Экзамены ў гімназіі стануць больш аб'ектыўнымі і празрыстымі

Источник материала:  

Не сакрэт, што многія з бацькоў лічаць паступленне свайго дзіцяці ў гімназію залогам яго паспяховай будучыні. І хоць непасрэдна гімназічная адукацыя пачынаецца толькі з пятага класа, тым не менш бацькі спрабуюць уладкаваць сваё дзіця ў першы клас абавязкова пры гімназіі: маўляў, так праз чатыры гады яму прасцей будзе стаць гімназістам. Не выключана, што раней такія захады з боку бацькоў не былі пазбаўлены сэнсу, ва ўсялякім разе ў 2010 годзе конкурс у асобныя гімназіі ў нашай краіне складаў усяго 1—1,1 чалавека на месца. Ці варта казаць, што пры такім "раскладзе" працэдура ўступных іспытаў ператваралася фактычна ва ўмоўнасць. А сярод новаспечаных гімназістаў абсалютная большасць з'яўляліся выпускнікамі пачатковай школы пры той жа навучальнай установе.

Дарэчы, у мінулым годзе Адміністрацыяй Прэзідэнта праводзіўся маніторынг уступных выпрабаванняў у некаторых сталічных гімназіях, падчас якога было выяўлена мноства праблемных момантаў, характэрных не толькі для Мінска. Была таксама створана камісія пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, акадэміка Анатоля Рубінава, галоўная місія якой заключалася ў вывучэнні ўсіх бакоў функцыянавання гімназій на працягу навучальнага года. Падкрэслівалася, што эфектыўнасць дзейнасці гімназій залежыць ад многіх фактараў: ад арганізацыі ўступных іспытаў, парадку зацвярджэння кантрольных лічбаў прыёму, захавання канфідэнцыяльнасці экзаменацыйных матэрыялаў, аб'ектыўнасці і празрыстасці пры арганізацыі саміх выпрабаванняў, захавання адзінага падыходу да ацэньвання работ на ўступных іспытах...

А нядаўна стала вядома, што ўмовы паступлення ў гімназіі былі зменены. У прыватнасці, пачынаючы з гэтага года, прыём у гімназію будзе ажыццяўляцца як на аснове вынікаў уступных іспытаў, так і з улікам гадавых адзнак за чацвёрты клас па тых вучэбных прадметах, па якіх праводзяцца экзамены. Будучым гімназістам прыйдзецца выконваць кантрольную работу па матэматыцы і пісаць дыктоўку па беларускай і рускай мовах. Такім чынам максімальная сума балаў, якую зможа набраць вучань пры паступленні, складае 60. У Міністэрстве адукацыі ўпэўненыя, што залічэнне ў гімназію з улікам гадавых адзнак узмоцніць увагу да ўсяго адукацыйнага працэсу, а не толькі да саміх уступных выпрабаванняў. Да таго ж, чым большая колькасць адзнак, тым меншая верагоднасць у прэтэндэнтаў на званне гімназіста набраць аднолькавую колькасць балаў. Нагадаем, што раней залічэнне ў гімназіі ажыццяўлялася толькі па выніках экзаменацыйных адзнак.

Ёсць і яшчэ адно істотнае дапаўненне. Калі раней заданні для ўступных іспытаў рыхтаваліся спецыялістамі ўпраўленняў адукацыі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, то цяпер усё пройдзе цэнтралізавана пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. Зборнікі дыктовак па рускай і беларускай мове і зборнік кантрольных работ па матэматыцы будуць выдадзены і дастаўлены ва ўстановы адукацыі ўжо ў сакавіку. З гэтых зборнікаў і будуць падбірацца тэксты па мовах, а таксама заданні па матэматыцы. А на ўпраўленні і раённыя аддзелы адукацыі будзе ўскладзена задача па захаванні канфідэнцыяльнасці заданняў пры захоўванні і дастаўцы пакетаў з варыянтамі заданняў.

Кантрольныя лічбы прыёму ў гімназіі будуць зацвярджацца на пасяджэннях выканкамаў да 10 красавіка, прычым па кожнай канкрэтнай гімназіі, і змяняць іх падчас уступных іспытаў будзе забаронена. Трэба мець на ўвазе, што, згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, напаўняльнасць у 5—11-х класах гімназій, гімназій-інтэрнатаў, гімназій-каледжаў мастацтваў не павінна перавышаць 20 навучэнцаў .

Міністэрства адукацыі накіравала ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў і Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама ліст, у якім указала на недапушчэнне ўключэння ў прыёмныя камісіі настаўнікаў, якія працуюць у платных гуртках ці групах па падрыхтоўцы да паступлення ў гімназіі, а таксама настаўнікаў, якія працуюць у чацвёртых класах. Да таго ж Міністэрства адукацыі не рэкамендуе стварэнне спецыяльных курсаў для падрыхтоўкі дзяцей да паступлення ў гімназію. "Так званыя "школы падрыхтоўкі да паступлення ў гімназію" прыводзяць да неабгрунтаванага ажыятажу сярод бацькоў, а вучыць дзяцей трэба якасна перш за ўсё на ўроках", — упэўнены намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно.

У Міністэрстве адукацыі запэўніваюць, што ўсе навучэнцы пачатковых школ навучаюцца па Адзіным тыпавым вучэбным плане, адзіных вучэбны праграмах, у тым ліку і на факультатыўных занятках. Такім чынам да заканчэння чацвёртага класа навучэнцы пачатковых класаў, якія функцыянуюць як пры школах, так і пры гімназіях, атрымліваюць аднолькавы ўзровень падрыхтоўкі. А гэта азначае, што ў іх ва ўсіх — аднолькавыя стартавыя магчымасці пры паступленні ў гімназію.

Застаецца дадаць, што на сёння ў Беларусі функцыянуюць 212 гімназій (гэта 6 працэнтаў ад агульнай колькасці агульнаадукацыйных устаноў): 24 гімназіі — у Брэсцкай вобласці, 25 — у Віцебскай, 31 — у Гомельскай, 35 — у Гродзенскай, 36 — у Мінскай, 20 — у Магілёўскай і 41 — у Мінску.

Надзея НІКАЛАЕВА.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика