РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Дысцыплінаваныя плацельшчыкі, яднайцеся!

Самыя ўдачлівыя дысцыплінаваныя плацельшчыкі жыллёва-камунальных паслуг Магілёва атрымалі грашовыя прэміі.

31 студзеня ў Магілёўскім цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэм адбыўся розыгрыш рэкламнай гульні "Дысцыплінаваны плацельшчык 2010". Яе фонд перавысіў 10 мільёнаў рублёў. У розыгрышы аўтаматычна бралі ўдзел усе, хто на 1 мая летась не меў запазычанасці па камунальных і іншых плацяжах.

У розных намінацыях разыграны 145 прэмій па 70 тысяч рублёў кожная. Грошы будуць залічаны на разліковыя рахункі шчасліўчыкаў, і ў наступным месяцы яны заплацяць за свае кватэры менш.

Рэкламная гульня, аналагаў якой няма ў Беларусі, праводзіцца ў Магілёве ад 2005 года. Цэнтр інфармацыйных сістэм не толькі змагаецца са злоснымі неплацельшчыкамі, але і імкнецца заахвоціць гараджан, якія добрасумленна плацяць за жыллёва-камунальныя паслугі. Цяпер у абласным цэнтры вырашылі стварыць Савет дысцыплінаваных плацельшчыкаў.

Ілона Іванова.

"Падсаладзіліся" на 300 млн

Падазроныя выкралі больш за 126 тон цукру

А "засвяціліся" службовыя асобы аднаго з прыватных гандлёва-вытворчых унітарных прадпрыемстваў, "свавольствы" якіх выявілі супрацоўнікі па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Віцебскага аблвыканкама і АБЭЗ Чыгуначнага РУУС Віцебска. Паводле звестак оперупаўнаважанага па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Веранікі Пасмеццевай, паміж згаданым прадпрыемствам і ААТ "Слуцкі цукрарафінадны камбінат" быў заключаны дагавор на захоўванне 1200 тон цукру-пяску ў арэндаваным складскім памяшканні. Адпускаўся салодкі прадукт розным суб'ектам гаспадарання з віцебскага склада выключна па дакументах слуцкага камбіната. Зламыснікі, каб пажывіцца, знайшлі наступнае выйсце: яны аформілі заведама несапраўдныя дакументы на водпуск цукру лжэпрадпрымальніцкім структурам, а грошы, якія атрыманыя за рэалізаваны тавар, паклалі ў сваю кішэню. Як выявілася, з красавіка па ліпень мінулага года падазроныя па папярэдняй змове, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, учынілі крадзеж больш за 126 тон цукру-пяску на агульную суму боль за 300 мільёнаў рублёў. У адносінах да службовых асоб прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства заведзена крымінальная справа.

"Размяняў" службу на судзімасць

Каб "адкасіць" ад арміі, 24-гадовы мінчанін украў мабільнік

Пасля ўчыненага ў адным з начных кафэ мікрараёна Лошыца крадзяжу, паводле звестак прэс-афіцэра Ленінскага РУУС Сяргея Козела, у міліцыю праз некалькі дзён прыйшоў з павіннай злодзей. Яго ахвярай стаў іншаземец, які легкадумна пакінуў на стойцы бара мабільны тэлефон коштам у 1,5 тысячы долараў ЗША. Вярнуўшыся, каб забраць сотавік, гаспадар яго не знайшоў. Супрацоўнікам міліцыі, да якіх пацярпелы звярнуўся па дапамогу, ён нічога дакладна не распавёў, бо добра быў пад чаркаю.

Тым не менш, злачынства ўдалося хутка раскрыць. Дапамог... злодзей, які добраахвотна з'явіўся ў міліцыю і паведаміў, што "прыхватызаваў" пакінуты ў бары тэлефон. Свой учынак ён патлумачыў наступным чынам: маўляў, захацелася новых уражанняў, да таго ж судзімасць можа вызваліць яго ад службы ў арміі.

На пятую "ходку"...

Вызвалены з месцаў пазбаўлення волі чатыры разы судзімы зноў папаўся на крадзяжы

Дакладней, 26-гадовы мінчанін падазраецца ў серыі кватэрных крадзяжоў. Паводле звестак прэс-афіцэра Фрунзенскага РУУС Алы Галубовіч, затрымалі яго менш як праз месяц пасля вызвалення, прычым узялі праваахоўнікі рэцыдывіста з доказамі віны.

На волю мінчанін выйшаў якраз перад навагоднімі святамі. А сустрэўшы 2011 год, ён ужо 5 студзеня адкрыў сезон "палявання" на чужую маёмасць: за тры тыдні злодзей паспеў учыніць восем кватэрных крадзяжоў. У кватэры затрыманага па вуліцы Прытыцкага аператыўнікі знайшлі вялікую частку выкрадзенага, што і дапамагло ўстанавіць яго дачыненне да кватэрных "набегаў". Адметна і тое, што "працаваў" злодзей непадалёк ад свайго дома: няпрошаны госць забіраўся ў кватэры новабудоўляў у мікрараёнах Каменая Горка і Кунцаўшчына.

Ігар ГРЫШЫН.

Ну і ну!

Загадчык склада скраў 24,5 тоны цукру

У Віцебску загадчык склада, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, умудрыўся ўчыніць крадзеж са склада ажно 24,5 тоны цукру на суму больш за 66,6 мільёна рублёў.

Супрацоўнікі міліцыі, якія займаюцца барацьбой з эканамічнымі злачынствамі, падазраюць прадпрымальнага загадчыка ў тым, што крадзеж шляхам прысвойвання тавару ён учыняў не адзін год: з лютага 2008 па лістапад мінулага. У дачыненні да 32-гадовага загадчыка заведзена крымінальная справа. Ці дапамагаў яму хто — высвятляюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Реквием по солдатам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика