"У агульны даход сям'і ўваходзяць усе віды выплат і льгот. Гэта ўлічваецца пры прызначэнні адраснай дапамогі"

Источник материала:  

З пасёлка Друя Браслаўскага раёна на "гарачую лінію" звярнулася шматдзетная маці. У сям'і выхоўваецца трое дзетак, прычым старэйшы — інвалід з дзяцінства, а меншым — год і два гады адпаведна. Жанчыну цікавіла, ці могуць яны прэтэндаваць на атрыманне дзіцячай дапамогі, а таксама адраснай дапамогі, калі сям'я бясплатна атрымлівае дзіцячае харчаванне.

— Мы звярталіся з гэтым пытаннем у райсабес, там нам патлумачылі, што, паколькі для дзіцяці да двух гадоў выпісана дзіцячае харчаванне, атрымліваць адрасную дапамогу мы не можам, — гаварыла заяўніца.

Паводле яе слоў, даход сям'і на працягу мінула года складаўся з дапамогі на дзяцей, пенсіі па інваліднасці старэйшага дзіцяці. Муж на працягу 2010 года не працаваў. "У нас немагчыма знайсці працу", — патлумачыла гэтую акалічнасць жанчына. Жывуць яны ў здымным прыватным доме, сваёй кароўкі, свіней ці птушак не маюць. Ёсць невялікі агарод, аднак практычна ўсё патрэбнае мусяць набываць у гандлі. Яшчэ заяўніца папрасіла паведаміць: якія льготы даюцца шматдзетным сем'ям, што маюць дзіця-інваліда? З гэтым пытаннем жанчына таксама звярталася ў органы сацыяльнай аховы, аднак адказ яе не задаволіў — "мне практычна нічога не сказалі".

Каб дапамагчы заяўнікам разабрацца ў сітуацыі, мы мусілі звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Браслаўскага райвыканкама. Пасля размовы з начальнікам упраўлення Людмілай ЦЯЦЕРАЙ у мінулую пятніцу і праверкі агучанай інфармацыі ўжо ў панядзелак галоўны спецыяліст гэтага ж упраўлення Інэса ПАШКЕВІЧ паведаміла рэдакцыі наступнае.

— Муж заяўніцы ўладкаваўся на працу 30 снежня 2010 года. А існуе ўмова: каб у поўнай сям'і атрымліваць дзіцячую дапамогу на дзіця-інваліда, якому больш за тры гады, трэба, каб бацька адпрацаваў шэсць месяцаў у годзе, што папярэднічае году звароту па дапамогу. Таму сям'я атрымлівае на старэйшае дзіця толькі пенсію па інваліднасці, хоць пры выкананні вышэйназванай умовы магла б атрымліваць на яго ж яшчэ і дзіцячую дапамогу. Разам з тым, варта адзначыць, што маці атрымлівае дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда з дзяцінства, паколькі зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзяцей да трох гадоў. Раней гэтага не было, — распавяла Інэса Браніславаўна. — Што датычыцца малодшых дзяцей у сям'і, на іх дзіцячыя дапамогі выплачваюцца без аніякіх умоў, паколькі ім — да трох гадоў.

Як адзначыла далей Інэса Пашкевіч, тэарэтычна на атрыманне адраснай дапамогі сям'я зможа прэтэндаваць толькі праз тры месяцы пасля таго, як бацька будзе з'яўляцца атрымальнікам дапамогі па догляду інваліда першай групы (а адлік тут ідзе з канца мінулага года, калі дакладна, з 30 снежня 2010 года). Пры гэтым будзе брацца да ўвагі сярэднедушавы даход у месяц на аднаго члена сям'і. Калі ён не будзе перавышаць 283 050 рублёў на чалавека (гэта лічба на сённяшні дзень), тады можа быць прызначаная адрасная дапамога. Напрыклад, рэальна на кожнага сямейніка выйшла па 230 тысяч рублёў. Значыць, розніца ў 50 050 рублёў на чалавека будзе выплачвацца сям'і на працягу шасці месяцаў.

Аднак тут варта дадаць, што ў агульны даход сям'і ўваходзяць усе віды дапамог, а не толькі прамыя матэрыяльныя ў выглядзе пенсіі па інваліднасці, дапамогі па доглядзе дзіцяці- інваліда, якому больш за тры гады, і дзіцячых дапамог на дзетак да трох гадоў. Напрыклад, як заўважала сама заяўніца, сям'і выпісанае дзіцячае харчаванне. Як удакладніла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Браслаўскага райвыканкама Людміла Цяцера, штомесяц маці бярэ ў краме яго ў сярэднім на 280—300 тысяч рублёў. На дзяцей распаўсюджваецца льготны водпуск лекаў. Дзіця-інвалід мае права на бясплатнае транспартнае абслугоўванне. "Адмовіцца ад атрымання таго ж бясплатнага дзіцячага харчавання сям'я не можа. Па-першае, дзяцей трэба карміць у любым выпадку. Па-другое, перад тым, як прэтэндаваць на атрыманне адраснай дапамогі, трэба па максімуме выкарыстаць усе тыя льготы і прэферэнцыі, якія дзяржава дае для падтрымкі шматдзетнай сям'і. Калі, скажам, дзіця-інвалід не карысталася правам бясплатнага праезду або льготных лекаў было выпісана няшмат, гэта будзе ўлічана на момант разгляду пытання аб магчымым прызначэнні адраснай дапамогі. У гэты час будуць брацца да ўвагі і агульныя даходы сям'і, і магчымыя змяненні памераў дзіцячых дапамог, калі яны будуць".

Вяртаючыся да пытання заяўніцы адносна льгот для шматдзетнай сям'і, якая выхоўвае дзіця-інваліда з дзяцінства, трэба сказаць, што акрамя пералічаных вышэй права бясплатнага праезду дзіцяці і асобы, якая яго суправаджае, льготнага водпуску лекаў, бясплатнага дзіцячага харчавання, увогуле для такой катэгорыі сем'яў існуюць яшчэ наступныя прэферэнцыі. Калі б жанчына працавала, яна б мела права на адзін вольны дзень у тыдзень з захаваннем сярэдняга заробку (так званы бацькоўскі дзень). Для дзяцей, якія наведваюць дашкольныя і школьныя ўстановы, плата за харчаванне зніжаная на 50 працэнтаў. Гэтак жа як і плата за карыстанне падручнікамі будзе напалову менш. У плане падаходнага падатку даюцца стандартныя падатковыя вылікі. Калі б сям'я заяўнікаў мела ўласны ўчастак і нерухомасць, былі б ільготы і ў гэтым плане.

Пытанні сям'і з пасёлка Друя застануцца на кантролі ў спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Браслаўскага райвыканкама. Як адносна магчымасці прызначэння адраснай дапамогі, так і атрымання гуманітарнай дапамогі. Гаворачы пра апошнюю, зараз, на жаль, такой магчымасці няма, але калі яна з'явіцца, пра заяўнікаў не забудуць.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика