Наш чалавек!
...Прызы — у тым ліку і звяздоўскія — выйграюць па-рознаму: нехта, прынамсі, усё жыццё выпісвае газету, але ж каб дасылаць нейкія купоны, нечага чакаць, апроч свежага нумара... Ды ну яго...
Нехта дасылае, прычым у кожную падпісную кампанію! Але ўдача з квартала ў квартал і нават з года ў год абыходзіць бокам.
А нехта (ну што казаць, бывае!) адзін раз не паленаваўся, даслаў той купон — і на табе, выйграў!..
З якіх вышэйназваных "шчасліўчыкаў" Міхаіл Іванавіч Мірановіч з вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёна, разабрацца цяжка, бо ён па "Звяздзе" вучыўся чытаць (газета заўсёды была ў хаце бацькоў), а потым, калі пайшоў на свой хлеб, стаў пастаянна выпісваць сам.
А вось латарэю ўсур'ёз не прымаў: то адправіць той купон на розыгрыш, то забудзецца, то, як быццам пашле, а праз тыдзень знойдзе яго ў хаце.
Хіба сёлета, кажа, як адчувала душа: нешта павінен выйграць! Атрымаў газету за студзень, — так і ёсць — кухонны камбайн...
Ці трэба казаць, што і забіраюць прызы па-рознаму: нехта, што цалкам лагічна, просіць сямейнікаў завітаць у рэдакцыю, атрымаць, прывезці, бо не гнацца ж самому за блізкі свет... Нехта (пераважна ўладальнікі суперпрызоў) чакаюць "дастаўкі" ў хату, а нехта выпраўляецца ў дарогу сам — яшчэ і для таго, каб прайсціся па рэдакцыйных калідорах, паглядзець, калі дазволяць, як робіцца газета, пазнаёміцца з журналістамі, прозвішчы якіх чакаеш і шукаеш у кожным нумары, пачаставаць іх сваімі прысмакамі, сваёй "Майскай" гарбатай ды не гарадской (гультайскай, як кажа Міхаіл Іванавіч), а сапраўднай — з чабарком, святаяннічкам, мацярдушкай... І пагаварыць.
Шафёры і сапраўды па слова ў кішэнь не лезуць (Міхаіл Іванавіч усё жыццё круціў баранку КАМАЗа, потым ЗІЛа). Але ж, як сведчылі здымкі (фатаграфія — адно з яго захапленняў), майстар не толькі на гэта: усё, што захоча, можа прыгатаваць і зрабіць — з лазы, з дрэва, з гліны, сам паркет у доме паслаў...
А яшчэ яны з жонкай выгадавалі прыгожых дачок, цешацца з унучак, унука...
За што душа баліць? За людзей, што жыць не ўмеюць, за мову беларускую, якой нават у вёсках ужо людзі цураюцца, за "Рассвет", дзе не ўсё цяпер так, як хацелася б...
Але ж "гэты серыял", як кажа Міхаіл Іванавіч, не выключыш: трэба даглядзець да канца.
Наш чалавек!
...Самы вялікі набытак "Звязды" — яе падпісчыкі.