Бывай, пангасіус!

Источник материала:  

Спажывец

   

Імпартная рачная рыба ў нас ужо не будзе прадавацца, і мяне гэты факт узрадаваў, а вось жонку засмуціў.

Мне пангасіус абрыдзеў, у параўнанні з ім і ўюн — далікатэс. І што гэта за рыба, калі ад яе палова патэльні тлушчу? А жонка — наадварот — хваліць: "Ты паглядзі, якая далікатная, адходаў няма, а ў аптовай краме за 7 тысяч купіць можна". Але ж я люблю карпа фаршыраванага і цяпер сам яго чышчу, здымаю скурку... І гэта здарылася пасля таго, як жонка прынесла з крамы тры кілаграмы філе пангасіуса, а я з рынку — тры карпы, і кожны пад кілаграм.

Філе пангасіуса кінуў на патэльню, і праз некалькі хвілін можна падаваць на стол, а затым глядзець "Чыста англійскае забойства" ці вязаць чарговы світар, што жонка і робіць.

Лічыцца, што ў карпа шмат адходаў. Але не зусім так атрымліваецца пры фаршыраванні карпа, хоць паваждацца з ім прыходзіцца.

Бывай, пангасіус!Найперш рыбу неабходна ачысціць ад лускі, адрэзаць галовы і, выкінуўшы з іх жабры, выкарыстаць для юшкі, выцягнуць з карпаў вантробы, парэзаць тушкі на кавалкі (кілаграмовы карп на 4 часткі) і з кожнага кавалка зняць шкуру, каб яна была кольцам, затым ад костак аддзяліць мяса (косткі не выкідваць), якое пойдзе на фарш разам з цыбуляй, сухарамі з батона, яйкам... і ўсё гэта прапускаецца праз мясарубку. Фаршам набіваюцца шкуркі карпа, і затым страва доўга тушыцца сярод буракоў, морквы і прыпраў.

Карпаў я фаршырую сам (а на агонь ставіць жонка), але апускаю некаторыя тонкасці гатавання, бо кожная гаспадыня, якая мае цярпенне, можа справіцца з гэтай стравай. Хоць першы блін і... але нічога страшнага. Галоўнае — атрымаць задавальненне і падысці да справы з душой. Кожны, хто паспытаў фаршыраванага карпа ці шчупака, забудзе пра філе пангасіуса.

Тут шмат залежыць ад звычкі і мясцовых традыцый. Напрыклад, жонка вельмі любіць пельмені — лепіць іх сотнямі і трымае ў маразільніку. Я супраціўляўся сорак гадоў і ... зламаўся. А цяпер шчыра скажу, што пельмені іншым разам ідуць за далікатэс.

А што датычыцца карпа, то нашы рыбгасы без вялікіх намаганняў здольныя забяспечваць ім спажыўца круглы год.

Закругляюся. Фаршыраваны карп — гэта нацыянальная страва яўрэйскай кухні. А калі іх нацыянальную страву прыняць пад наш нацыянальны напітак, то можна рабіць любы гешэфт.

Адным словам — бывай, марожаны пангасіус, а жывы карп заўсёды побач.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

←Тенденции прокурорского надзора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика