Лепшы інспектар краіны жыве ў Мядзелі

Источник материала:  

— 27 снежня 1997 года — добра помню гэту датую — з сябрам пайшлі ў лес па елку, — успамінае Юрый Вашкінэль, капітан, галоўны спецыяліст інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Мядзельскага РАНС. — Калі ішлі праз вёску, убачылі пажар. Мы кінуліся туды. Нехта з тых хто тушыў полымя, закрычаў: "Патрэбна сякера!". Я даў сваю...

У той раз я ўпершыню пабачыў пажарных у рабоце. Былі яны ў апаратах АСВ-2 (выкарыстоўваюцца для работы ў задымленых памяшканнях — Аўт.). Хлопцы працавалі хутка і зладжана. Таму і не паспеў агонь нарабіць вялікай шкоды: дом уцалеў амаль поўнасцю, маёмасць — таксама. Сказаць, што гаспадары былі шчыра ўдзячны выратавальнікам — нічога не сказаць. Вось тады я і захацеў стаць пажарным...

Пасля школы я паступіў у вышэйшае пажарнае вучылішча МУС РБ (пазней яно было рэарганізавана ў камандна-інжынерны інстытут МНС РБ. — Аўт.). Па размеркаванні вярнуўся на Мядзельшчыну. Працаваў інспектарам, старшым інспектарам. З 2008 года і па сённяшні дзень працую галоўным спецыялістам дзяржаўнага пажарнага нагляду Мядзельскага РАНС.

— Першыя сапраўды моцныя ўражанні ад сваёй прафесіі атрымаў у вучылішчы, — дзеліцца ўспамінамі выратавальнік. — Нас, яшчэ "зялёных", адправілі ў Новы Двор Мінскага раёна, дзе загарэўся цэх па вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў. Выехала восем чалавек на дзвюх машынах. Было гэта пад Новы год. Стаяў моцны мароз. А ён, як вядома, спрыяе распаўсюджванню агню... Мы выносілі з агню ўцалеўшыя лекі, з кацельні — дровы. Прыйшлося папацець. Але з пастаўленая задачай справіліся: тое, што можна было выратаваць, — выратавалі. За што ўсе і атрымалі нечарговы водпуск.

Нядаўна Юрый на рэспубліканскіх спаборніцтвах на званне "Лепшы дзяржаўны інспектар Рэспублікі Беларусь па пажарным наглядзе 2010 года" прадстаўляў сталічную вобласць і заняў пачэснае першае месца. Ён на выдатна прайшоў усе этапы конкурсу і паказаў па-сапраўднаму класныя вынікі. У такіх конкурсах, як правядзенне пажарна-тэхнічнага агляду ў рэжыме віртуальнага мадэліравання аб'екта з выкарыстаннем камп'ютара, камп'ютарнае тэсціраванне, правядзенне праверак па фактах пажараў і злачынстваў, звязаных з імі, пакінуў усіх сваіх супернікаў "за бортам". За што і атрымаў "залаты" медаль і прыз з рук генерал-маёра Валянціна Уладзіміравіча Карпіцкага, першага намесніка міністра МНС.

Сціплы выратавальнік не стаў "хваліцца", што хутка атрымае званне "маёр", — аб гэтым расказалі калегі. Сам Юра больш любіць гаварыць пра сям'ю. У яго пяцігадовая дачка Яначка і сын Ілюша, якому тры з паловай гады. Сын дома тушыць прыдуманыя пажары, але марыць стаць артыстам. У перапынках паміж рамонтам, які выратавальнік робіць у новай кватэры, ён з жонкай Веранікай гуляюць з дзецьмі. Аб тым, ці хоча пажарны, каб яны пайшлі па яго "слядах", яшчэ не думаў. Толькі гаворыць: "Няхай падрастуць, а там паглядзім".

Падчас нашай размовы Юрын мабільнік літаральна "разрываўся" ад званкоў: гэта сябры і калегі віншавалі са званнем "Лепшы інспектар краіны". І мы таксама далучаемся — так трымаць!

Аляксандр СЯНЮЦЬ.

←Исход зимы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика