"Каб забяспечыць пуцёўкамі ў санаторыі ўсе заявы дзяцей з чарнобыльскай зоны, дадаткова неабходна каля 30 млрд рублёў"

Источник материала:  

Аб гэтым паведаміў на пасяджэнні, прысвечаным падвядзенню вынікаў выканання Дзяржаўнай праграмы пераадолення наступстваў катастрофы за мінулую пяцігодку, начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Уладзімір ЧЭРНІКАЎ.

Паводле яго слоў, за пяць гадоў было асвоена 3,6 трлн. рублёў (116 % ад прадугледжаных у Дзяржпраграме аб'ёмаў). Частка гэтых сродкаў пайшла на мэтавыя мерапрыемствы, у тым ліку і на ахоўныя меры ў сельскай гаспадарцы, другая — на сацыяльную ахову пацярпелых ад катастрофы грамадзян.

— Важным складнікам захавання здароўя грамадзян з'яўляецца іх санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, — адзначыў начальнік Дэпартамента. — Штогод павялічваецца колькасць дзяцей, якія накіроўваюцца на санаторна-курортнае аздараўленне і лячэнне за кошт бюджэтных сродкаў. Калі ў 2006 годзе было аздароўлена 53,8 % дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, то ў 2010 — 66,8%. У той жа час праведзенае ў кастрычніку-лістападзе мінулага года апытанне бацькоў паказала, што выехаць на аздараўленне хацелі 72 % дзяцей.

Асноўныя праблемы тут былі зняты. У прыватнасці, летась дазволілі бясплатны праезд дзяцей на аздараўленне, забяспечылі льготнымі пуцёўкамі бацькоў, якія суправаджаюць дашкольнікаў, расшырылі пералік медыцынскіх працэдур па пуцёўках на аздараўленне. Але ўзнікла новая праблема.

— Аб'ём выдзеленых сродкаў на 2011 год не дазваляе забяспечыць пуцёўкамі ўсіх дзяцей, — паведаміў Уладзімір Чэрнікаў. — Дадаткова неабходна каля 30 млрд рублёў. У сувязі з гэтым рэспубліканскі цэнтр павінен настойліва дабівацца павелічэння фінансавання, бо для 159 тысяч дзяцей, якія хочуць паправіць здароўе, куплена толькі 102 тысячы пуцёвак. Дэпартамент таксама не застанецца ўбаку і акажа цэнтру неабходную дапамогу.

Ёсць незадаволеныя і якасцю аздараўлення і лячэння. Асабліва шмат прэтэнзій, паводле слоў Уладзіміра Чэрнікава, у грамадзян, якія жывуць у пацярпелых раёнах Магілёўскай вобласці. "Бацькі скардзяцца, што з года ў год дзяцей накіроўваюць у адны і тыя ж непрыстасаваныя санаторыі, дзе няма патрэбных умоў. Гэта, напрыклад, санаторый "Сосны" і імя Леніна. Але, нягледзячы на гэта, цэнтр з маўклівай згоды аблвыканкама працягвае закупляць там пуцёўкі за кошт чарнобыльскіх сродкаў. Па гэтай прычыне ў Слаўгарадскім і ў Быхаўскім раёнах больш за 40 % дзяцей адмаўляецца ад бясплатнага аздараўлення. Аналагічная сітуацыя з аздараўленнем дзяцей у міжсезонне ў Сочы, Туапсэ і Крыме. Паколькі дарослыя ў гэты перыяд туды не едуць, функцыянаванне ўстаноў забяспечваецца за кошт пацярпелых ад катастрофы дзяцей. Прашу Міністэрства аховы здароўя даць заключэнне аб мэтазгоднасці такога аздараўлення, асабліва з улікам таго, што кошт яго ў два разы перавышае кошт аздараўлення ў рэспубліцы".

Усе школьнікі, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, забяспечваюцца бясплатным гарачым харчаваннем. З гэтага вучэбнага года такая льгота прадастаўляецца і дзецям, якія наведваюць школы на забруджанай тэрыторыі, але пражываюць у "чыстых" населеных пунктах.

— Кантралюючыя органы неаднаразова фіксавалі недахопы па якасці харчавання школьнікаў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, — падкрэсліў начальнік Дэпартамента. — Дзясяткі работнікаў панеслі за гэта пакаранне. Але разам з суб'ектыўнымі прычынамі гэтай з'явы ёсць і аб'ектыўныя. Адна з іх — зношванне тэхналагічнага абсталявання школьных сталовых. Сёння ў рэспубліцы да 14 % тэхналагічнага абсталявання патрабуюць замены. А ў Буда-Кашалёўскім і Веткаўскім раёнах сітуацыя адна з самых вострых: там трэба замяніць адпаведна 40 % і 44 % абсталявання. Каб паскорыць рашэнне гэтай праблемы, частка абсталявання для школьных сталовых будзе куплена за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Але гэта не здымае адказнасці з мясцовых органаў улады, якія на акрэсленую праблему чамусьці не звяртаюць патрэбнай увагі.

У мінулую пяцігодку значныя сродкі былі накіраваны і на паляпшэнне кадравага забеспячэння прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на забруджаных тэрыторыях.

— Найбольш хуткімі тэмпамі паляпшаецца сітуацыя ў Гомельскай вобласці, дзе за мінулы год дэфіцыт урачоў зменшыўся амаль у два разы, — адзначыў Уладзімір Чэрнікаў. — У той жа час у шэрагу раёнаў іх па-ранейшаму не хапае. А ў Быхаўскім і Чавускім раёнах іх стала менш, чым год таму. Са свайго боку Дэпартамент будзе падтрымліваць будаўніцтва жылля для спецыялістаў у пацярпелых рэгіёнах за кошт чарнобыльскіх сродкаў. Але, як паказвае практыка, наяўнасць жылля не выратоўвае сітуацыю. Трэба каб і Міністэрства аховы здароўя, і мясцовыя органы ўлады паклапаціліся аб умовах працы і адпачынку, дастойным узроўні зарплаты, наяўнасці ў раёне дзіцячых садкоў, школ, крамаў, спартыўных і культурных устаноў.

Пры ўдзеле Дэпартамента распрацавана і зацверджана Дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011—2015 гады. Падрабязней аб задачах, якія стаяць на бліжэйшыя пяць гадоў, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў у эксклюзіўным інтэрв'ю з першым намеснікам начальніка Дэпартамента ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Анатолем ЗАГОРСКІМ.

Надзея ДРЫЛА.

←Исход зимы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика