Напісана пад дыктоўку? Ад вязняў Амерыканкі пачалі прыходзіць лісты
Ліст датаваны 12 студзеня. Верагодна, былі і іншыя лісты, але ні адзін з іх з «амэрыканкі» не дайшоў.
«Дарагая мама, у мяне ўсё нармальна, здаровы, харчаванне ў парадку, дзякуй за перадачы і пасылку. Усё да месца. Моцна люблю, Андрэй».
Аналагічны ліст прыйшоў бацькам Наталлі Радзінай 15 студзеня. Штамп адпраўлення — 14 студзеня.«У мяне ўсё добра, я здаровая, не перажывайце за мяне, харчаванне дыетычнае, добрае, настрой таксама добры, дзякуй за перадачы. Спадзяюся, што ў вас усё добра. Цалую, абдымаю, Наташа».
Нагадаем, адвакаты Андрэя Саннікава і Наталлі Радзінай не бачылі сваіх падабаронных з 29 снежня.
Мы паспрабавалі высветліць, ці змаглі іншыя палітвязні паведаміць родным аб сабе.
Уладзімір Някляеў. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма.
Мікалай Статкевіч. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма. Вядома, што Мікалай Статкевіч абвясціў у турме галадоўку.
Ірына Халіп. З 30 снежня сустрэч з адвакатам не было. Ірына змагла адправіць адзін ліст 21–22 снежня. Больш лістоў не было.
Уладзімір Кобец. 13 студзеня адвакат сустракаўся з падабаронным. Жонка атрымала адзін ліст з навагоднім віншаваннем на пачатку студзеня. Улад прастудзіўся, у яго бранхіт. Яго перавялі з халоднай камеры ў тую, што ацяпляецца.
Зміцер Бандарэнка. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма.
Аляксандр Атрошчанкаў. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма. За гэты час жонка Дар’я адправіла мужу 18 лістоў, адну паштоўку і адну тэлеграму.
Алесь Міхалевіч. Жонка Мілана атрымала 11 студзеня адзіны ліст з СІЗА на Валадарскага. Алесь званіў жонцы, каб пад дыктоўку кагэбістаў адгаварыць тую ад выступу ў Варшаве на канферэнцыі ў абарону палітвязняў.
Павел Севярынец. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма. Па паведамленні Алега Корбана, які сем дзён быў у камеры з Паўлам, Севярынец моліцца і піша кнігу.
Анатоль Лябедзька. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма.
Настасся Палажанка. Лістоў родныя не атрымлівалі. Кожны тыдзень праводзяцца следчыя дзеянні, з ёй сустракаецца адвакат. Адвакат пісаў хадайніцтва аб змене меры стрымання, бо ў Насці бацька — інвалід другой групы. Улады вызваліць палітзняволеную адмовіліся.
Аляксандр Фядута. Лістоў не было. 14 студзеня з ім сустракаўся адвакат. Па словах адваката, Аляксандр бадзёры, скаргаў няма, перадачы атрымлівае рэгулярна.
Сяргей Вазняк. Бабуля Сяргея сказала, што>адвакат сустракаўся з ім 13 студзеня. Лістоў ад Сяргея не прыходзіла.
Аляксандр Арастовіч. З 29 снежня сустрэч з адвакатам не было. Лістоў няма. У сустрэчы з Аляксандрам сваякам было адмоўлена.
Сяргей Марцалеў. З моманту прад’яўлення абвінавачвання адвакат Сяргея з падабаронным не сустракаўся. Лістоў няма.
Аляксандр Класкоўскі. З моманту прад’яўлення абвінавачвання адвакат Аляксандра з падабаронным не сустракаўся. Лістоў няма.
Спіс няпоўны. Прыносім прабачэнні сваякам і сябрам астатніх вязняў. Пра іхні лёс мы паспрабуем напісаць у самы бліжэйшы час.
Charter97.org