Жыццё... Адзінае...

Источник материала:  

Ціхай сапай, як той кот,

Надыходзіў Новы год...

Сярод прыкмет яго, таго надыходу, былі абвесткі. Прынамсі, аднолькавым (а ўжо кідкім, чырвоным...): "Дзед Мароз і Снягурка! Сюрпрыз для вас і вашых дзяцей!" нехта абклеіў ці не ўсе пад'езды ў нашым мікрараёне, ці не ўсе слупы на прыпынках.

І тым не менш, звычна ловячы вокам тры першыя словы, у чацвёртым я, асабіста, зноў і зноў памылялася, чытала не сюрпрыз, а... стрыптыз.

Можа, таму, што чаго-чаго, а першага (нечаканых падарункаў, здарэнняў) па цяперашнім часе чакаць не даводзіцца?

 

Каму вайна...

Сталіца. Крама з прамтаварамі. Народу няшмат. І раптам, у момант... чарга: дываны ў продаж выкінулі. "У адны рукі па два не даваць!" — загудзеў натоўп. Ён жа некаму закрычаў сваё ўлюбёнае: "Куды лезеш?" і "Вас тут не стаяла!"

...Думала, нейкі сон. Альбо "глюкі"?

Аказалася — не: у тую краму "канфіскат" завезлі. Гэта значыць (прадавачка патлумачыла), што ў адных (гандляроў-прадпрымальнікаў?) гэтыя дываны забралі (сканфіскавалі), а другім, за паўцаны, прадаюць.

Кому вайна, як кажуць...

Пад святлафорам

...Здалёку ехалі і такі ж прыехалі: з шумнага сталічнага праспекта засталося звярнуць у двары, а перад гэтым — спыніцца перад святлафорам і прапусціць пешахода — аднаго, жанчыну. Ёй — зялёнае, яна ўжо ступіла на "зебру". Але, убачыўшы машыну, — здала назад.

"Ідзіце!" — узмахам рукі загадвае ёй кіроўца, аднак жанчына "не бачыць": яна стаіць, як слуп, тупа глядзіць на зялёнае святло (чакае чырвонага?).

— Ну, баба! — псіхуе кіроўца. — Не ведае, чаго хоча!

...Як, відавочна, не ведае і ён, мужык (а трэба!), што жанчына — так бы мовіць, нагамі — мабыць, тут, пад святлафорам, а думкамі — далёка-далёка! І тады (свят-свят-свят!) ёй... усё роўна, зялёнае тут святло ці чырвонае.

Ад ліха — ціха...

Лёс звёў, лёс развёў... З Пятроўнай — гадоў дзесяць назад. Тым прыемней цяпер спаткацца і спытаць: "Ну, як вы?".

"Дзякую... Добра!", — хваліцца жанчына і адразу ж дае "расшыфроўку". Добра, што больш-менш ёй служыць здароўе; добра, што дамоў прыносяць пенсію; добра, што пры хаце ёсць кавалачак зямлі, а на падворку, хай сціплая, але ж гаспадарка — сабака, куры, кот; добра, што прыязджаюць дзеці! А найлепш — што ўсё добра, як быццам, і ў іх: абедзве дачкі з адукацыяй (гэта я ведала), абедзве працуюць па спецыяльнасцях, абедзве замужам (старэйшая, як быццам, была ў разводзе?), абедзве гадуюць дзяцей. "Так што нам з дзедам грэх яшчэ скардзіцца, — завяршае кабета, — грэх нечага хацець: усё, дзякуй Богу!"

...Ну, хоць у некага! — цешуся я. Але ж час у нас яшчэ ёсць, пытанне таксама (пра той развод...), і мы няспешна гамонім далей.

— Праўду кажаш: з першым сваім старэйшая развялася, — працягвае кабета. — Выйсця не было — рабіць нічога не хацеў, а вось каб піць... На працу недзе ўладкуецца, месяц патрымаюць ды выганяць — новую працу шукае. А яе ж так лёгка знайсці... Вось дачка цярпела-цярпела ды плюнула. Лепш, сказала, адной, чым з гэтым жываедам. Хлопчык ад яго застаўся, а зарплата невялікая — жыві, як хочаш! Вось яна пакруцілася, як тая вавёрка ў коле, — ды за другога... Ён са школы за ёю лётаў, замуж зваў. Тады не пайшла, а цяпер... Не, ён не п'е, няблага зарабляе. Але ж, ведаеш, яно і з любімым мужам усяляк бывае, а тут нелюбімы... Цяжка. Хлопчык яе во школу канчае. На доктара паступаць хацеў, — айчым як адрэзаў: "Бач, паселі на мой карак — усё жыццё вас буду цягнуць?! У аўтаслесары пойдзеш, там грошай больш...". А дактарам жа мала плацяць. Я па сваіх ведаю: і меншая мая, і мужык яе — медыкі, абое на паўтары стаўкі працуюць... Дачушка ёсць. Адна... Такая ўжо разумніца! І на музыку, і на маляванне ходзіць... Цудоўнае дзіця — восем гадкоў. Самы час бы цяпер яшчэ дзіцятка нарадзіць, хлопчыка зяць вельмі хоча, а на што яго гадаваць? Мы ж са старым ужо не дапаможам. То няхай самі як-небудзь круцяцца — можа, другую работу шукаюць ці што? Маладыя...

Яны... І такое ж жыццё — маладое, адзінае. Але пражываецца зусім не так, як хочацца, а так, як... выпадае.

Два берагі

Пачыналася ўсё амаль прыстойна: гадзін у дзевяць-дзесяць вечара з-за сцяны (знізу, зверху ці збоку. — У шматкватэрным доме гэтага не зразумець) данеслася працяжнае "Ой мороз, мороз" і "По Дону гуляет козак молодой...". Потым над тынам захісталася тонкая рабіна, Алёна ўзялася мыць ручнікі, Галя панесла ваду, нехта спусціўся з горачкі і "... На том берегу было все в первый раз"...

На гэтым ("беразе" і ў чарговы...) я з падушкай хадзіла па хаце — шукала і, на жаль, не знаходзіла, ціхага месца, каб, нарэшце, заснуць...

Раніцай прыбегла на прыпынак, здалёк убачыла свой тралейбус, а зблізку — што кіруе ім жанчына — маіх гадоў, маёй камплекцыі, у такім жа светлым пінжачку...

Вусцішна стала: а раптам і ў яе ноч-апоўнач быў гэткі ж "канцэрт"? Раптам і яна не спала?

Куды тады завязе?

Каб зразумелі

Сяброўкі завуць яе Птушкай. Відаць, таму, што яна ці не заўсёды ў палёце, ці не заўсёды ў справах і клопатах — пра матулю, дачку, унучку, пра чужых дзяцей з гарадскога хоспіса, пра знаёмых і зусім незнаёмых і толькі потым ужо — пра сябе...

Зрэшты, цяпер гэты клопат перамясціўся: яна шукае работу — новую, бо "старую"...

Пытацца пра яе — значыць сыпаць соль на жывую рану, бо справу сваю гэтая жанчына і ведала, як "Ойча наш", і вельмі любіла, мела сілы, жаданне працаваць, але...

Але ўстанова (і ці толькі яе?) узяла курс на "амалажэнне кадраў", а таму з асобамі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, перастала падпісваць кантракты. (Гэта некалі нічога падобнага не было, ніхто не глядзеў на гады: працуеш — працуй! Хоць да 80. Калі можаш і хочаш... Потым увялі...).

Тым, хто гэта зрабіў, Птушка зычыла спачатку многага. Цяпер — таго ж, што мае сама: каб ім, лічы, без прычыны, не падпісалі кантракт; каб далі, як большасці ў падобных выпадках , 200 долараў пенсіі; каб яны ў горадзе на гэтыя грошы паспрабавалі пражыць і потым гэтаксама пашукалі работу. А яшчэ каб ім — з іх вышэйшай адукацыяй, розумам, досведам — не прапанавалі нічога, апроч пасад прыбіральшчыка ці фасоўшчыка круп (у найлепшым выпадку за тыя ж 200 долараў).

Напісанаму верыць

— Мама, давай купім...

Да падобных просьб-патрабаванняў Лена прывыкла. Вядома ж — дзіця: у некага нешта згледзіць, недзе нешта пачуе, — адразу ж "хачу"... І "трэба".

Шчасце яшчэ, што на гэты раз не мабільнік, не джынсы-красоўкі, не ролікі, а... хоць бы з дзясятак латарэй — каб з гарантыяй — выйграць.

Сказала, што дакладна ведала: бясплатны сыр — хіба ў пастцы, спадзявацца на гэта не варта, а таму на пустое, на вецер яны выкінуць грошы...

Аднак словы, бачыла, не "працавалі" — адскоквалі ад дзіцяці, як ад сценкі гарох, у вачах пакідаючы крыўду...

Рабіць не было чаго: дастала кашалёк, адлічыла пасільную суму, дала. Але з умовай, што сын і цяпер, і потым будзе весці строгі ўлік — гэта значыць, акуратна, у слупок, запісваць дзве сумы: колькі патраціў на білеты і колькі выйграў.

...Для таго, каб на свае вочы ўбачыць, што латарэя — не што іншае, як падатак з людзей, якія ў школе не хацелі вучыць матэматыку, трэцякласніку спатрэбілася два слупкі — 12 лічбаў.

Толькі праўду!

— Простите, — неспадзеўкі прагучала ля вуха, — я на этом троллейбусе доеду до проспекта Независимости?

Сказала, што дакладна ведала:

— Так, даедзеце.

— А это далеко? Сколько остановок? — рашыла ўдакладніць спадарожніца.

— У-га! Шмат... Я скажу, дзе выходзіць...

Гэта — для грамадскага транспарту сталіцы — звычны дыялог.

Як і сумныя думкі потым. Напрыклад такія: жанчына, што пытала пра той праспект, тутэйшая, вясковая — гэта напісана на ўсім яе абліччы: на сціплай, старанна падабранай вопратцы, на абветраным твары, спрацаваных руках). Але ж выдаваць сябе, як кажуць, з галавой (яшчэ і маўленнем) яна (як і безліч іншых!) баіцца (?), не хоча, не лічыць магчымым — нават падумаўшы: па дарозе да таго праспекта яшчэ двойчы падыходзіла і з тым жа ветлівым "простите" пыталася, ці хутка прыедзем.

— Вы некуды спазняецеся? — паспагадала ёй. — Падказаць дарогу?

— В онкологический диспансер, — скорагаворкай адказала кабета.

— Тады з прыпынку вам трэба вярнуцца назад. На вось гэтым скрыжаванні пяройдзеце на той бок вуліцы, пройдзеце...

Вачыма поўнымі жаху (ад таго, што патрэбны "аб'ект" так блізка) жанчына глядзела за акно — на тую, намаляваную мною кароткую "сцежку".

Тралейбус між тым ужо пад'язджаў да прыпынку.

І ў мяне яшчэ заставаўся час, каб сказаць жанчыне, што ўсё ў яе будзе добра. Каб верыла і не баялася, каб трымалася і мела за што...

Але я... маўчала.

Потым зразумела чаму: па-беларуску ў беларускай сталіцы, дзе, здаецца, ці не кожны голас палічаны, можна гаварыць толькі праўду, толькі тое, што дакладна ведаеш, нельга хлусіць. Нават "во спасение".

Суб'ектыўнае, смешнае меркаванне, але...

Можа, таму і выракаюцца мовы шмат хто з начальства?

Асобная сям'я — асобная дзяржава

Сын у Галі адзін. І гадаваць яго давялося адной. Але ж яна неяк здужала — вырасціла, вывучыла... Адзінае — ажаніць не магла: да трыццаці бабылём заставаўся, толькі потым нявеста з'явілася.

Маці на радасцях (каб тое дзяўчо прыйшло і засталося) рашыла рамонт у кватэры зрабіць: памяняла шпалеры, сантэхніку, плітку...

І сын такі ажаніўся — стварыў сям'ю!

А праз паўгода...

Відаць, схалтурылі, штось недаварылі тыя зваршчыкі-сантэхнікі: на кухні, пад ракавінай прарвала трубу.

Дома (лета, выхадны) нікога не было. У суседзяў знізу — таксама, таму аварыю заўважылі толькі тады, калі вада з іх шостага паверха дайшла да трэцяга. Пакуль прыехала аварыйная, пакуль шукалі ключы ад падвала ды ламалі дзверы, каб перакрыць падачу, затапілі яшчэ дзве кватэры. Усяго — пяць (адну з новым паркетам і еўрарамонтам)!

Што іх гаспадары сказалі вінаватай, здагадацца не цяжка.

Не выпадала маўчаць і ёй: прылюдна, усім пацярпелым слова дала, што страты кампенсуе, усе да капейкі... Нават калі для гэтага прыйдзецца прадаць кватэру...

Ад падобнай крайнасці Бог засцярог (проста ў даўгі па вушы ўлезла)...

Ды і людзі ў пад'ездзе, як аказалася, зусім не звяры. Бачылі аварыйную і "надзвычайшчыкаў", чулі пра бяду (ад якой ніхто не застрахаваны) і таму — рашылі скінуцца, хто колькі можа. Энтузіясткі прайшлі кватэрах, нават зрабілі спіс, хто колькі даў.

Што цікава: разбежка ў сумах была вялікая — недзе "у шапку" паклалі тысячу, недзе — пяць ці дзесяць, у адной нават сто...

Нічога не далі толькі адзінкі.

І... сын з нявесткай.

Тастамент

...Гэта ўжо за правіла: выходзячы, выбягаючы з дому, выключыць усё, што ўключалася, — прас, пліту, святло, тэлевізар...

І, прынамсі, адтуль у апошні момант пачуць, што Мікелянджэла ў свой час завяшчаў (ацаніце!) душу — Богу, цела — зямлі, маёмасць — родным...

Хораша! І, галоўнае, коратка як! Ёмка, лагічна, бо каму ж яшчэ?!

Пакуль разважала так, дабегла да метро.

Там і ў тую гадзінку было вельмі многа людзей і, раптам (хтось запаліў паперы ў сметніцы) — вельмі мала паветра. Настолькі, што ледзьве... "адпаўзла" — села, каб аддыхацца (калі Бог дасць) і міжволі падумаць пра... некралог, які, калі што, нехта ж напіша... Напіша, што жыла і памерла, маўляў, так, як хацела: не абцяжарыўшы ні дактароў, ні сям'ю — без пакут, на хаду.

Што, безумоўна ж, добра! Нават гучыць!

Але — не цяпер, потым.

Душу — Богу, цела — зямлі...

Валянціна Доўнар.

 

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика