Дыялог прадпрымальніка з эканамістам аб самым надзённым

Источник материала:  

Дыялог прадпрымальніка з эканамістам аб самым надзённым21 студзеня г.г. у "Звяздзе" было надрукавана інтэрв'ю з вядомым беларускім экспертам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам пад назвай "Мы можам не горш за кітайцаў выпускаць тавары шырокага спажывання". У той жа і наступныя дні ў рэдакцыю патэлефанавалі чытачы. Адзін з іх паведаміў аб сабе сціпла: Яўген Мікалаевіч, прадпрымальнік, валодаю з партнёрамі невялікай фірмай. Потым ён даволі эмацыянальна і часам іранічна выклаў шэраг цікавых, хоць і небясспрэчных думак, у прыватнасці, наконт рэалізацыі знакамітай Дырэктывы № 4, выказаў прапановы па стварэнні дадатковых умоў для малога і сярэдняга бізнэсу, нават прычыны, якія тармозяць яго развіццё. Размова доўжылася паўгадзіны, сказана і запісана на дыктафон было шмат, а таму абмяжуемся тэзісамі яго палымянай прамовы. Напрыканцы Яўген Мікалаевіч выказаў пажаданне прачытаць у нашай газеце, што думае Л.Ф. Заіка з нагоды сказанага ім. Прапаноўваем вам завочны дыялог невядомага прадпрымальніка з вядомым эканамістам аб самым надзённым.

Не зацягваць размовы вакол Дырэктывы № 4

Прыняцце дакумента накшталт Дырэктывы № 4 даўно наспела. Але чамусьці складваецца ўражанне, што ў нашай краіне ўсе самыя разумныя людзі пішуць законы, а астатнія, не самыя разумныя, павінны іх выконваць. Усе інструкцыі і падзаконныя акты наўмысна складзены такім чынам, каб прадпрымальнік пры іх выкананні абавязкова памыліўся і потым пасля ўсіх падаткаў яшчэ за парушэнні заплаціў штрафы, часам вельмі адчувальныя. І такая сітуацыя паўтараецца штогод. Малыя і сярэднія прыватныя вытворцы ўжо прызвычаіліся да гэтага, часта вымушаны хітрыць, а тое і махляваць, каб толькі застацца на плыву. Сітуацыю трэба мяняць. Скажам, выдаць цалкам новыя рэдакцыі законаў, а не друкаваць малазразумелыя папраўкі аб тым, што ў такім законе такі пункт такога артыкула цяпер трэба чытаць і разумець вось так. Дзе там бізнэсмену ў глыбінцы, які толькі пачынае сваю справу, звяраць старую і новую рэдакцыю закона.

У нашай краіне людзі пераважна законапаслухмяныя, у тым ліку і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу. Але інспектары падчас праверак знаходзяць у іх шматлікія парушэнні. Пачытайце справаздачы дзяржкантролю за апошнія некалькі гадоў. Складваецца ўражанне, што мы — краіна жулікаў і махляроў. Затое ў бюджэт паступаюць мільярды рублёў. З другога боку, вялікія намаганні дзяржавы па стымуляванні прыватнага бізнэсу ў рэгіёнах, асабліва ў пасёлках, малых і сярэдніх гарадах не даюць эфекту, які чакаецца. А менавіта там самая вострая сітуацыя з працоўнымі месцамі.

Што рабіць? Максімальна спрасціць і ўніфікаваць законы і інструкцыі па вядзенні бізнэсу, зрабіць іх яснымі, празрыстымі, зразумелымі для кожнага чалавека з сярэдняй адукацыяй. Каб рухаць наперад сваю справу, а не пастаянна кансультавацца са спецыялістамі, як пазбегнуць тых ці іншых замаскіраваных падводных камянёў — парушэнняў. Скажам, калі я вытворца галёшаў, то павінен дакладна ведаць, як іх без дрэнных наступстваў прадаць на ўнутраным і знешніх рынках, напрыклад, у Манголіі, Францыі і г. д. Паверце, ніхто вам дакладна не скажа, як тут абысціся без памылак. Каб праз пэўны час чарговая праверка канстатавала: усё рабілася без парушэнняў. І не запісала ў акце рэвізіі, што вы не так выканалі, напрыклад, у статыстычнай справаздачы нейкі там адзін са шматлікіх пунктаў. А таму вось вам штраф — як гаворыцца, атрымай, вёска, трактар!

Затое чуюцца патрабаванні аб разгрузцы складоў, росту продажу беларускіх тавараў за межы краіны. Правільныя ставяцца задачы, але няхай дзяржава пойдзе насустрач, не "прэсуе" нас без відавочных на тое прычын. Мы, безумоўна, можам вырабляць усю тую гаспадарчую і бытавую драбязу не горш за кітайцаў, нават экспартаваць яе, але стварыце для гэтага ўмовы.

У нас сумленна весці бізнэс, на мой погляд, амаль немагчыма. Нават калі ты захочаш сумленна працаваць, то ў цябе нічога не атрымаецца. Па-першае, табе ніхто не паверыць, што сёння можна быць сумленным на ўсе 100 працэнтаў і пры гэтым выжываць. А па-другое, будуць смяяцца, маўляў, паглядзіце на дзівака. Можна абхітрыць, а ён усё робіць сумленна. А калі чалавек так выхаваны, што ён не можа свядома ісці на падман і парушэнні, не хоча "падмазваць" патрэбных людзей, адкупляцца ад шматлікіх правяральнікаў. Ведаеце, "белых варон" не любяць і ў сваім асяроддзі. Сёння вельмі цяжка гуляць па правілах, бо тады нават на хлеб не заробіш.

Далучэнне да масавага занятку бізнэсам шырокіх колаў насельніцтва немагчыма без элементарнай эканамічнай адукацыі. Вось тут было б дарэчы задзейнічаць магчымасці Беларускага тэлебачання. Яно выдатна нас забаўляе канцэртамі, конкурсамі, латарэямі, кулінарнымі ўрокамі прыгатавання ежы. Дык чаму не наладзіць урокі бізнэсу для пачынальнікаў, расказваць ім, як весці дакументацыю, паводзіць з падатковымі органамі і г.д. Пакажыце на ўсю краіну на канкрэтных прыкладах, што не трэба баяцца занятку малым бізнэсам, што дзякуючы яму можна нядрэнна забяспечваць дабрабыт сваёй сям'і, працаваць з прыбыткам і на перспектыву. Людзям трэба раскрыць элементарную "кухню" прадпрымальніцтва: як узяць крэдыт пад невысокія працэнты, набыць няхітрае абсталяванне, знайсці спажыўцоў.

На мой погляд, усе гэтыя размовы вакол Дырэктывы № 4 не трэба зацягваць, а трансфармаваць яе высновы і палажэнні ў правільныя для эканомікі краіны рашэнні. Канкрэтна мы, прадпрымальнікі, чакаем адпаведных змен у заканадаўстве, у практыцы правядзення праверак, па рэгламентацыі дзейнасці малога і сярэдняга бізнэсу. Вельмі многія прадпрымальнікі хочуць працаваць сумленна і пры выбары віду дзейнасці карыстацца вядомым падыходам: выгадна атрымоўваецца — займаюся, нявыгадна — няхай іншыя спрабуюць.

Рынак — лепшы кантралёр

Л.Ф. Заіка аб узнятых прадпрымальнікамі праблемах і пытаннях

Аб барацьбе за свае правы і заканадаўстве. Гэта сусветная практыка, калі прадпрымальнікі лабіруюць, актыўна адстойваюць свае інтарэсы ў органах улады, СМІ, патрабуюць прыняцця ясных і зразумелых законаў, а асобныя чыноўнікі, наадварот, схільныя да іх ўскладнення і ўвогуле занятку кручкатворствам. Бо сацыяльная роля чыноўніцтва ў свеце аб'ектыўна зніжаецца. Калі правілы гульні будуць простымі і празрыстымі, то адпадзе патрэба ў паслугах такой колькасці чыноўнікаў у шэрагу нашых міністэрстваў і ведамстваў, кантрольных службах — стане менш клопатаў з назіраннем за цэнаўтварэннем, выдачай ліцэнзій, скажам, на распілоўку лесу, нарыхтоўкі грыбоў і ягад. Таму ідзе ціхая і нябачная барацьба прадпрымальнікаў і чыноўнікаў.

У нашых прадпрымальнікаў ёсць адзін сур'ёзны недахоп: яны да канца не разумеюць сваёй ролі ў гэтым супрацьстаянні, а таму часта робяць не тое, што ім варта было б рабіць. Так, яны паасобку ці групамі спрабуюць адстойваць свае інтарэсы ў спрэчках з мясцовым чыноўнікам, падатковым інспектарам, санстанцыяй, кантралёрам. Часам атрымоўваецца "выбіць" на сваю карысць дробныя пазітыўныя рашэнні, але далёка не заўсёды. Зараз, як сведчыць прыняцце Дырэктывы №  4, завяршаецца гэты этап існавання айчыннага малога і сярэдняга бізнэсу. Яго прадстаўнікі стварылі Нацыянальную платформу бізнэсу (да яе стварэння я маю прамое дачыненне) Мэта платформы — з дапамогай сістэмных мер зрабіць канкурэнтаздольнасць нашых прыватных прадпрыемстваў больш высокай, чым у аналагічных вытворцаў у Польшчы, Літве, Германіі і г. д. Гэтага можна дасягнуць, скажам, шляхам заахвочвання і стымулявання развіцця прыватнай уласнасці, што даволі няпроста. На працягу 70 гадоў у нас усяляк ганьбілі інстытут прыватнай уласнасці — яна ў нас складае ўсяго 27-30 працэнтаў. Гэта дрэнна, бо менавіта яна на самой справе робіць чалавека свабодным і адказным. Таму прадпрымальнікам трэба ствараць саюзы, асацыяцыі, гільдыі для абароны сваіх інтарэсаў і правоў. І гэта ўжо атрымоўваецца. Нацыянальная платформа бізнэсу была цалкам улічана і адлюстравана ў Дырэктыве №  4: прапановы па свабодным цэнаўтварэнні, ліцэнзаванні і інш. Зараз мяч, як гаворыцца, на палове поля Урада — бізнэс чакае яго рашэнняў. У прыватнасці, па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці. Хоць лепшы кантралёр — гэта рынак.

Летась Беларусь на знешніх рынках павялічыла продаж прадукцыі на 22 працэнты. На першы погляд, гэта добры паказчык. Але ёсць адно істотнае "не" — вынік дасягнуты пераважна за кошт росту цэн на экспарт. У фізічных аб'ёмах мы прадалі прадукцыі, як і ў 2009 годзе. Гэта гаворыць аб тым, што рынак нас кантралюе, што ў канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі мы выкарысталі толькі цэнавы фактар, не здолелі прасунуць за мяжу больш, чым раней, сваіх тавараў. Гэта інфармацыя для сур'ёзнага роздуму над тым, як павысіць нашу канкурэнтаздольнасць, — трэба даць больш ініцыятывы прадпрыемствам, каб яны не баяліся рызыкаваць. Гэта тычыцца і малога бізнэсу.

Аб масавых падманах і хітрыках прадпрымальнікаў. Гэта сумна, бо тады мы атрымаем, калі не навядзем парадак, эканоміку карупцыі. Бо тымі, хто падманвае, рана ці позна зацікавіцца міліцыя, суд, узнікне перспектыва трапіць за краты, а значыць, з'явіцца жаданне даць хабар, адкупіцца. Несумленных бізнэсменаў у нас яшчэ хапае — напрыклад, у будаўніцтве, калі могуць узяць вялікія грошы пад будаўніцтва жылля і знікнуць.

Яўген Мікалаевіч правільна ўздымае праблему актывізацыі эканамічнай адукацыі, у тым ліку і па тэлеканалах. Дарэчы, Дырэктыва №  4 прапаноўвае стварэнне сістэмы эканамічнага "лікбезу", якім будуць займацца самі саюзы прадпрымальнікаў і іх партнёры — кансалтынгавыя фірмы, навукова-тэхнічныя арганізацыі. Пакуль манаполія на эканамічную адукацыю належыць Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму ўніверсітэту, які вырашае, як і па якіх праграмах навучаць. Хоць самі яго выкладчыкі ў бізнэсе не працуюць (ім гэта забаронена), а вучаць, як яго весці. Такая вось трохі смешная сітуацыя. Так, некаторыя выкладчыкі звольніліся і адкрылі свае цэнтры эканамічнай адукацыі, якія не маюць права выдаваць адпаведныя пасведчанні. Сітуацыя ненармальная, але я лічу, што яна вырашыцца на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў.

Увогуле, я выступаю за стварэнне ў краіне разгорнутай сеткі школ бізнэсу. І для прадпрымальніка, які пачынае, было б карысным праслухаць у такой школе курс лекцый па бухгалтарскім уліку, азах эканамічнай тэорыі, эканамічнай псіхалогіі. А пакуль сваю ролю магло б адыграць тэлебачанне. У Беларусі шмат разумных і ініцыятыўных людзей, якім не хапае элементарных эканамічных ведаў. Простыя і даходлівыя адукацыйныя перадачы для пачынальнікаў аб прыватным бізнэсе пажадана весці ў фармаце дыялогу прадпрымальнікаў, аналітыкаў, даследчыкаў і прадстаўнікоў улады рознага ўзроўню. А чаму б не пазнаёміць з беларускімі прыкладамі паспяховага станаўлення бізнэсу з нуля? Скажам, не расказаць аб дзелавой кар'еры кіраўніка фірмы "Трайпл" Юрыя Чыжа, іншых вядомых бізнэсменаў. Гэта могуць быць змястоўныя праграмы, прысвечаныя гісторыі якога-небудзь аднаго бізнэсу. Можна зрабіць цыкл перадач аб малым і сярэднім бізнэсе з практыкі іншых краін. Мне, напрыклад, спадабалася, як у Галандыі захоўваюцца і развіваюцца ў прыбытковым камерцыйным накірунку традыцыі народнага рамесніцтва, выдатна арганізавана сфера паслуг. Такія перадачы далі б станоўчыя імпульсы ў тэлеэфіры для ахвочых заняцца ўласнай справай, асабліва ў глыбінцы.

Леанід Лахманенка.

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика