Цяпло не ад лямпачкі. Сагравае спагадлівасць

Источник материала:  

У нумары "Звязды" ад 18 студзеня пад рубрыкай "Гарачы" тэлефон" мы змясцілі адказ на запыт мінчаніна пад назвай "Сінюю лямпу для прагравання ўжо не купіш". Як вынікае з загалоўка той публікацыі, на жаль, патрэбнае прыстасаванне, вядомае многім людзям сталага веку з савецкіх часоў (звычайная паўсфера з люстэркавай паверхняй, куды ўкручвалася звычайная лямпа напальвання сіняга колеру), у крамах медыцынскай тэхнікі ўжо не прадаецца. На змену яму прыйшлі іншыя, больш сучасныя прыборы для прагравання ў хатніх умовах.

Напачатку вернемся да згаданай заметкі. Нягледзячы на тое, што мы проста далі адказ на пытанне заяўніка і ніякіх заклікаў дапамагчы чалавеку ў вырашэнні яго праблемы не прагучала ні ад яго самога, ні ад рэдакцыі, прыемна, што сярод нашых чытачоў ёсць неабыякавыя людзі. Так, праз колькі часу звязацца са "Звяздой" не паленавалася жанчына — жыхарка Фрунзенскага раёна сталіцы. Яна абсалютна бясплатна прапанавала заяўніку забраць яе ўласную сінюю лямпу, што захавалася дома, — чытачка ёю не карыстаецца. Потым патэлефанаваў мужчына з Клецкага раёна — з той жа прапановай. "Калі чалавеку так патрэбна тая лямпа, няхай забірае ў мяне". Чытач сціпла дадаў, што аддасць прыстасаванне за любую сімвалічную суму, што прапануе яму наш першы заяўнік. Тэлефоны неабыякавых людзей, гатовых прыйсці на дапамогу незнаёмаму чалавеку, мы перадалі мінчаніну. А ад рэдакцыі хацелася б сказаць ім асобнае дзякуй. А цяпер — працяг тэмы.

Наш першы заяўнік шукаў само прыстасаванне для прагравання, якое мы і называлі "сіняй лямпай". А пасля публікацыі паступіла некалькі зваротаў адносна таго, ці можна да яго ў продажы знайсці ўласна лямпачкі напальвання сіняга колеру. Памятаеце, лямпы ж захаваліся ў многіх? Раней сінія лямпачкі можна было без праблем знайсці ў аддзелах электрабытавых прыбораў ці гаспадарчых тавараў крамаў. Аднак апошнім часам іх там не бывае. Ці вырабляюцца ў нас сінія лямпачкі, прасілі ўдакладніць чытачы.

Гэтае пытанне мы адрасавалі розным спецыялістам ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод". Вось што нам паведамілі. Так, калісьці даўно прадпрыемства вырабляла вышэйназваныя лямпачкі напальвання сіняга колеру, але — з прывазных колбаў. Нехта з работнікаў згадаў расійскую вытворчасць іх, хтосьці прыгадаў французскую. Трэба зазначыць, што колбы не пафарбаваныя, як нехта мог бы падумаць, а вырабленыя з сіняга шкла. Для гэтага патрэбная спецыяльная печ, якой на прадпрыемстве няма. Няма, відавочна, з-за таго, што аб'ёмы продажу такіх вырабаў былі адносна невялікімі, а выручалі замежныя пастаўкі. Хоць, заўважылі нам, гандаль раней сапраўды ахвотна браў лямпачкі сіняга колеру. Цяпер жа заявак на іх не паступае. А на складах прадпрыемства ўжо ніякіх рэшткаў колішніх запасаў не захавалася. І тут таксама варта сказаць пра спагадлівасць суразмоўцаў: даведаўшыся, у чым справа, некаторыя з іх, у каго дома яшчэ з тых далёкіх часоў выпадкова захавала лямпачка-другая, прапаноўвалі іх забраць тым, хто мае патрэбу. Вядома ж, па такую дробязь, няхай і патрэбную, ніхто са сталіцы ў Брэст не паедзе. Але ж ці ў гэтым справа? Вось так нечакана сіняя лямпачка з далёкага мінулага, можна сказаць, сагрэла — праз завочныя адносіны адзін да аднаго — у дні сённяшнім зусім не знаёмых паміж сабой людзей...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Исход зимы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика