Таццяна Севярынец падала скаргу на незаконнае затрыманне
Таццяна Севярынец была затрымана ў Мінску вечарам 12 студзеня супрацоўнікамі КДБ у той час, калі ехала на вакзал. 13 студзеня яна планавала ўзяць удзел у Варшаве ў сустрэчы ў польскім сейме, прысвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
«Допыт закончыўся пасля дзесяці гадзін. Я адмовілася даваць паказанні ў дачыненні да Паўла, расказвала ў асноўным пра сябе. Пасля допыту я яшчэ спадзявалася нейкім чынам дабрацца да Варшавы, аднак мне не вярнулі пашпарт», — сказала яна.
Пры гэтым Севярынец абвергла інфармацыю, што з’явілася раней, аб тым, што супрацоўнікі КДБ абяцалі адвезці яе на сустрэчу з сынам.
Пашпарт з КДБ Таццяна Севярынец змагла забраць толькі сёння раніцай пасля перадачы скаргі на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. У ёй маці палітыка падкрэслівае, што ёй быў нанесены не толькі маральны, але і матэрыяльны ўрон, бо яна не змагла своечасова здаць білет на цягнік.
Павел Севярынец з’яўляўся кіраўніком перадвыбарнага штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы 20 снежня і з таго часу знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён у ліку абвінавачваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.
БелаПАН