Галоўны трэнер «Шахцёра» Уладзімір Журавель: «Гульцы атрымаюць прэміяльныя, але невялікія»

Источник материала:  

Кубак чэмпіёнаў Садружнасці выйшаў для нас сёлета з межаў заштатнага турніру. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі салігорскі "Шахцёр" спыніўся ў кроку ад галоўнага трафея. У паўфінале салігарчане адолелі штатнага фіналіста Кубка Садружнасці рыжскі "Сконта" (2:1), нягледзячы на драматычнае выдаленне нашага гульца, а ў выніковым матчы толькі ў серыі пенальці саступілі бакінскаму "Інтэру". Так што сезон футбола можна лічыць паспяхова адкрытым.

Телеканал "Мір" трансліраваў некаторыя матчы турніру, і прабачым расійскім каментатарам іх няведанне нашага спорту, а дакладней нашага віду спорту нумар адзін. Вось прыкладны дыялог каментатараў на матчы "Сконта" — "Шахцёр":

— Ці магчыма аднаўленне на постсавецкай прасторы футбольнага турніру кшталту чэмпіянату СССР?

— Дакладна не.

— Але ж у хакеі гэта атрымалася...

— Вось возьмем Беларусь. Там у кожным горадзе ўжо ёсць футбольная каманда — можна гуляць свой чэмпіянат. А ў хакеі ў іх толькі ў сталіцы клуб, і, здаецца, у Гродна...

І навошта ўводзіць у зман тэлеаўдыторыю? У нас не толькі клубы ва ўсіх вялікіх гарадах, але і лядовыя палацы, хацеў, няма сумненняў, пярэчыць гэтым каментатарам кожны беларускі балельшчык. І чэмпіянат унутраны ёсць — экстраліга. Міхаіл Захараў, калі б пачуў, расказаў бы вам пра наш хакей, але, Міхаіл Міхайлавіч футболам у гэты час наўрад ці цікавіцца.

Але вернемся да футбола. Беларусь ніколі не выйгравала Кубак Садружнасці. Лепшым вынікам да гэтага было таксама другое месца. У далёкім 1993-м мінская "Беларусь" дайшла да фіналу і саступіла там маскоўскаму "Спартаку" з лікам 0:8. Так што сёлетні вынік яшчэ і куды больш прывабны. Расказаць пра турнір і адчуванні пасля бліскучага паўфіналу і пройгрышу ў фінале мы папрасілі галоўнага трэнера "Шахцёра" Уладзіміра Жураўля.

 

Галоўны трэнер «Шахцёра» Уладзімір Журавель: «Гульцы атрымаюць прэміяльныя, але невялікія»— Уладзімір Іванавіч, якія пачуцці пераважаюць: радасць ад дастойнага выніку на турніры або засмучэнне ад прайгранага па серыі пенальці апошняга матча?

— З майго пункту погляду як трэнера, не цалкам паспяхова ўсё атрымалася. Але мы выглядалі дастойна.

— З якім настроем вы ехалі на турнір? Каманда толькі выйшла з адпачынку, і наўрад ці быў час спецыяльна рыхтавацца да Кубка Садружнасці...

— Асцярогі, вядома ж, існавалі, бо часу на падрыхтоўку сапраўды было няшмат. На турніры мы вымушаны былі правесці шмат гульняў за кароткі тэрмін. Баяліся перш за ўсё вялікай колькасці траўм. Але мы дастойна справіліся. Толькі 3-4 гульцы мелі невялікія праблемы са здароўем. Зразумела, мы ставілі максімальныя мэты. Але ставіць іх і дасягаць імкнуліся крок за крокам. Адсюль і расчараванне ад таго, што ў апошнім матчы ўсё вырашыла латэрэя. І ў гульцоў непрыемны асадак застаўся. Мы правялі з камандай выніковы сход і патлумачылі гульцам, што турнір быў найперш этапам падрыхтоўкі да Кубка Беларусі і чэмпіянату. Таму занадта засмучацца не трэба. Гэтак жа, як няма нагоды радавацца і святкаваць вельмі доўга.

— Кіраўніцтва клуба разлічвала на такі вынік? Ці, магчыма, вам дастаткова было не прайграць усе матчы ў групе?

— Зразумела, цяжар адказнасці на нас ціснуў — мы ж прадстаўлялі ўвесь беларускі футбол. Усе ехалі з надзеяй перамагчы, і кіраўніцтва ў тым ліку спадзявалася на добры вынік. Паўтаруся, што "Шахцёр" заўсёды ставіць максімальныя задачы.

— Гульцы атрымаюць узнагароджанне ад федэрацыі ці кіраўніцтва клуба?

— З кіраўніцтвам клуба загадзя існавала дамова, што ў залежнасці ад занятага месца гульцы атрымаюць прэміяльныя. Так што матэрыяльнае заахвочванне будзе, але яно невялікае.

— Як каманда адзначыла сваё ўдалае выступленне?

— Футбалісты перажывалі і перад фіналам, і падчас матча. За такую колькасць гульняў назапасілася вялікая стома, і на яе фоне расчараванне ад пройгрышу, якое так проста з галавы не выкінеш... Камандай мы не збіраліся для святкавання, ва ўсякім разе афіцыйна.

— Які ўзровень арганізацыі турніру?

— Усё было на найвышэйшым узроўні, і мы падзякавалі Расійскаму футбольнаму саюзу перад ад'ездам. Усе 16 каманд жылі ў адной гасцініцы. Харчаванне, аднаўленне, транспарт — усё было да нашых паслуг.

— Расія і Украіна не першы год выстаўляюць на турнір моладзевыя склады. Як вам сёлетняе прадстаўніцтва?

— У кожнага клуба свае мэты, у залежнасці ад якіх яны вырашаюць, каго выстаўляць. Усе 16 каманд былі прыкладна аднаго ўзроўню. І ў фінале сапраўды сышліся наймацнейшыя.

— Пакуль "Шахцёр" на Кубку Садружнасці аддуваўся за ўвесь беларускі футбол, вашы супернікі актыўнічалі на трансферным рынку. Леанід Ковель, які уваходзіў у сферу інтарэсаў "Шахцёра", перайшоў у гэты час у мінскае "Дынама". З гэтага пункту погляду не шкадуеце аб паездцы?

— Наша выступленне з трансфернай палітыкай не звязана, яно не перашкаджала весці перамовы. Самае галоўнае, што нам удалося захаваць касцяк каманды. У новым сезоне да нас далучацца Чалядзінскі, Сокал, расіянін Каламыц. І ў гэтым плане мы, упэўнены, не памыліліся.

— Якія планы ў "Шахцёра" на бліжэйшы час?

— Зараз у футбалістаў будзе два дні адпачынку. А 27 студзеня мы вылятаем у Турцыю на дзесяцідзённы збор. Большую яго частку прысвецім аднаўленчым мерапрыемствам: гульцам трэба прыйсці ў форму пасля турніру.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика