«Загрыміруем цябе так, што родная маці не пазнае...»

Источник материала:  

Журналіст "Звязды" пад выглядам артыста трапіў у новае музычнае шоу тэлеканала "АНТ". Але за дзень да выступу атрымаў гематому пад вокам.

Як тэлевізійшчыкі выйшлі з сітуацыі? Пра ўсе мае прыгоды на здымачнай пляцоўцы чытайце ў гэтым матэрыяле.

Здымкаў на тэлебачанні я чакаў з трапятаннем сэрца. Нават мала спаў па начах. Яшчэ дзень-два — і я змагу засвяціцца ў кампаніі беларускіх зорак. Сфатаграфавацца з імі, выставіць гэтыя карткі ў сацыяльныя сеткі, паказваць іх дзецям і сябрам. Ура!

Такім я прыехаў на здымачную пляцоўку. Пад левым вокам відавочныя гематомы.

«Загрыміруем цябе так, што родная маці не пазнае...»Як гэта стала магчыма? Нагадаем, што год таму журналісты "Звязды" Яўген Валошын і Глеб Лабадзенка арганізавалі рок-гурт HаndmаdЕ. Да нас далучыліся добрыя музыкі, напрыклад, вядомы ў колах прафесіяналаў кампазітар і гітарыст Андрэй Маркуц. Мы запісалі свае песні на студыі і выклалі іх у інтэрнэт. Праз нейкі час HаndmаdЕ запрасілі выступіць у Літве, Польшчы, нас сталі клікаць на карпаратыўныя канцэрты ў Мінску. І вось тэлеканал "АНТ" прапанаваў гурту выступіць у новым праекце "Эстрадны кактэйль". Далі магчымасць не толькі выканаць кампазіцыю на сцэне, але і прапанавалі ўзяць у нас жартаўлівае інтэрв'ю.

Ды за дзень да паходу на тэлебачанне здарылася непрадбачанае: на трэніроўцы па тайскім боксе я, саліст гурта, прапусціў правы бакавы ў твар і выйшаў з залы з ладна падбітым вокам. Нават шлем не ўратаваў... Але што зробіш.

І вось у шэры будні дзень мы, усе музыкі гурта HаndmаdЕ, прыязджаем на кінастудыю "Беларусфільм", дзе здымаецца праект. Іншыя артысты пазіраюць на мяне, як на вялікую зорку. Яшчэ б, такая гуля пад вокам! Пабачыш — не забудзеш.

— Вой, Жэня, ты ж ведаў, што ў цябе здымкі на тэлебачанні! Няўжо нельга было проста папрысядаць ці ў басейне паплаваць, — журыла мяне Люба, прывабная супрацоўніца тэлеканала, якая ўдзельнічае ў падрыхтоўцы праграмы. — Але нічога, цябе зараз так загрыміруюць, што родная маці не пазнае.

— Няўжо! — дзіўлюся я.

— А ты думаеш, што ўсе акцёры і артысты сапраўды такія прыгожыя? Прышчы ў іх не выскокваюць, герпес не з'яўляецца і мяхі пад вачыма не набрыняюць? Не хвалюйся, зараз будзеш, як Рычард Гір.

І вось мы ўсім гуртом стаім у чарзе на грыміроўку. А сэрца трапеча, бо побач праходзяць мегазоркі. Вось крочыць наша прымадонна Ірына Дарафеева, важна плыве па калідоры легендарная Ксенія Сітнік, жартуе ў куце з худымі паненкамі непараўнальны Дзядзя Ваня. Карацей, усіх нашых мегазорак не ўзгадаю, ды і эпітэтаў яркіх на ўсіх не хопіць. Удзел у праекце прыме пад дзве сотні чалавек...

Падышла мая чарга на грым. Стыліст Ксюша спрытна апрацавала танальным крэмам гематомы на твары, напудрыла-падмалявала — і перад люстэркам сядзіць зусім іншы чалавек. Хоць у кіналенту "Тытанік-2" размяркоўвай на галоўную ролю.

— Запрашаем гурт HаndmаdЕ на сцэну! — прагучала просьба па рацыях тэлевізійшчыкаў.  

Ксюша лоўка грыміруе мае пабоі.

«Загрыміруем цябе так, што родная маці не пазнае...»

І нас заводзяць у здымачны павільён, дзе ўсталявана сапраўдная сцэна. Лямпачкі мігцяць, падлога свеціцца, прыступкі блішчаць! Барабаны ўсталявалі на другім паверсе сцэны. Карацей, такая пляцоўка, што і Алу Барысаўну можна ставіць песні спяваць.

Перад намі запісвалі экстравагантную Ірыну Відаву. Артыстка спявала, напэўна, пра высокія пачуцці, відаць, што вельмі перажывала, а яшчэ плаўна танчыла і эфектна ўскідвала руку ўгару.

— Дзякуй, знята! — камандуе строгі рэжысёр.

Наступнымі на сцэну ўзляцелі манерныя спевакі з гурта "Атлантыка". Яны экспрэсіўна выконвалі англамоўную песню, цягнулі рукі да святочна апранутых гледачоў. Так стараліся, так выкладваліся, што ў саліста на макаўцы парушыўся грым. Падправілі і запусцілі другі дубль. Я ж, паглядаючы за выступам "Атлантыкі", матаў на вус харэаграфічныя фішкі, якімі можна чапляць гледачоў: дзе-нідзе трэба рэзка тупаць нагой, калі-нікалі можна схапіць і панахіляць мікрафонную стойку...

Падышла і наша чарга! Запісвалі песню "Вуліца-дым".

— Хлопцы, мікрафоны апусціце трошкі ніжэй, іначай не будзе відаць вашых твараў, — патлумачылі нам важны тэлевізійны нюанс.

Запіс пайшоў, мы стараліся і танчылі. Я, падкідаючы гітару, рабіў імклівыя крокі то ўправа, то ўлева, пранізліва туліўся да мікрафона і нават падміргнуў адной маладзенькай глядачцы. Для падстрахоўкі вырашылі зрабіць яшчэ адзін дублік (перад гэтым грымёр Ксенія яшчэ раз падмазала маю гулю пад левым вокам). Так даволі хутка мы ўсё і запісалі.   На выхадзе мне зрабілі амаль беззаганны твар. Вось ён — шоу-бізнэс.

«Загрыміруем цябе так, што родная маці не пазнае...»Наступны этап — дзёрзкае інтэрв'ю з вядоўцамі Георгіем Калдуном і Вольгай Багатырэвіч. Нас пасадзілі на скураную канапу і пачалі распытваць пра гурт. Мы расказалі што самі пішам музыку і тэксты. Таму гурт і называецца HаndmаdЕ, маўляў, усё арыгінальнае, эксклюзіўнае, сваё.

— Можа, вы і вопратку самі робіце? — падкалола Вольга Багатырэвіч наш просты хлапечы стыль, без блёстак і нагавіцаў у абліпку.

— Мы — тэхаскія каўбоі, наш выгляд просты, — адбіў я атаку.

— Няўжо вам зручна і натуральна пісаць беларускамоўныя тэксты? — далікатна запытаўся Георгій Калдун.

— Родная мова прысутнічае ў нас на генетычным узроўні, — разышоўся я з важным выглядам. — Мой дзед у Берліне фашыстаў падстрэльваў і пры гэтым гаварыў па-беларуску.

— Што рабіў ваш дзед і калі?

— Фашыстаў знішчаў у 1945-м...

Спадзяюся, гутарка атрымалася жывая. Усё ж такі шоу, а не выступ на навуковай канферэнцыі. Калі ляпнуў чаго лішняга — выражуць.

Якое ўражанне пакінулі здымкі? Я ўсцешыўся, што на самым папулярным беларускім тэлеканале нарэшце зацікавіліся нацыянальнай мовай і прасоўваюць гурты, якія спяваюць па-беларуску. Ды і ўвогуле выканаўчы дырэктар праекта "Эстрадны кактэйль" Міхаіл Бычанок паспрыяў, каб у здымках паўдзельнічаў цэлы шэраг цікавых жывых праектаў: "Без билета", Rаhіs, Tаnіn Jаzz, "Жнюв" і іншыя. Цяпер ніхто не скажа, што "зноўку сабралі другарадных бульбапапсавікоў".

"Эстрадны кактэйль" выйдзе ў эфір ужо з 30 студзеня. Шоу будзе цягнуцца да лета.

Калі на блакітных экранах пакажуць HаndmаdЕ, пакуль невядома. Як толькі гэта здарыцца, відэаролік з выступам гурта мы выкладзем на сайт zvіаzdа.bу. Песню "Вуліца-дым" можна паслухаць на старонцы wаlоshуn.blоg.tut.bу.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика