Дух рэканструкцыі на "Беларусьфільме"

Источник материала:  

Пошук шляхоў да "Оскара"

Доўгачаканая рэканструкцыя на "Беларусьфільме" спакваля пачынаецца. Будынак кінастудыі насамрэч даўно прыспеў час абнавіць. Разам з будаўнічай рэканструкцыяй на студыі адбываюцца і іншыя змены. Нагадаю, што імя новага генеральнага дырэктара "Беларусьфільма" пакуль так і не стала вядома.

Сёння студыя ўпарта змагаецца са сваім неадназначным іміджам: у народзе "Беларусьфільм" даўно перастаў асацыявацца з добрым кіно. Што вельмі несправядліва — у гэтым перакананая Наталля Сцяжко, галоўны рэдактар "Беларусьфільма". Яна распавядае пра надзеі, амбіцыі і планы Нацыянальнай кінастудыі:

— Алена Турава амаль скончыла працу над дзіцячым фільмам "Рыжык". Гэта будзе вельмі цікавы фільм, — лічыць Наталля Сцяжко. — З 3D-графікай і вялікай колькасцю музыкі, якую напісала сама рэжысёр. Скончаны 8-серыйны фільм Аляксандра Яфрэмава "Немец", які "Беларусьфільм" рабіў сумесна з расійскай кінакампаніяй "АртСінемаГруп". У аснове сцэнара фільма — пошук крыжа Еўфрасінні Полацкай. Яшчэ адзін цікавы праект — карціна Рэнаты Грыцковай "Ціхі цэнтр" паводле кнігі Тамары Лісіцкай — таксама хутка ўбачаць гледачы. Сама пісьменніца проста ў захапленні ад выніку. У фільме Мінск паўстае ў самых нечаканых новых ракурсах і вобразах. Спадзяюся, гледачу спадабаецца і яшчэ адна наша новая карціна — "На раздарожжы" рэжысёра Віталя Дудзіна. Карціна прысвечана вельмі актуальнай для сучаснай беларускай моладзі тэме — дзяўчына з горада паехала па размеркаванні на вёску. Уладкавалася гандляваць у аўтакраму і закахалася ў кіроўцу... Беларускамоўны фільм "Талаш", у аснове якога ляжыць раман "Дрыгва" Якуба Коласа, цяпер знаходзіцца ў здымачным перыядзе.

Галоўны рэдактар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" паведаміла таксама, што велізарны праект Артура Клінава і Андрэя Кудзіненкі "Шляхціч Завальня" паводле Яна Баршчэўскага ўсё яшчэ знаходзіцца ў "замарожаным" стане, бо кінастудыя пакуль не можа ажыццявіць такі дарагі фільм. Цяпер адбываюцца працы па скарачэнні і патанненні сцэнара, ідзе пошук фінансавых партнёраў.

Да фільма "Каласы пад сярпом тваім", які "замовіў" асабіста міністр культуры Павел Латушка, рэжысёр Мікалай Пінігін, згодна з дамоўленасцю, прыступіць напрыканцы года. Працягваецца актыўная праца над фільмам "Купала. Лёс песняра", ідэю якога таксама падаў міністр культуры.

— Мы такія адшукалі факты пра нашага паэта! — сцвярджае Наталля Сцяжко. — Мы нічога яшчэ не ведаем пра нашу гісторыю і культуру! Я перакананая: калі кінастудыя мае ў сваёй назве слова "нацыянальная", то мы абавязаны аддаваць першасную ўвагу менавіта нацыянальнай тэматыцы. Хаця часта даводзіцца чуць ад некаторых, маўляў, каму гэта трэба, хто гэта будзе глядзець...

Вельмі амбітны праект, магчыма, распачнецца на "Беларусьфільме" дзякуючы Аляксандру Міхневічу, паслу Беларусі ў Вялікабрытаніі. Наталля Сцяжко асабіста лятала ў Лондан для абмеркавання праекта і сустрэчы з зацікаўленым прадзюсарам. Гэта мусіць быць фільм пра вядомага ўраджэнца Беларусі, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё сусветнай гісторыі і культуры.

Таксама кінастудыя выкупіла правы на экранізацыю рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі" ў пляменніцы пісьменніка Алены Сінькевіч. Ідэя новай экранізацыі славутага твора належыць старшыні ТРА Саюзнай дзяржавы Ігару Угольнікаву. Цяпер гэты фільм, па словах Наталлі Сцяжко, вельмі хоча рабіць рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

— Украінскі тэлеканал ІНТЭР з задавальненнем бярэ ўсе нашы фільмы! — распавядае галоўны рэдактар кінастудыі. — Яны лічаць, што нашы карціны нашмат лепшыя нават за расійскія. Так што, беларускае кіно мае станоўчую рэпутацыю. Хаця пакуль што ў нас няма шляхоў, якія прывялі б нас да намінацыі на "Оскар".

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика