Старасць — не хвароба, або Каму даглядаць старых?

Источник материала:  
20.01.2011 09:43 — Новости Общества

Старасць — не хвароба, або Каму даглядаць старых?


Нашы блізкія з цягам часу мяняюцца — старэюць. Але што такое старасць? Калі коратка, то гэта цалкам заканамернае, паступовае згасанне ў рабоце ўсіх органаў і сістэм, у тым ліку нервовай. Змены ў псіхіцы адбіваюцца на паводзінах, ускладняюць здольнасці старога чалавека спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі, зніжаюць гібкасць і жвавасць розуму, нараджаюць схільнасць да кансерватызму, ідэалізацыю таго, што было раней, пэўнае перабольшанне сваёй ролі ў мінулым. У шэрагу выпадкаў далучаюцца і спецыфічныя станы — зніжэння інтэлекту (дэменцыі), хвароба Альцгеймера, што істотна ўскладняе жыццё не толькі самому хвораму, але і навакольным...

Неразуменне блізкімі тых працэсаў, што адбываюцца ў арганізме іх старога сваяка, нараджае шмат канфліктных сітуацый, выклікае шэраг пытанняў, у тым ліку і такое: хто і як павінен даглядаць старых? Самі сваякі? Спецыяльна навучаныя сядзелкі? А можа, трэба больш актыўна адкрываць спецыяльныя інтэрнаты? Адказы на такія пытанні будзем шукаць разам з дацэнтам кафедры рэабіліталогіі Дзяржаўнага інстытута ўпраўлення і сацыяльных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта, кандыдата медыцынскіх навук Уладзіміра Мількамановіча.

— Павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця і хуткі рост колькасці людзей сталага ўзросту робяць усё больш актуальным практычнае развіццё навукі герантапсіхалогіі і герантапсіхіятрыі — псіхалогіі і псіхіятрыі пажылых людзей. Мяркуецца, што наперадзе нас чакае эпідэмія такога псіхіятрычнага захворвання, як хвароба Альцгеймера, што абумоўлена актыўным укараненнем у жыццё шматлікіх дасягненняў цывілізацыі. Трэба прызнаць: магчымыя наступствы ўздзеяння электрамагнітных палёў да канца не вывучаны. Даследаванні ў гэтым накірунку працягваюцца. Так, у людзей, якія загінулі ў маладым узросце і якія актыўна карысталіся прыборамі з электрамагнітным выпраменьваннем, былі выяўлены першыя прыкметы марфалагічных змяненняў мозга, — падобныя на тыя, што назіраюцца пры хваробе Альцгеймера. Калі дапусціць, што падобная гіпотэза мае права на жыццё, то абсалютная большасць цяперашніх маладых людзей сутыкнецца з дэменцыямі — зніжэннем інтэлекту або хваробай Альцгеймера.

— Дапусцім, электрамагнітнае выпраменьванне ўзмоцніць праблему зніжэння інтэлекту ў сталым узросце, аднак яна мела месца і раней. Чаму і якім чынам пачынаюцца падобныя працэсы?

— Вядучыя фактары ў старэнні ўсяго арганізма — старэнне нервовай і эндакрыннай сістэм. З цэнтральнай нервовай сістэмай непасрэдна звязаны розныя формы прыстасавання, адаптацыі, што спрыяе павелічэнню працягласці жыцця. Парушэнні ў рабоце нервовай сістэмы абумоўлены старэннем рэцэптараў, што праяўляецца досыць рана і працягваецца ўсё жыццё. Пачынаючы з 50-60 гадоў, змяншаецца колькасць нервовых клетак — нейронаў. Яны, на жаль, не аднаўляюцца. У белым і шэрым рэчывах галаўнога мозга адбываюцца незваротныя атрафічныя працэсы. Адначасова зніжаецца ўзровень сератаніну, норадрэналіну і іншых нейрамедыятараў, што робіць чалавека ўразлівым да дэпрэсіі ў адказ на стрэсы. Ва ўзросце пасля 65 гадоў з дэпрэсіяй сутыкаецца дзесьці кожны дзясяты.

Першыя прыкметы старасці з боку нервовай сістэмы праяўляюцца не раптам, а паступова. Спачатку гэта адбіваецца на разумовай і фізічнай працаздольнасці, памяці, эмоцыях, складаных паводзінскіх рэакцыях і г.д. Пажылы чалавек сам заўважае, што ў яго пагоршылася памяць, асабліва на бягучыя падзеі, імёны і прозвішчы, ён адчувае павышаную стамляльнасць, асабліва пры разумовай рабоце. Мяняецца почырк, падчас пісьма ў словах прапускаюцца літары. Пажылыя становяцца няўважлівымі, забываюцца на ўсялякія дробязі, напрыклад, куды паклалі акуляры; не могуць падоўгу знаходзіцца ў душных памяшканнях, паколькі ў старых хутка наступае кіслароднае галаданне мозгу. З цягам часу пажылыя становяцца ўсё больш раздражнёнымі, плаксівымі, з вялікай неахвотай прымаюць усё новае.

Інтэлект пачынае зніжацца на трэцім дзесяцігоддзі жыцця і да 70 гадоў дасягае прыкладна 70 працэнтаў ад першапачатковага ўзроўню. Цікава, што ў людзей, якія мелі ў юнацтве высокі зыходны каэфіцыент інтэлектуальнасці, зніжэнне інтэлектуальных функцый пачынаецца значна пазней і працякае не так выражана. Пры гэтым чым вышэй першапачатковы ўзровень інтэлекту, тым слабей спад у пажылым узросце. Поспех у прафесійнай дзейнасці, агульная задаволенасць жыццём і сямейным становішчам ствараюць добрыя перадумовы для захавання інтэлектуальнага ўзроўню і яго пастаянства.

— І ўсё ж такі старыя — розныя. Ёсць добрыя і мудрыя, а ёсць, сапраўды, злыя, капрызныя і незадаволеныя...

— Прадстаўнікі першага тыпу без асаблівых эмацыйных парушэнняў перажываюць выхад на пенсію. Яны, як правіла, рыхтуюцца да гэтай падзеі, плануюць будучы вольны час, прадбачаць негатыўныя станы і падзеі ў перыяд адстаўкі. Занятак іншай цікавай справай, устанаўленне новых сяброўскіх сувязяў, захаванне здольнасці кантраляваць сваё акружэнне нараджае задаволенасць жыццём і павялічвае яе працягласць. А ў прадстаўнікоў другога тыпу людзей пасля выхаду на пенсію развіваецца пасіўнае стаўленне да жыцця, звужаецца кола іх інтарэсаў і зніжаюцца паказчыкі тэстаў інтэлекту. Яны страчваюць павагу да сябе і перажываюць пачуццё непатрэбнасці.

— Адна справа — такія заканамерныя змены, як саматычныя хваробы, але іншая — захворванні псіхікі, тая ж сумна вядомая сваёй невылечнасцю хвароба Альцгеймера... Ці варта разлічваць на медыкаменты, здольныя прыпыніць, калі не вылечыць псіхічныя хваробы, абумоўленыя ўзростам?

— Хвароба Альцгеймера — шырока распаўсюджанае сярод пажылых людзей захворванне галаўнога мозга, якое праяўляецца хранічным мазгавым сіндромам, дэменцыяй, якая, у сваю чаргу, праяўляецца пашкоджаннем разумовай сферы, зніжэннем інтэлектуальных функцый — абстрактнага мыслення, памяці, узроўню меркаванняў, здольнасці да навучання і г.д. Тыповы ўзрост яе пачатку — 65 гадоў. Сярод асоб пасля 85 гадоў ад хваробы пакутуюць 20 працэнтаў сталых людзей.

Пачатак хваробы заўсёды паступовы, так што сваякі ніколі не могуць дакладна назваць час, калі чалавек захварэў. Спачатку ў пацыентаў з'яўляецца павольнае зніжэнне інтэлекту, памяці, потым пагаршаецца маторыка, далей далучаецца расстройства маўлення, ліку, пісьма, страчваюцца колішнія веды і ўменні. Пазней чалавек страчвае элементарныя навыкі самаабслугоўвання. Як такога лячэння хваробы не існуе. Такім хворым паказаны толькі правільны догляд, дапамога членаў сям'і.

Другой па значэнні групай станаў зніжэння інтэлекту ў пажылым узросце з'яўляецца сасудзістая дэменцыя. Прычына такой дэменцыі — назапашванне ў галаўным мозгу ачагоў некрозу, што ўзнікае ў выніку ішэмічных інсультаў. Для папярэджання сасудзістай дэменцыі ў здаровых людзей неабходна пастаянна кантраляваць згусальнасць крыві, артэрыяльны ціск, прычым лічбы не павінны быць ні высокімі, ні нізкімі, паколькі нізкі ціск таксама павялічвае верагоднасць ішэмічных інсультаў. Для кантролю за ціскам сапраўды патрэбныя медыкаментозныя прэпараты, аднак у цэлым важны лад жыцця — аптымальныя фізічныя нагрузкі, неабходна сачыць за вагой, не павінна быць эмацыянальных перагрузак.

— Хворыя з дэменцыямі маюць патрэбу ў знаходжанні ў спецыяльных цэнтрах, інтэрнатах?

— Падобнае пытанне — праява герантафабічных настрояў, досыць распаўсюджаных у нашым грамадстве. Я маю на ўвазе нежаданне людзей бачыць побач з сабой старога, слабага чалавека. Герантафабічна настроеныя людзі любяць старых толькі да таго моманту, пакуль ад іх яшчэ можна атрымаць хоць нейкую карысць. Як толькі гэта спыняецца, узнікае пытанне аб ізаляцыі, адмежаванні ад некарыснага чалавека. Вядомыя і крайнія выпадкі праяўлення герантафобіі, калі старых перастаюць карміць, нікуды не выпускаюць ці нават выганяюць з дому. Калі вы герантафабічна настроены чалавек, то будзеце падводзіць размову пад тое, каб для такіх людзей ствараць установы закрытага ці паўзакрытага тыпу. Калі ж вы герантафілічна настроеная асоба, то такая думка ў вас нават не народзіцца.

У герантолагаў тут адназначны погляд: калі стары чалавек не ўяўляе сабой пагрозы для навакольных, ён павінен жыць у соцыуме. Іншая справа, калі блізкія не жадаюць гэта ўсведамляць, ці проста не любяць старога, то тады сацыяльны работнік можа паставіць пытанне аб адбіранні старога з сям'і — выключна з мэтай яго абароны, а не для таго, каб аблегчыць жыццё сваякам.

— Што самае важнае ў справе клопату сям'і пра старога сваяка?

— Па вялікім рахунку, старому чалавеку ў сям'і патрэбна не ежа, не адзенне, не грошы, а толькі адно — увага. Як дзіцяці. Самае каштоўнае, што можна падарыць такому чалавеку ў сям'і, — свой час, цярпімасць.

Працэс зніжэння інтэлекту нельга назваць абсалютна бескантрольным. Пры з'яўленні першых прыкмет дэменцыі — раздражняльнасці, капрызнасці, страхаў, праблем з памяццю — варта звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў. У першую чаргу гэта можа быць псіхолаг, які складзе індывідуальную праграму рэабілітацыі. Многія старыя апасаюцца, напрыклад, такіх спецыялістаў, як псіхіятры, паколькі тыя нібыта могуць пазбавіць іх дзеяздольнасці... Псіхолаг жа ў гэтым выпадку зможа нават больш за псіхіятра: крыху паверне працэс у адваротным накірунку, забяспечыць свайго роду рэабілітацыю. Псіхолаг здольны дапамагчы разабрацца, наколькі якасна і шчасліва жыве ваш блізкі чалавек. Назапашаных з гадамі хвароб не пазбавішся, і сталаму чалавеку, у прынцыпе, патрэбна не здароўе, а... пачуццё шчасця. Калі вы хочаце зрабіць чалавека прыемным, паслухмяным — зрабіце яго шчаслівым. Паняцце шчасця ў дадзеным выпадку блізкае да паняцця якасці жыцця.

Сёння ў развітых краінах любога чалавека — ад малога да старога — разглядаюць з пазіцый функцыянавання. У такім выпадку няправільна падзяляць хваробы на фізічныя і псіхічныя. Псіхічная хвароба як праява парушэння работы канкрэтнага органа — галаўнога мозга, як і ў выпадках парушэння работы іншых органаў і сістэм, патрабуе пэўнага догляду, трэніроўкі. Трэніроўкай для галаўнога мозга будуць самыя розныя эмацыйныя, псіхалагічныя нагрузкі. Вось чаму мы гаворым пра важнасць актыўнай жыццёвай пазіцыі, наяўнасць стасункаў, разнастайных інтарэсаў, хобі. Догляд жа можа ўключаць спецыфічную медыкаментозную тэрапію для паляпшэння кровазвароту галаўнога мозга, прыпынення працэсаў склеразіравання. Прызначыць такія лекавыя прэпараты можа ўрач-тэрапеўт або ўрач-герантолаг... Лекі, дарэчы, таксама павінны забяспечваць якасць жыцця. Калі прэпарат паніжае ціск, але пры гэтым зніжаецца патэнцыя і працаздольнасць ці пагаршаецца сон, фірма здымае такі прэпарат з вытворчасці. Зноў жа, не вылечвання, а забеспячэння якасці жыцця неабходна дабівацца сям'і разам са спецыялістамі, у тым ліку з сацыяльнымі работнікамі, якія ёсць ва ўсіх цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там жа ёсць і псіхолагі, якія працуюць з пажылымі.

— У шэрагу выпадкаў, пры тых жа дэменцыях, старому чалавеку неабходна забяспечыць кругласутачны догляд. Аднак не заўсёды гэта магчыма па аб'ектыўных прычынах — хоць бы таму, што сваякі працуюць...

— Рашэнне аб ізаляцыі ў адпаведныя інтэрнатныя ўстановы можа і павінна прымаць не сям'я, а сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Цэнтр прадастаўляе і магчымасць знаходжання ў дзённым аддзяленні. Падобную сацыяльную паслугу сёння можна атрымаць як і медыцынскую — на платнай ці бясплатнай аснове. Служба сядзелак дзейнічае толькі на базе Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Дарэчы, падобная служба існуе ва ўсім свеце менавіта пры грамадскіх аб'яднаннях. Магчыма, служба сядзелак, дзённыя стацыянары будуць развівацца ў нашай краіне, аднак, яшчэ раз падкрэслю, я перакананы, што якасны догляд старому чалавеку павінна забяспечыць сям'я. Іншая справа, сям'і трэба прадаставіць адпаведную інфармацыю, а значыць, на базе тых жа тэрытарыяльных цэнтраў, нейкіх грамадскіх аб'яднанняў не лішне было б стварыць адпаведныя "школы" з ухілам у сацыяльны бок, паколькі герыятрычныя школы медыцынскай накіраванасці ўжо ёсць у звычайных паліклініках.
 

← Россия и Беларусь активно сотрудничают в освоении космоса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика