Галоўны спецыяліст па "вачах"

Источник материала:  

У яго слоўніку зафіксавана каля тысячы эпітэтаў да гэтага назоўніка

Днямі пісьменніку Міхасю Пазнякову, лаўрэату некалькіх літаратурных прэмій, выдатніку друку Беларусі споўнілася 60 гадоў. Паэт распавёў "Звяздзе" пра свой шлях ад навукі да літаратуры і пра тое, як любоў да Багдановіча перамагла.

Большасці з нас Міхась Пазнякоў вядомы як дзіцячы паэт, перакладчык "Дон Кіхота" Сервантэса на беларускую мову (праўда, праз рускую) і аўтар першага слоўніка беларускіх эпітэтаў. Усё жыццё Міхасю Паўлавічу шчасціла займаць яшчэ і высокія пасады. Цяпер, напрыклад, ён старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Галоўны спецыяліст па "вачах"— Міхась Паўлавіч, як атрымалася, што вы такі "шматпрофільны" пісьменнік: дзіцячыя вершы, інтымная і патрыятычная лірыка, гумар, сатыра, проза, пераклады, літаратурная крытыка, мовазнаўства?

— Я з былых настаўнікаў мовы і літаратуры ў школе. Мне заўжды хацелася нешта такое адметнае ствараць не толькі для дарослых, але і для дзяцей. У мяне на сёння ўжо вельмі шмат кніг, недзе 30, можа, крыху і больш. Гэта гледзячы што ўлічваць. Я пераклаў вельмі шмат твораў замежных пісьменнікаў на беларускую мову і беларускіх твораў пісьменнікаў — на рускую мову. На беларускую мову пераклаў, напрыклад, раман Сервантэса "Дон Кіхот". Вядома, славуты такі раман, — гэта было вельмі прэстыжна, хоць і вельмі цяжка. Я іспанскай мовы не ведаю. Але ёсць яшчэ шлях — перакладаць праз рускую мову. І ў мяне быў выдатны кансультант, які добра ведаў іспанскую мову і культуру. У мяне было да яго вельмі-вельмі шмат пытанняў, старонак 20 адных толькі пытанняў, удакладненняў. Яны былі патрэбныя, каб перакласці дакладна, таму што ў рускім варыянце сустракаліся нейкія недахопы і таму ўзнікалі пытанні...

Так складвалася, што я пачаў пісаць з шостага класа на рускай мове. Пісаў проста так для сябе, для сяброў. І далей па жыцці пісаў пераважна вершы для дарослых. Аднойчы я даведаўся, што аб'яўлены конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Рызыкнуў, сабраў свае публікацыі і прайшоў. Там ужо я адчуў, што такое мова, літаратурная лексіка, народная лексіка, розныя пласты гаворак, літаратурнай мовы, адчуў прафесійны падыход да слова. Я працаваў пад кіраўніцтвам такіх карыфеяў, як акадэмікі Аркадзь Жураўскі, Кандрат Крапіва. Удзельнічаў у распрацоўцы руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў. Тады я і пачаў пісаць мовазнаўчыя навуковыя артыкулы, друкавацца ў такіх выданнях, як "Полымя", "Літаратура і мастацтва", у выданнях Акадэміі навук, навуковых зборніках. Багацце мовы падштурхнула мяне да пошукаў новых формаў. Пасля так атрымалася, што я працаваў над стварэннем музея Максіма Багдановіча, і, безумоўна, творчасць гэтага таленавітага чалавека не магла не даць новы павеў маёй уласнай творчасці. А праз некаторы час перайшоў на працу ў выдавецтва "Юнацтва", дзе 10 гадоў быў галоўным рэдактарам. Гэта прымусіла задумацца над тым, што варта было б пачаць пісаць і нешта дзіцячае. Пісаць для дзяцей я пачаў падчас працы ў "Юнацтве", у мяне ўжо былі свае малыя дачка і сын. Кожны вечар я клаў дзяцей спаць і чытаў ім нейкія казкі. Але дзеці часта прасілі выключыць святло. У цемры ж чытаць немагчыма. І я пачаў сам фантазіраваць, прыдумляў казкі, дзе героямі былі яны. А пасля стаў гэта запісваць. Потым пачаў вершы для дзяцей пісаць. Першую кніжачку мы з дачушкай зрабілі — "Родны край". Яна малюнкі намалявала, вершы мы на машынцы надрукавалі, сашчэпкамі замацавалі — і атрымалася кніжачка! А пасля я стаў друкаваць свае вершы ў "Зорцы", "Раніцы", "Бярозцы", "Вясёлцы". Паколькі я мовазнавец, не мог не скарыстаць свае веды і напісаў кніжачку "Дзіўныя "блізняты". Гэта загадкі на беларуска-рускія амонімы — упершыню ў гісторыі сусветнай літаратуры (мне такое больш нідзе не сустракалася). Хоць гэта ўнікальная з'ява паміж беларускай і рускай мовамі. Такое маглі стварыць толькі рускія альбо беларусы. Потым выходзілі "Загадкі з поля і градкі", "Падарожжа ў краіну загадак". Я напісаў каля 700 загадак! Яшчэ я ўпершыню стварыў загадкі на антонімы. Пісаў калыханкі, скорагаворкі, каламбуры, нават дражнілкі, лічылкі, смяшынкі. А гэта вельмі дзятва любіць. Адна кніжка ў мяне выходзіла ў 1991 годзе "Тры чарадзеі" — тыражом 120 тыс. экзэмпляраў. Сёння гэта нерэальна. Калі б я кніжку гэтую не паказаў, то мне б ніхто не паверыў. Але ў той час дзіцячыя кніжкі былі запатрабаваныя — яны ішлі ва ўсе бібліятэкі, крамы. І гэта на беларускай мове толькі па Беларусі разыходзіўся такі вялікі тыраж! А "Юнацтва" ж выдавала кнігі на 18 замежных мовах для 110 краін свету! Так мы распаўсюджвалі беларускую літаратуру, перакладалі нашых пісьменнікаў для еўрапейскіх краін, Японіі, В'етнама, Індыі, Амерыкі, Афрыкі!

