Вечары беларускай оперы і балета пройдуць ля сцен Нясвіжскага замка
Артысты беларускага Вялікага тэатра выступяць ля сцен Нясвіжскага замка ў канцы чэрвеня. Нагадаем, упершыню праект "Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў" быў рэалізаваны летам мінулага года.
— Прыблізна 1000 месцаў для гледачоў былі ўстаноўлены пад адкрытым небам ля сцен замка. Акустыка надзвычайная, ніводнага мікрафона не спатрэбілася, — расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка.
У праграму прэм'ерных вечароў увайшлі опера "Чужое багацце нікому не служыць", балет "Шапеніяна" і гала-канцэрт.
А ў Мінску летам Нацыянальны Вялікі тэатр оперы і балета плануе правесці першы форум балетнага майстэрства. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён будзе працягвацца каля двух тыдняў. Гледачы змогуць убачыць як беларускія спектаклі, так і замежныя пастаноўкі. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з трыма тэатрамі з Грузіі, Украіны, Расіі.
Ірына ЮДЗІНА,
"Мінск—Навіны".