Прыватызацыя — крок да інтэграцыі

Источник материала:  

Інвестыцыі — гэта доўга-

тэрміновыя ўкладанні капіталу

з мэтай атрымання прыбытку

Па асартыменце выпускаемай прадукцыі Беларусь далёка абышла многія краіны Еўропы. Але сёння гэтага мала. Неабходна, каб прадукцыя нашых прадпрыемстваў была канкурэнтаздольнай на сусветным рынку.

Прадпрыемствы, якія выпускаюць трактары, грузавікі, аўтобусы, — добра вядомыя, але ўвагу прыцягваюць і іншыя, з якімі хапае праблем. Найперш таму, што гэтыя прадпрыемствы стратныя ці рэнтабельнасць іх нізкая, хоць робяцца захады, каб выправіць сітуацыю.

Баранавіцкі "Бархім" двойчы выстаўляўся на таргі ў мінулым годзе. І трэба прызнаць, што да аўкцыёну завод некалькі падправіў свае справы. Быў уведзены ў эксплуатацыю новы цэх з італьянскім абсталяваннем. Вытворчасць дасягнула 10 тысяч тон пральных сродкаў у год, а гэта ўдвая больш, чым выпускалі два былыя цэхі.

Прыватызацыя — крок да інтэграцыі

Усё быццам бы змянілася да лепшага. Нават вывесілі вялікі лозунг: "Другое нараджэнне завода. Інвестыцыі працуюць. Чыстая перамога." Але якой цаной далася гэтая "перамога"? У рэканструкцыю завода было ўкладзена 25 мільярдаў рублёў з інавацыйнага фонду — народных грошай. І толькі дзякуючы гэтаму фінансаваму ўліванню "Бархім" выйшаў на мінімальную рэнтабельнасць.

Завод на таргах хацела купіць адна кампанія, але здзелка не адбылася.

"У мяне такое ўражанне, што ў "Бархіма" нярадасная перспектыва. Думаю, што прадаць яго за сродкі, якія былі ўкладзены за апошнія тры гады, наўрад ці ўдасца, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Сяргей Румас на калегіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

У свой час, падчас наведвання "Бархіма" кіраўніцтвам Камітэта дзяржкантролю, я спытаў: "А ці не за лепшае было б "скінуць" "Бархім" з рук?"

— У нашай краіне такое прадпрыемства адно, і мы не можам ад яго адмовіцца, — быў адказ. Думалася, што і надалей так будзе: "Бархім" застанецца адзіным буйным прадпрыемствам па выпуску пральных сродкаў у Беларусі.

Пасля таго, як інвестару не ўдалося набыць "Бархім" на прыймальных для яго ўмовах, замежнае прыватнае прадпрыемства "Свабода" пачало ўзводзіць у Асіповічах аналагічны завод і ўжо сёлета запускае яго. Магутнасці прадпрыемства будуць у 8 разоў большыя, чым на "Бархіме".

Узнікае пытанне: а навошта было ў "Бархім" укладваць тыя мільярды? Ці не лепш было б прадаць яго апошняму інвестару альбо фірме "Hеnkеl", якая таксама разглядала магчымасць укладання інвестыцый у рэканструкцыю "Бархіма"?

Пакупнікоў насцярожвае не толькі кошт, але і ўмовы продажу прадпрыемства. Напрыклад, пакупнік за два гады павінен павялічыць выпуск сінтэтычных мыючых сродкаў удвая, а таксама на працягу 5 гадоў не мяняць профілю дзейнасці прадпрыемства і колькасці рабочых месцаў.

На "Бархіме" працуе 267 чалавек, а на новым заводзе пад Асіповічамі іх будзе 110 — 130 і гэта з улікам таго, што аб'ёмы выпуску прадукцыі прагназуюцца ў разы большыя. Адназначна, калі б "Бархім" быў куплены, то новым гаспадарам прыйшлося б перагледзець штатны расклад. А калі нельга скарачаць да аптымальнай колькасці, то які сэнс на працягу 5 гадоў утрымліваць паўтары сотні непатрэбных работнікаў? Гэта магчыма, калі кошт "Бархіма" быў бы больш нізкім. А пачатковая цана пакета акцый завода складала 32,97 мільярда рублёў. Улічваючы, што ў "Бархім" за апошнія гады дзяржава ўклала 25 мільярдаў рублёў, то кошт яго невялікі, але інвестар вырашыў за лепшае запусціць новае прадпрыемства коштам 74,5 мільярда, чым мець справу з "Бархімам".

Грошы на завод у Асіповічах вырашылі выдзеліць некалькі замежных кампаній-суінвестараў. Гэта значыць, што ў завода не будзе праблем з сыравінай, а яго прадукцыя, завязаная на заходніх тэхналогіях, вытрымае канкурэнцыю. Але ці вытрымае яе "Бархім"? Цяпер яму давядзецца "змагацца" не толькі з "Рrосtеr & Gаmblе" і "Hеnkеl", але і прадукцыяй завода, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Жыццё не стаіць на месцы. Дачакаліся. Не было мясцовага канкурэнта — з'явіўся.

Адкрыццё новага прадпрыемства замежнымі інвестарамі выгаднае дзяржаве. З'явяцца новыя рабочыя месцы, у бюджэт пойдуць падат- кі, а ўсе праблемы з вытворчасцю лягуць на прыватныя плечы.

Пры продажы стратных прадпрыемстваў улічваюцца інтарэсы людзей, якія працуюць там: іх нельга звальняць. Палітыка тут зразумелая — па магчымасці трымаць пад кантролем беспрацоўе, бо гэта — залог стабільнасці ў грамадстве.

Але гэтым самым, на маю думку, дзяржава, празмерна апякуючы людзей, пазбаўляе іх ініцыятывы. Вось у Баранавічах закрылі мясакамбінат і перадалі яго Бярозаўскаму мясакансерваваму. Новае кіраўніцтва пакінула ў Баранавічах толькі цэх. Нехта з рабочых, атрымаўшы пад'ёмныя, звольніўся, а іншыя засталіся працаваць. Што датычыцца адміністрацыі, то ўся яна была звольнена. І людзі не прапалі. Паціху пачалі "перацякаць" на "Бархім" — перакваліфікаваліся ў хімікаў. Не такі ўжо і бездапаможны наш чалавек.

Сяргей Румас адзначыў, што тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць неэфектыўна, павінны памяняць уласніка. "У дзяржавы больш няма магчымасці аказваць дзяржпадтрымку ў такім аб'ёме, як гэта яна рабіла раней", — сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Жыццё паказвае, што бясконцым уліваннем грошай у стратныя прадпрыемствы сітуацыю змяніць да лепшага складана. На нейкі перыяд, як з тым "Бархімам", яе стабілізаваць можна. Але калі прадукцыя прадпрыемства не стане канкурэнтаздольнай, то ўсё трэба пачынаць спачатку — укладваць грошы.

Сёння без інтэграцыі ў сусветную эканоміку, без выкарыстання сучасных тэхналагічных напрацовак немагчыма вытрымаць канкурэнцыю.

З абуткам у нас праблем няма, бо сумесныя абутковыя прадпрыемствы прытрымліваюцца еўрапейскіх стандартаў вытворчасці, і якасць прадукцыі там гарантавана. Але бываюць збоі і не па віне замежных партнёраў.

Аднойчы патэлефанаваў чытач нашай газеты і сказаў, што чаравікі фірмы "Кельме" ён пранасіў усяго два тыдні — падэшвы адклеіліся. Узяў я тыя чаравікі ды паехаў у Белаазёрск на фабрыку і даведаўся, у чым справа. Клей для абутку прадпрыемства атрымлівала з Іспаніі. І ўсё было добра, пакуль нехта не прапанаваў клей расійскай вытворчасці. Спакусіла тое, што іспанскі клей быў у чатыры разы даражэйшы за расійскі. Вось і аддалі перавагу апошняму, а вынік вядомы. Не памятаю, чым там усё закончылася. Даўно было, але думаю, што пры вытворчасці прадукцыі дробязяў не павінна быць.

Заходнія тэхналогіі прымушаюць з большай адказнасцю ставіцца да сваёй работы, працоўнай дысцыпліны. Эканоміка краіны не можа знаходзіцца ў баку ад інтэграцыйных працэсаў, тут важна, наколькі яны інтэнсіўныя.

Мыйнымі сродкамі наш рынак завалілі сумесныя прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў Расіі. А пры агульнай эканамічнай прасторы ці вытрымаюць нашы прадпрыемствы экспансію расійскай прадукцыі ўвогуле?

Ад стратных прадпрыемстваў неабходна пазбаўляцца — перадаваць (прадаваць) прыватнікам як мага хутчэй. Такія прадпрыемствы цяжкім грузам ціснуць на нашу эканоміку. Фінансавым уліванням у іх — канца не бачна.

І сітуацыя з "Бархімам" паказала, што зрабіць гэта не проста. Калі б не ўкладвалі тых 25 мільярдаў у рэканструкцыю завода, то не толькі захавалі б іх, а яшчэ атрымалі б пэўную суму ад продажу прадпрыемства і скінулі клопат з рук. А то складваецца ўражанне, што з пускам завода ў Асіповічах "Бархім" ужо мала каго будзе цікавіць.

У сённяшніх эканамічных умовах без прыватызацыі немагчыма паўнавартасная інтэграцыя ў сусветную эканоміку, якая, у асноўным, трымаецца на прыватным капітале. Калі ў нашай краіне пераважае дзяржаўны сектар, а ў суседзяў гаспадарыць уласнік, то чакаць, што ў нашы дзяржаўныя прадпрыемствы пойдуць замежныя інвестыцыі, асабліва не даводзіцца.

І тут найперш неабходна быць сумленнымі перад сабою. Калі прадпрыемства дзяржаўнае, то трэба так і казаць. Змена шыльды з унітарнага прадпрыемства на акцыянернае, па сутнасці, нічога не мяняе: калі на гэтым прадпрыемстве 99,4% акцый належыць дзяржаве (як на "Бархіме"), то інвестара не падманеш. Пры такім раскладзе ніводзін прыватнік не захоча ўкладваць грошы ў прадпрыемства, дзе баль правіць дзяржава, бо за апошняй заўсёды будзе "праўда". У такім выпадку выйсце адно — прадаваць. Калі побач з эфектыўнымі дзяржпрадпрыемствамі будуць працаваць і прыватныя, то ад гэтага дзяржава толькі выйграе.

Хто ці што тармозіць у нас прыватызацыю?

"А мы, аказалася, не маем сёння поўнага рэестра дзяржмаёмасці. Як мы будзем распараджацца маёмасцю, калі не ведаем, колькі прадпрыемстваў знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці?" — спытаў на калегіі Сяргей Румас.

Удакладняю, што інфармацыя пра аб'екты з рэспубліканскай уласнасцю ёсць. Праблема з агульным спісам камунальнай маёмасці.

Дык чаму такая млявасць у тых, хто адказвае за прыватызацыю?

Зноў звяртаюся да дзяцінства. Калі падлеткі наладжвалі скачкі навыперадкі, то хутчэй за ўсіх галопам нёсся конь, якому пад хвост крапіву клалі.

Можа, справа за крапівой?

Сымон Свістуновіч.

Фота аўтара.

←Реквием по солдатам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика