежныя аўтары — колькі заўгодна.
"Гурт "Аўра", які я прадзюсірую і салісткай якога з'яўляецца Юлія Быкава, тройчы ўдзельнічаў у адборы на "Еўрабачанне" ад нашай краіны, — узгадвае Яўген Алейнік, — але штораз журы выносіла незразумелы для нас вердыкт: "Вы не можаце ўдзельнічаць у конкурсе". І гэта без ніякіх тлумачэнняў. Затое кожны раз песняй, якую мы прадстаўлялі на адборы, цікавіліся замежныя артысты — напрыклад, прадзюсар Робі Уільямса Гай Чэмберс упадабаў нашу кампазіцыю "Іt's lіke a raіnbow", якая беларускаму журы не спадабалася. Аб чым пасля гэтага можна гаварыць?".
Карацей, сямейны і творчы тандэм вырашыў слоў дарма не траціць, а прыступіў адразу да справы: напісаў песню і звязаўся з малдаўскімі выканаўцамі. Цяпер кампазіцыя "Break іt up" прэтэндуе на перамогу ў фінале нацыянальнага малдаўскага адбору, які адбудзецца 26 лютага. Пераможцу яго вызначаць сумесна прафесійнае журы і тэлегледачы.
Дзмітрый Калдун рушыць у ЕўропуГучных пракламацый спявак не робіць, аднак паціху рушыць у абраным накірунку. Так, нядаўна Дзмітрый Калдун прадставіў слухачам новую песню "Out Of The Blue", запісаную ў дуэце з галандскай спявачкай Жаклін, уладальніцай каларатурнага сапрана, якая ў дадатак да класікі любіць эксперыментаваць з папулярнай музыкай. Вынікі тых эксперыментаў, дарэчы, карыстаюцца папулярнасцю: летась песня "Flame", запісаная сумесна з ды-джэем Ронам ван дэр Бёкенам, заваявала першыя радкі хіт-параду Нідэрландаў.
Адметная дэталь: з прапановай супрацоўніцтва выступіў менавіта галандскі бок. "Калі Жаклін і яе прадзюсар Эрык Дзікеб выказалі прапанову, я згадзіўся, бо было вельмі цікава паўдзельнічаць у працэсе спалучэння двух зусім розных музычных накірункаў, — сцвярджае Дзмітрый Калдун. — Мне здаецца, што атрымалася выдатна".
Дуэтную кампазіцыю напісаў галандскі прадзюсар Маційс ван дэр Вен, а запіс адбываўся паралельна ў Нідэрландах і Расіі. Напрыканцы студзеня адбыліся таксама здымкі кліпа на песню, якая неўзабаве трапіць на еўрапейскія, расійскія і беларускія радыёстанцыі. Таксама песня патрапіць у другі сольны альбом выканаўцы. Выхад альбома запланаваны на вясну.
"Сярэбранае вяселле" дасць паслухаць сэрцаПрынамсі такую выснову можна зрабіць з назвы першага студыйнага альбома кабарэ-бэнда. Пласцінка называецца "Сардэчная мускулатура" і, як сцвярджаюць самі музыканты, з'яўляецца найбольш дакладнай кардыяграмай сэрцабіцця калектыву.
"Гэта пэўны музычны спектакль, які праходзіць па таемных кутках сэрца, — прадстаўляе альбом салістка і лідар гурта Бенька (Святлана Бень). — Гэта даследванне фізічнай і метафізічнай пабудовы сэрца праз песні, вершы, музычныя нумары і анатамічныя падрабязнасці. Кампазіцыі, якія ўвайшлі ў альбом, — маленькія гісторыі з жыцця людзей, птушак, сабак і выкінутых на сметніцу рэчаў; а па сутнасці, гісторыі пра чалавечае сэрца, заўжды крохкае, але на дзіва трывалае, поўнае ўспамінаў і спадзяванняў на цуд...".
Жывая прэзентацыя альбома ў Мінску адбылася ў апошнія дні студзеня ў межах некалькіх вялікіх двухактавых канцэртаў. Сам жа дыск ужо чакае меламанаў на паліцах музычных крамаў.
"Ляпіс Трубяцкі" стаў мультыканфесійнымКалектыў прадставіў публіцы сваю новую пенсю "Я веру", якая ўвойдзе ў новы альбом "Вясёлыя карцінкі" (яго рэліз прызначаны на 11 сакавіка). У прыпеве гэтай кампазіцыі ёсць такія словы: "Я веру ў Ісуса Хрыста, я веру ў Гаўтаму Буду, я веру ў прарока Мухамада...". Акрамя таго, у песні згадваюцца Крышна, Тор, Джа і яшчэ цэлы шэраг багоў розных эпох і кантынентаў.
"Усё, што датычыць рэлігіі, веры, у нас альбо абрастае патрыярхальным пафасам, альбо людзі пра гэта ўвогуле імкнуцца не гаварыць: аднекваюцца, аджартоўваюцца, хіхікаюць, — разважае лідар гурта Сяргей Міхалок. — Таму мне і захацелася зрабіць песню, прысвечаную гэтай складанай і нават, я б сказаў, далікатнай тэме. Прычым такую поп-песеньку, у зразумелым і даступным для ўсіх троххвілінным фармаце".
Дарэчы, з запускам новай песні гурт абвясціў для прыхільнікаў суперконкурс. Ахвотным прапануецца стварыць паводле песні "Я веру" візуальны матэрыял — фота, відэа, анімацыю, графіку, жывапіс або калаж. 10 фіналістаў, якіх абяруць удзельнікі гурта і прадстаўнікі каманды "Будзьма разам!", атрымаюць падарункі з аўтографамі, а таксама па два білеты на адзін з канцэртаў тура "Вясёлыя карцінкі". Галоўным жа прызам будзе паездка на прэзентацыю альбома ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці Мінск, прычым пераможцу аплацяць не толькі дарогу туды і назад з любога пункта СНД, але таксама пражыванне і VІP-квіток. Конкурсныя работы, аб'ём якіх не павінен перавышаць 25 Мб, прымаюцца да 25 лютага на адрас lyapіs@budzma.org з паметкай "Будзь свабодным!" (неабходна пазначыць таксама сваё імя, узрост, паштовы адрас і нумар мабільнага тэлефона).
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.