Калодзеж

Источник материала:  

Часцей за ўсё калодзеж капалі на тэрыторыі сваёй гаспадаркі, але бывала і так, што з аднаго калодзежа ваду брала ўся вёска. Калі пры хаце быў свой калодзеж, імкнуліся не піць ваду з чужога: лічылі, што тады "свая вада не пацячэ". Калодзеж успрымаўся ў народнай культуры як памежная прастора — канал сувязі з іншым светам. Шэраг казак пачынаецца з таго, што дзяўчына ўпусціла вядро ў калодзеж і прыйшлося ёй ісці шукаць сваю рэч у "тым свеце".

 Калі бралі ваду з калодзежа, катэгарычна забаранялася выліваць яе назад. Такія дзеянні тлумачыліся тым, што "адтуль" на нас глядзяць продкі.

 Пры будаўніцтве калодзежа ўлічвалі шэраг фактараў, выбіралі найбольш спрыяльны час. Звычайна пачатак работ прымяркоўвалі да маладзіка, раніцы. Такую справу не даручалі тым, за кім замацавалася кепская слава.

 Першую зямлю на месцы будучага калодзежа неабходна было выбраць у выглядзе крыжа. Затым у цэнтр крыжа (радзей — круга) вылівалі асвячоную на Хрышчэнне ваду і чыталі замовы. Таму, хто капаў зямлю, дарылі новую кашулю ці кавалак палатна, а ў калодзеж кідалі манеты.

 Першай вадой паілі ўсіх членаў сям'і, хатнюю жывёлу і птушку. Сачылі за тым, каб яе не выпіў хто-небудзь іншы і не забраў здароўе сям'і, дабрабыт.

 З прыходам хрысціянства выкарыстоўваць ваду з новага калодзежа можна было толькі пасля яе асвячэння.

 Чысціць калодзеж дазвалялася ў пэўныя дні года. Самым спрыяльным для гэтага днём быў пярэдадзень Івана Купалы: лічылася, што пасля гэтага вада ў калодзежы будзе асабліва карыснай і "здаровай". У паўночных рэгіёнах лічылі, што калодзеж неабходна чысціць перад Вялікаднем. Спрыяльным часам для гэтага лічыўся дзень святкавання Успення Багародзіцы — 28 жніўня. Забаранялася чысціць калодзежы пасля Узвіжання (27 верасня). Па ўяўленнях продкаў ластаўкі, каб перазімаваць, хаваюцца ў калодзежы ў міфічнай краіне Ірый (вырай).

 Забаранялася браць ваду, асабліва ў дні вялікіх свят, чужым людзям — каб не перадаць ім дабрабыт. Забаранялася хадзіць да калодзежа цяжарнай жанчыне, на працягу 40 дзён пасля родаў. Калі гэтая забарона парушалася, жанчына кідала ў калодзеж некалькі драбінак солі, каб вада не "сапсавалася". Забаранялася браць ваду з калодзежа ў дзень Благавешчання да ўзыходу сонца і раніцай на Юр'я, калі зямля "адпускае" атруту і робіць юраўскую расу атрутнай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Реквием по солдатам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика