Актыўнасць вострых рэспіраторных інфекцый нарастае
Як паведаміла ўчора прэс-служба Міністэрства аховы здароўя нашай краіны, паказчык захваральнасці насельніцтва вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі перавышае разліковы эпідэмічны ўзровень у 12 кантрольных гарадах: Брэсце, Баранавічах, Пінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Мазыры, Барысаве, Маладзечне, Магілёве, Бабруйску і ў Мінску. За апошні тыдзень (з 24 па 30 студзеня) паказчык захваральнасці павялічыўся ў кантрольных гарадах на 37,5 працэнта ў параўнанні з папярэднім тыднем: сярод дзіцячага насельніцтва — на 42,7 працэнта і сярод дарослых — на 28,6 працэнта. Самы высокі прырост захваральнасці назіраецца ва ўзроставай групе ад 5 да 14 гадоў — на 59,8 працэнта, у сувязі з чым эпідэміёлагі нагадваюць бацькам, што дзеці з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі абавязкова павінны заставацца дома і не наведваць дашкольныя ўстановы і школы.
З мэтай спынення далейшага распаўсюджвання вострых вірусных інфекцый па стане на 31 студзеня быў спынены вучэбны працэс у 11 школах (10 з іх размешчаны на тэрыторыі Віцебскай вобласці і адна — у Гродзенскай). Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала галоўным дзяржаўным санітарным урачам абласцей і горада Мінска на тэрыторыях з высокай інтэнсіўнасцю эпідэмічнага працэсу ўносіць у мясцовыя органы ўлады абгрунтаваныя прапановы па ўвядзенні на адміністрацыйных тэрыторыях ці асобных аб'ектах комплексу проціэпідэмічных мерапрыемстваў.
Паводле інфармацыі прэс-службы, у Еўропе таксама працягваецца паступовы рост актыўнасці грыпу і ВРВІ. Грып распаўсюджваецца з захаду на ўсход. У Ірландыі, Іспаніі і Англіі актыўнасць грыпу дасягнула пікавых значэнняў. У маштабе еўрапейскага рэгіёна па-ранейшаму дамінуе вірус пандэмічнага грыпу А (H1N1) узору 2009 года, аднак у 13 краінах адзначаецца дамінаванне сезонных вірусаў грыпу А і В. У Расійскай Федэрацыі эпідэмічны парог перавышаны ў 19 гарадах. Атрыманая інфармацыя сведчыць аб эпідэміі ў нашых суседзяў грыпу змешанай этыялогіі з пераважаннем пандэмічнага штаму віруса А (H1N1) і В.
Ва Украіне ў цэлым рост захваральнасці грыпам і ВРВІ не назіраецца, выключэнне складае толькі Данецк. У якасці этыялагічнага агента па-ранейшаму пераважае грып В, хоць пачасціліся і выпадкі выяўлення пандэмічнага штаму грыпу.
Надзея НІКАЛАЕВА.