Занатоўкі мастака

Источник материала:  
Стральцоў і Маякоўскі

У заснежаных і абледзянелых Карлавых Варах, стоячы каля бюста вялікага немца Гётэ, я згадаў верш беларуса Стральцова, які напісаў, што цвічок ва ўласным боце важнейшы за вершы Гётэ. Мне вельмі падабаўся вобраз цвічка ў боце, і я высока цаніў адкрыццё постмадэрніста Стральцова. Але постмадэрністы таму і "пост", што часта выкарыстоўваюць адкрыцці мадэрністаў. Адкрыццё зрабіў Маякоўскі ў паэме "Воблака ў портках", калі апісваў доктара Фаўста з магутным Мефістофелем, якія феерычна і ракетна слізгацяць па нябесным паркеце. Маякоўскі сказаў, што "цвік у мяне ў боце жахлівейшы, чым фантазія ў Гётэ". Зрэшты, не так і важна хто, што і калі сказаў, як важна тое, каб на тваіх нагах быў зручны абутак.

Чорная бародаўка

З'явілася ў мяне на правым плячы чорная, колеру запечанай крыві, бародаўка. Чым я яе толькі не зводзіў! Кожнаю вясну мазаў свежым сокам чыстацелу. Абвязваў ніткай. Нават з хірургам кансультаваўся. "Яна табе замінае? Яе не відаць, і яна табе не замінае ні хадзіць, ні есці, ні любіцца! Не чапай!" Доктару мая чорная бародаўка і сапраўды не замінала. А мне? А мне яна замінала, але я пабойваўся яе сарваць, бо з дзяцінства ведаю, што радзімак і бародавак лепш не чапаць. Ведаю, але чапаю. Часам, сам таго не хочучы, а ручніком так церанеш, што яна і надарвецца. Тыдні два таму я так і адарваў недзе на траціну сваю чорную бародаўку. Забалела мне моцна, а я яе ёдам абліў, а праз гадзіну яшчэ і сульфадэазінам срэбра памазаў. Ад такіх маніпуляцый пачала мая бародаўка сохнуць. Яна сохла, а я яе па кавалачку аддзіраў. Усю ададраў. След малінавы застаўся з чорнай кропачкай. Але, думаю, і ён хутка прападзе. Больш за сямнаццаць гадоў я пранасіў на сваім правым плячы чорную бародаўку, а прыйшоў час, і яна засохла ды адвалілася.

Інтэрнэтныя скавышы

У сеціве гуляюць проймы і скразнякі, скавышы ды вятры. Сеціва таму і сеціва, што прадзімаецца наскрозь. Апошнім часам беларускі рэгіён напоўніўся палітскавышамі ды палітскразнякамі. Мярзотная з'ява. Людзі праз іх хварэюць. Некаторыя хварэюць моцна, на ўсю галаву. Каб не хварэць, трэба загартоўвацца пад кантрасным душам з класічных тэкстаў ды найноўшых показак.

Кожух і карціны

"Не магу скончыць карціну! Замест таго, каб дапісваць старыя, я пачынаю пісаць новыя. Палова майстэрні пазастаўляна распачатымі палотнамі. Каб карціны купляліся, я б іх падапісваў, а так не бачу сэнсу..." Я не стаў пытацца ў Кожуха пра сэнс у распачынанні новых палотнаў. Слухаў далей. Ён вытрымаў паўзу: "А ты як дапісваеш карціны?" — "Не пачынаю новай, пакуль старая не скончана. Завяршаю працу самым банальным чынам — пакрываю палатно лакам. Фарба на лак не ляжа. Работа скончана!" — "Добра табе..." Я не стаў распавядаць Уладзіміру Кожуху пра свае папкі з незавершанымі малюнкамі ды недапісанымі эцюдамі на паперы, бо ён жа спытаў толькі пра карціны на палатне.

Валя і дзяльба

Валя памірала. Яна ляжала на нізенькай канапе, а побач на крэслах сядзелі заплаканыя пляменніцы. Муж смяротна хворай Валі спаў у суседнім пакоі п'яным сном. У Валі быў рак горла. Два разы хірургі спрабавалі павыразаць з яе горла пухліны з метастазамі, але абедзве аперацыі прынеслі вельмі кароткую палёгку. Цяпер у Валі засталіся адзін-два дні на развітанне са сваякамі. Хворая дастала з хованкі тоўсты пачак грошай і нямоглымі рукамі падзяліла фінансавы скарб сярод пляменніц. Сваіх дзяцей у Валі не было, таму маладым сваячкам дасталіся і ўсе пярсцёнкі з завушніцамі, і ўсе ланцужкі з бранзалетамі. Сваякам мужа Валя ні капейкі не дала.

Ле Карбюзье і тынкоўшчык

Шмат людзей любяць маскі і жывуць выдуманым жыццём. Яны прыдумляюць легенды і жывуць па легендах. Мой знаёмы тынкоўшчык кожнае лета ездзіў у Ялту, дзе знаёміўся з жанчынамі і казаў ім, што ён — знакаміты беларускі архітэктар. Калі нейкая з жанчын сумнявалася і задавала пытанні накшталт такога: "Няўжо ў архітэктара могуць быць такія шурпатыя далоні?" наш тынкоўшчык загадкава ўсміхаўся і казаў, што сам вялікі Ле Карбюзье любіў атынкоўваць свае будынкі, нават цэлы сабор у Раншане ён атынкаваў сам. Ялцінскія жанчыны мала што ведалі пра Ле Карбюзье, але ім хацелася верыць тынкоўшчыку, і яны яму верылі на кароткі час сваіх адпачынкаў.

Кузьміч і дзірка

Ювелір Кузьміч убачыў на сваім світары дзірачку. "Дзірка!" — сказаў Кузьміч так, нібыта гэта была не ледзь заўважная дзірачка на рукаве, а здаравенная дзірка на грудзях яго світара. "Дзірка! Я хаджу ў дзіравым світары! Усе бачаць, што ў мяне дзіравая вопратка. А ў мяне ёсць жонка, для якой я ўсё, што трэба, зрабіў! А яна не можа зацыраваць мой світар? Вярнуся і дам ёй за гэтую дзірку!" Я не стаў бараніць чужую жонку, але вырашыў, што так перажываць за дзірку ў світары, як перажывае паважаны ювелір, не трэба, нават калі гэтая дзірка ў тваім новым світары.

Вольга і дождж

Толькі я выйшаў на ганак, як пасыпаўся халодны дождж. Захацелася вярнуцца ў кватэрнае цяпло, але трэба было бегчы на працу. Пабег. Насустрач мне беглі людзі. Ім гэтаксама хацелася вярнуццца ў цяпло сваіх хатніх пакояў, але яны беглі на працу пад дробным дажджом. Побач са мной прабегла жанчына. Я здзівіўся, што яна бяжыць пад ледзяністым ветрам і дажджом без хусткі. Мне стала шкада жанчыну з мокрай галавою. Я бег і шкадаваў жанчыну. І тут я зразумеў, што выдатна ведаю жанчыну, што гэта ж Вольга. Трэба было спыніцца, развярнуцца і дагнаць Вольгу, каб сказаць... Што сказаць? Не трэба бегаць пад дажджом без хусткі? Яна дарослая. Вольга даўно вырасла і ўсё сама ведае: і пра хустку, і пра мокрую галаву пад ледзяным дажджом... Цяпер я зноўку ў цёплым пакоі, але мне ўсё яшчэ халодна.

Адам ГЛОБУС.

←Исход зимы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика