Якія прыклады прасоўвання беларускага слова можна ўзяць з часоў БССР?
Якія прыклады прасоўвання беларускага слова можна ўзяць з часоў БССР?
Аказваецца, нават у савецкую пару беларуска-рускае двухмоўе рэальна спрацоўвала ў розных сферах. Напрыклад, у абавязковым парадку друкаваліся па-беларуску латарэйныя білеты. А творы нашых пісьменнікаў, якія пісалі на роднай мове, масава папулярызаваліся за межамі Беларусі. Якія метады раскруткі нацыянальнай мовы можна пераняць з часоў БССР?
Пра гэта — у матэрыяле "Звязды".
Публікацыя на нашых старонках журналісцкага расследавання "Бітва за роднае слова" (нумары за 28, 29 і 30 снежня 2010 года) выклікала разнастайныя водгукі. Нехта з людзей даводзіў, што беларуская мова сёння, у прынцыпе, непатрэбная. Нехта з чытачоў сцвярджаў, што мова з'яўляецца падмуркам нацыі і яе хісткае становішча трэба ратаваць.
Напрыклад, жыхар Мінска Валерый Аляксандравіч (чалавек займае высокую пасаду ў галіне прамысловасці і папрасіў не пазначаць яго прозвішча на старонках газеты) лічыць, што нават у часы БССР беларуская мова была больш запатрабаваная, чым сёння.
— Прывяду прыклад з выкарыстаннем мовы на латарэйных білетах, якія я ўсё жыццё калекцыянірую, — тлумачыць сваю пазіцыю Валерый Аляксандравіч. — У СССР з 1958 года пачалі выходзіць так званыя грашова-рэчавыя латарэі, найчасцей аформленыя цікавымі краявідамі саюзных рэспублік. Усе каштоўныя паперы друкаваліся на Дзяржзнаку ў Маскве. Але тэкст на латарэйных білетах пісаўся ў абавязковым парадку на дзвюх мовах. Калі друкавалі пад Беларусь, то ў першую чаргу на іх пісалі па-беларуску, прытым вялікімі літарамі, і толькі потым — меншымі літарамі па-руску. Калі латарэйны білет прадаваўся, скажам, у Грузіі, то на ім па той жа схеме было напісана і па-грузінску, і па-руску...
Грашова-рэчавая латарэя ўзору 1961 года. Беларуская мова прысутнічае ў абавязковым парадку
і на першым месцы. На адваротным баку — абсалютнае двухмоўе.
Падкрэслю, што гэты латарэйны білет быў выпушчаны ў 1961 годзе. А за восем гадоў да гэтага выйшаў акадэмічны "Беларуска-рускі слоўнік", дзе многія нашы самабытныя словы ў літаральным сэнсе падмяняліся відавочнымі русізмамі. Рабілася гэта, на думку многіх даследчыкаў, для таго, каб штучна наблізіць беларускую мову да ўсесаюзнай рускай. Але нават у тыя часы маскоўскі Дзяржзнак не дазваляў сабе адмовіцца ад беларускай мовы і выкарыстоўваў яе на нашых латарэйных білетах у першую чаргу.
Тое ж самае ў альбомах Валерыя Аляксандравіча я пабачыў на савецкіх латарэйных білетах іншых гадоў выпуску — з 1971 да пачатку 90-х.
— Некаторыя грашова-рэчавыя латарэі перасталі з'яўляцца ў савецкіх рэспубліках у 1990-м годзе, некаторыя — у 1991-м, — працягвае Валерый Аляксандравіч. — У часы Рэспублікі Беларусь на нашых латарэйных білетах родная мова амаль знікла...
Беларускія словы - кропля ў моры на сучасных латарэях
Валерый Аляксандравіч гартае старонкі з сучаснымі беларускімі латарэямі. У параўнанні з білетамі савецкай эпохі вялізная розніца: у плане беларускай мовы тут, як гаворыцца, і конь не валяўся.
— Выхад буйных грашова-рэчавых латарэй аднавіўся ў 2000-м годзе, — распавядае калекцыянер. — Мінаблвыканкам арганізаваў латарэю, прысвечаную Заслаўю. З таго часу разнастайныя латарэйныя білеты пачалі з'яўляцца як грыбы пасля дажджу. Мінгарвыканкам выпусціў "Столицу", Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — "За безопасность", Мінспорту — "Суперлото" і гэтак далей. У рэдкіх выпадках на латарэйных білетах з'яўляліся беларускамоўныя назвы. Напрыклад, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выпусціла "Міласэрнасць". Міністэрства гандлю перайменавала латарэю "Юбилейная" ў "Шчодрую краму". Але гэта толькі назвы, увесь астатні тэкст на білетах быў напісаны па-руску. Выключэннем з'яўляецца латарэя "Скарбніца", выпуск якой арганізавала Міністэрства культуры. З нядаўняга часу на білетах увесь тэкст напісаны выключна па-беларуску.
На абодвух баках яны ў абсалютнай большасці — рускамоўныя.
Наша літаратура часоў БССР: беларускамоўны пісьменнік мог быць другім чалавекам ва ўладзе
Як бы многія гісторыкі ні наракалі на часы БССР (мала хто з адукаваных людзей возьмецца аспрэчыць, што ў пэўныя перыяды існавання рэспублікі мелі месца шматлікія рэпрэсіі, вынішчэнне беларускай інтэлігенцыі), але ў шэрагу сфер беларускае слова мела куды большы поспех, чым мае сёння.
Тая ж беларускамоўная літаратура дасягнула міжнароднай вядомасці. Менавіта ў часы БССР стрэлілі такія глыбы нашай прозы, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Іх творы выдаваліся фантастычнымі па сённяшніх часах тыражамі — гэта сотні тысяч асобнікаў.
Літаратары неслі беларускую мову ў народ, павышалі яе прэстыж. Відавочна, што за апошні дзясятак гадоў такіх яркіх імёнаў у беларускай літаратуры не з'явілася.
— У савецкую пару літаратары былі элітай, істэблішмэнтам, публічнымі персонамі, "вясельнымі генераламі" ў якасці старшыняў Прэзідыума Вярхоўнага Савета, — распавядае даследчык літаратуры, выкладчык філфака БДУ Андрэй Хадановіч. — Фармальна ў тыя часы літаратар мог быць другім чалавекам ва ўладзе на беларускай тэрыторыі.
— Гэта вы пра Максіма Танка?
— Напрыклад, пра Танка. І ён сядзеў там і пры гэтым добрыя верлібры пісаў. Максім Танк — адзін з найлепшых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя, тут няма пра што казаць.
А сёння? Калі мы на афіцыйных каналах апошні раз бачылі выбітных літаратараў? Тым больш маладых літаратараў? У нас збольшага раскручваюць біятланістаў, хакеістаў, тэнісістаў і тэнісістак, пры ўсёй павазе да апошніх.
— Такіх жа гучных прозвішчаў у сучаснай беларускай літаратуры няма...
— Насамрэч кожны год з'яўляюцца новыя цікавыя, пераважна беларускамоўныя, аўтары. Прытым не толькі з творчага асяроддзя сталіцы, а часта ў правінцыйных гарадах. У рускамоўных сем'ях вырастаюць людзі, якія добра пішуць па-беларуску.
— І хто гэтыя аўтары?
— Найперш у галаву прыходзіць магілёвец Віталь Рыжкоў, якога пачулі ўпершыню гады тры таму, і вельмі хутка ён узышоў на малады паэтычны Алімп. Як на мяне, яго кніжка, якая зараз рыхтуецца і мусіць цягам некалькіх месяцаў выйсці ("Дзверы, зачыненыя на ключы"), будзе найяскравейшым дэбютам.
Толькі-толькі адбыўся дэбют Наталкі Харытанюк, кніжка называецца "Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката". Аўтарка інтэлектуальная, амбітная, па-добраму "наварочаная", у яе кароткай прозе можна знайсці шмат пластоў, падтэкстаў.
Яшчэ адна дзяўчына, якая прыехала з Магілёва, як і Рыжкоў, — Анка Упала. Праўда, яна аднолькава добра піша як на правільнай беларускай мове, так і на "трасянцы", з якой гуляецца і хуліганіць. Гэта таксама цікавая тэндэнцыя. Аўтарка ведае, як пісаць правільна і як няправільна, "сцябецца", іранізуе з "трасянкі".
— І гэта ўсё беларускамоўныя аўтары?
— Увогуле яшчэ адна цікавая тэндэнцыя. Шмат аўтараў пачыналі пісаць па-руску, але пераходзілі на беларускую мову. І гэта ў іх добра выходзіла. Колькі год таму выйшла кніжка Марыйкі Мартысевіч "Цмокі лятуць на нераст". Гэта была найяскравейшая з'ява ў маладой беларускай літаратуры. Марыйка Мартысевіч скончыла рускамоўны філфак, але даспела і перайшла на беларускую мову.
Парадаксальная сітуацыя — гэта творчасць нашых землякоў, якія працуюць за мяжой. Яны не маюць беларускамоўнага асяроддзя, але хораша пішуць на нацыянальнай мове. Адзін такі аўтар доўгія гады навучаўся ў Італіі, жыве і працуе ў ірландскім Дубліне, мае нефілалагічную адукацыю, але класна перакладае і піша ўласныя вершы. Праз інтэрнэт гэты чалавек прысутнічае ў беларускай культуры. Завуць яго Антон Францішак Брыль, даводзіцца родным унукам нашаму класіку Янку Брылю.
Як раскруціць на Бацькаўшчыне нашых пісьменнікаў, якіх прызналі за мяжой?
— Накладам Паола Каэлья беларускамоўных кніжак пакуль няма, — працягвае Андрэй Хадановіч. — І вось чаму: горш, чым з літаратурай, у нас сітуацыя з кніжным рынкам, цывілізаванымі літаратурнымі агентамі, незалежнымі выдаўцамі, якія б канкурыравалі між сабой. Тады б яны не сядзелі па сваіх маленькіх нішах, выпадковых грантах, а больш працавалі для раскруткі таго, што яны робяць.
— І ўсё ж, такое ўражанне, што беларусы перасталі чытаць кнігі. Больш забаўляюцца ў інтэрнэце, глядзяць тэлевізар, ходзяць на камедыі па кінатэатрах...
— У метро я часта сустракаю маладыя твары, з кніжкамі. Часцей — гэта дзяўчаты, радзей — хлопцы. Але пакуль мы не парупімся пра "цывілізаваную" папулярызацыю беларускага, датуль гэтыя дзяўчаты будуць чытаць, скажам, Маякоўскага, як я ўчора назіраў, а не яго яскравага беларускага паслядоўніка Віталя Рыжкова, што, мабыць, спадабалася б ім абсалютна не менш.
— А можа, беларускія літаратары недацягваюць да лепшых узораў сусветнай літаратуры? Скажам, ці перакладаюць нашых пісьменнікаў і паэтаў за мяжой? Ці адзначаюць прэміямі?
— Яшчэ як! Некаторыя кнігі беларускіх літаратараў былі не толькі перакладзены, але і заўважаны крытыкамі і чытачамі. Вось свежы прыклад: Уладзімір Арлоў бярэ буйную прэстыжную ўзнагароду "Еўрапейскі паэт свабоды" ў Гданьску.
— Па назве ўзнагарода выглядае палітызаванай...
— Ніяк! Можа быць, ёсць лёгкая падаплёка. Але ў першую чаргу ацэньвалася якасць паэзіі і якасць перакладу на замежныя мовы. Тут з Уладзімірам Арловым канкурыравалі вядомыя прадстаўнікі Швецыі, Францыі, Славеніі, Сербіі, Кіпра і гэтак далей. Другі прыклад: раман Ігара Бабкова "Адам Клакоцкі і яго цені" пераклаўся на польскую мову і трапіў у пяцёрку галоўных кандыдатаў на прэстыжную ўзнагароду Аngеlus. І хоць не перамог, але на кніжку звярнулі ўвагу, яе сталі актыўна купляць за мяжой.
— А калі глядзець на прызнанне нашых аўтараў далей за Польшчу?
— Давайце возьмем Артура Клінава і яго раман "Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца". Яна была пад назвай Mіnsk перакладзена на нямецкую мову і выдадзена ў самым прэстыжным для інтэлектуалаў выдавецтве Zurkаmрf. За мяжой кніга мела добрае кола чытачоў, добрыя водгукі ў прэсе. Кніга "Фрэскі" Барыса Пятровіча была перакладзена на шведскую і хораша сустрэта чытачамі і крытыкаю.
* * *
У журналісцкім расследаванні "Бітва за роднае слова" (нумары за 28, 29 і 30 снежня 2010 года) журналіст "Звязды" з дапамогай эксперыментаў высвятляў, ці існуе ў нас рэальнае двухмоўе ў разнастайных сферах.
Аказалася, што, нягледзячы на гарантаванае Канстытуцыяй двухмоўе, у нашых звычайных спажывецкіх крамах складана знайсці тавары з беларускамоўнымі інструкцыямі. На тых жа ўпакоўках малака вы хутчэй прачытаеце па-казахску, чым па-беларуску.
Некаторыя службовыя асобы, якія міжволі сталі ўдзельнікамі нашага журналісцкага эксперыменту, у сваёй большасці праігнаравалі нацыянальную мову. Аказалася, што мова слаба папулярызавана і ў адукацыйнай сферы. Толькі пятая частка нашых дзяцей вучыцца ў беларускамоўных класах. Вынікі расследавання аказаліся несуцяшальнымі.
Аўтарытэтныя эксперты, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў, падкрэслілі, што прычына выцяснення беларускай мовы — у заканадаўстве, якое неабходна ўдасканаліць. Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" дазваляе карыстацца ці рускай, ці беларускай мовамі. І многія службовыя асобы ідуць найлягчэйшым шляхам — выбіраюць рускую.
Разам з тым у Беларусі з'явіліся міністры і кіраўнікі абласцей, якія зразумелі выключную важнасць нацыянальнай мовы і развіваюць яе.
"Звязда" будзе працягваць публікацыю водгукаў па моўным пытанні.