Печ: выскачыў вугольчык — чакай злоснага госця
Печ заўсёды імкнуліся трымаць зачыненай. Лічылася, калі яе не зачыніць падчас адпраўлення кагосьці ў дарогу, таму чалавеку не пашанцуе.
Печ зачынялі, калі жанчыны садзіліся ткаць, каб праца ішла спарней.
Выняўшы хлеб ці іншую ежу з печы, яе абавязкова зачынялі, папярэдне паклаўшы туды некалькі пален, каб дабрабыт у хаце "не пераводзіўся".
Сярод беларусаў існавала строгая забарона: пакуль у печы выпякаецца хлеб, на яе нельга садзіцца.
Адмысловая ўвага надавалася пячной трубе — коміну. Спецыфічны "выхад" з хаты стаў своеасаблівым каналам паміж "гэтым" і "тым" светам: з коміна вылятаюць і праз яго прылятаюць нячыстая сіла, душы памерлых, хваробы, доля-нядоля і г. д.
Падчас памінальных дзён, якія ладзілі на працягу года, комін адкрывалі, каб душы памерлых маглі прыляцець у хату і "пачаставацца" тымі стравамі, якія гаспадары знарок пакідалі на стале на ноч.
Калі ў хаце паміраў чалавек, комін зачынялі, а дзверы адчынялі, каб душа "не выляцела" ў трубу і не дасталася д'яблу. А калі паміраў вядзьмак, усё рабілі наадварот.
Пры набліжэнні навальніцы трэба было абавязкова зачыніць трубу, каб нячыстая сіла не ўляцела ў хату і Ілья-грамабой не стукнуў агністай стралой (маланкай).
Імкнуліся трымаць трубу зачыненай, калі ў хаце была цяжарная жанчына. Баяліся, што нячыстая сіла выкрадзе душу яшчэ не народжанага дзіцяці.
На беларускім Палессі ў дзень восеньскага раўнадзенства выконваўся абрад "Жаніцьба коміна". З гэтага дня агонь уносілі ў хату, з дапамогай адмысловага рытуалу яго "прыручалі" да хаты, злучаючы "шлюбнай сувяззю" з печчу.
Калі гублялася скаціна, гаспадыня клікала кароўку менавіта праз комін.
Не кожны пячнік мог скласці добрую печ, а толькі той, хто валодаў пэўнай інфармацыяй і прафесійнымі навыкамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленні і захоўваліся як тайна.
Акрамя гэтага, печ служыла інфарматарам для людзей:
— з печкі выскачыў вугольчык — чакай злоснага госця;
— у печы штосьці вухкае — хтосьці сыдзе з хаты;
— цэгла выпала — у сям'і хтосьці з жанчын памрэ.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.