— Раскажыце падрабязней пра ваш слоўнік эпітэтаў.

— Падчас працы ў Акадэміі навук я пачаў працу над сваім фундаментальным слоўнікам эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы, які быў выдадзены ў 1988 годзе. Прайшло 23 гады з таго часу. Перавыданне будзе толькі ў гэтым годзе ў 2 тамах у РВУ "Літаратура і мастацтва". Я дапоўніў слоўнік: калі ў першым выданні было крыху больш за 400 найбольш ужывальных назоўнікаў, да якіх былі пададзены эпітэты, то цяпер назоўнікаў будзе больш за 450. Гэтае выданне дапрацаванае і пашыранае... Вось, напрыклад, да слова "вочы" зафіксавана ў мяне каля тысячы эпітэтаў. Я перачытваў усю літаратуру, публіцыстыку, перыёдыку і распісваў на вялізную картатэку. Картатэка — гэта сотні-сотні тысяч картачак з эпітэтамі. Пасля гэтая інфармацыя вывучалася, аналізавалася. Як гэтыя эпітэты падзяліць? Я выкарыстоўваў вопыт расійскіх калег — там цэлы калектыў працаваў над слоўнікам эпітэтаў рускай мовы. А я зрабіў гэтую працу адзін. Я падзяліў эпітэты па семантычных групах: якія бываюць вочы? Па колеры, па форме, па параўнанні з жывёламі, птушкамі: валовыя вочы, рыбіны вочы, звярыныя вочы і г.д., па эмацыйнай экспрэсіі, па выказванні пачуцця...

— Як так атрымалася, што менавіта вам даручылі ствараць музей Максіма Багдановіча?

— Падчас працы ў Акадэміі навук у Інстытут мовазнаўства прыйшоў ліст з Міністэрства культуры. Міністрам быў тады Юрый Міхайлавіч Міхневіч. У канцы 1980 г. яны шукалі маладога хлопца, каб прызначыць яго ствараць музей Максіма Багдановіча. Дырэктар Інстытута мовазнаўства Міхаіл Раманавіч Суднік прапанаваў мяне. Я тады, вядома, расхваляваўся, бо перада мной была кар'ера навукоўца, але ўсё ж такі перамагла мая любоў да літаратуры, да Багдановіча! Хто быў абыякавы да творчасці гэтага паэта! Увогуле, чалавека-энцыклапедыста, чалавека незвычайнага. Карацей, мне выдалі пасведчанне, што я з'яўляюся дырэктарам літаратурнага музея Багдановіча. Але ў мяне не было нічога! Ні штату, ні памяшкання, ні экспанатаў! Трэба было ўсё шукаць, распрацоўваць! Гэта тытанічная праца. Тады я ўпершыню ўсур'ёз сутыкнуўся з чынавенствам на ўсіх узроўнях.

— Чыноўнікі — людзі складаныя... Ці былі ў вас нейкія непаразуменні з імі падчас працы над музеем?

— Былі, безумоўна, былі... Напрыклад, я дабіваўся зрабіць памятны медаль да юбілею, значок. І мне здавалася, што без гэтага нельга. А для вышэйшых чыноўнікаў (гэта ж праз Савет Міністраў, праз ЦК даводзілася прабіваць) гэта здавалася не так істотна: няма сродкаў, гэта не запланавана... Раней жа было ўсё планава. Каб распачаць нейкую справу, трэба, каб у планах гэта было закладзена за год-два. Каб пачаць рэстаўрацыю, павінны быць выдзелены ліміты на будаўнічыя матэрыялы, закладзены фінансы... І даводзілася чуць: а хто прыдумаў гэтага сухотнага? Навошта гэта ўспамінаць, навошта гэты музей рабіць? Некаторыя чыноўнікі так казалі, былі такія... Хоць на самым высокім узроўні ўсё было на паперах прынята, зацверджана: Савет Міністраў, Міністэрства культуры, ЦК партыі... Лягчэй за ўсё на паперы стварыць! Вось сёння прынялі б пастанову — стварыць у Мінску музей Максіма Танка ці Івана Шамякіна. На паперы лёгка стварыць! А пасля?!

— Вы выдатна ведаеце нямецкую мову, шмат казак з яе перакладалі. Хочацца з гэтай нагоды ўзгадаваць вядомага перакладчыка з нямецкай Васіля Сёмуху: ці супрацоўнічалі вы, ці канкурыравалі?

— Не, не канкурыравалі. Я перакладаў Гофмана, Андэрсэна, братоў Грым — казкі, на вялікія творы ў мяне не было часу, я вельмі быў заняты як чыноўнік. А Васіль Сёмуха заўжды перакладаў вялікія творы: аповесці, раманы. Таму нашы сферы інтарэсаў, так бы мовіць, не перакрыжоўваліся. З Сёмухам мы супрацоўнічалі, калі я ўзначальваў "Юнацтва": ён шмат чаго для нас перакладаў. А нам, наадварот, заўжды не хапала перакладчыкаў. Якая там канкурэнцыя!

— Наколькі сёння, у час глабалізацыі і змены каштоўнасцяў, важная нацыянальная мова? Як, на вашу думку, беларусам у такі складаны час не анямець?

— Так, час цяпер складаны. Іншы раз сустракаюцца маладыя людзі, якія размаўляюць па-руску, а крычаць, што яны за Беларусь! Я лічу: па-першае, калі вы за Беларусь, дык пачніце з сябе, пачніце вывучаць нашу мову, нашу культуру, паважаць наш народ, яго выбар. Па-другое, сапраўдныя беларусы — шчырыя, талерантныя, уважлівыя, і сапраўдны беларус ніколі не будзе адмаўляць нічога суседскага. Вось паглядзіце на прыбалтыйскія краіны: у іх зараз столькі праграм, каб перакладаць сваю літаратуру, рухаць сябе ў шырокі свет! Таму нам, безумоўна, трэба шануючы сваё, вывучаючы сваё, пераймаць усё лепшае з сусветнага вопыту. А наогул, трэба больш актыўна прапагандаваць беларускую мову ва ўсім грамадстве! Трэба спакойна, разважліва ў сваёй душы разабрацца. Трэба, каб кожны адчуў, што ён сапраўды беларус — не толькі па пашпарце. Па культуры, па духу, па думках, што ён належыць да такога вялікага народа, што ў гэтага народа такая вялікая культура, такая цудоўная гісторыя. Трэба, каб моладзь больш чытала па-беларуску, думала па-беларуску. Свету мы больш цікавыя нашай культурай, нашым мастацтвам, духоўнасцю. Калі розныя спажывецкія тавары могуць вырабіць дзе заўгодна, то беларускую кнігу могуць стварыць толькі ў Беларусі!

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Галоўны спецыяліст па "вачах"

Альбуць, Смольня, Ласток — гэтыя мясціны Стаўбцоўшчыны сваім маляўнічым, непаўторным хараством люлялі, песцілі дзяцінства Якуба Коласа. Зараз гэта ўлонне заўсёды лагодзіць успамін і погляд Міхася Міцкевіча — сына вялікага песняра, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, якому ў гэтую адбеленую снегавым пухам пару, а менавіта 31 студзеня, споўнілася 85 гадоў.  

Галоўны спецыяліст па "вачах"

←Реквием по солдатам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика