У Беларусі будуць праіндэксаваны дзіцячыя дапамогі і некаторыя віды пенсій
Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, зацверджаны новыя памеры бюджэтаў пражытковага мінімуму ў цэнах снежня. У прыватнасці, з пачатку лютага "сярэдні" БПМ на кожнага члена сям'і з 4 чалавек складае 296.870 рублёў — гэта на 4,9 працэнта перавышае паказчык папярэдняга квартала.
Адпаведна, з 1 лютага права на штомесячную адрасную сацыяльную дапамогу могуць атрымаць сем'і, дзе даход на кожнага чалавека не перавышае тыя ж 296.870 рублёў. Разліковая гранічная "планка" даходаў для прызначэння аднаразовай адраснай дапамогі вызначана ў 445.305 рублёў.
Як заўважылі ў міністэрстве, у сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму будзе праведзена індэксацыя выплат на дзяцей. Цяпер штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў вызначана ў 296.870 рублёў. Памер аднаразовай заахвочвальнай дапамогі маці, якія сталі на ўлік у жаночай кансультацыі да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складае таксама 296.870 руб., аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці — 1 484.350 руб., а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 2 078.090 рублёў.
Плюс да таго пасля змянення БПМ праводзіцца пераразлік мінімальных, сацыяльных пенсій, а таксама надбавак і павышэнняў. Іх рост складзе 3,8—4,9 працэнта. У прыватнасці, новы памер мінімальнай пенсіі па ўзросце з даплатай будзе адпавядаць 268.110, а сярэдні памер сацыяльнай пенсіі — 253.640 рублям.
Сяргей ГРЫБ.