Закрыта «Аўтарадыё» — за «экстрэмізм»
«У эфіры радыёстанцыі Аўтарадыё у перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта трансляваліся агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты А.Саннікава і У.Някляева.
Размяшчэнне рабілася на падставе гаспадарчых дагавораў у наступныя тэрміны: агітацыйныя матэрыялы А.Саннікава 15-17 снежня 2010 года, агітацыйныя матэрыялы У.Някляева 9-17 снежня 2010 года.
За час размяшчэння агітацыйных матэрыялаў у адрас рэдакцыі Аўтарадыё не паступала заўваг з боку Цэнтральнай выбарчай камісіі, таксама не было вынесена пісьмовых папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі.
12 студзеня 2011 г. рэдакцыяй Аўтарадыё атрымана прадпісанне РУП «БелГІЭ» Мінсувязі РБ аб спыненні дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектра і забароне на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў. Загад вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні 188/11 ад 11 студзеня 2011 г. за подпісам старшыні камісіі А.В.Праляскоўскага. Рашэнне камісіі анулюе права Аўтарадыё на наземнае эфірнае радыёвяшчанне ў сувязі з невыкананнем Аўтарадыё творчай канцэпцыі і распаўсюджваннем у эфіры інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Канкрэтнай інфармацыі пра тое, у чым выяўляецца невыкананне канцэпцыі або як былі выяўленыя заклікі, у вырашэнні няма. У агітацыйных матэрыялах А. Саннікава змяшчалася фраза «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».
З 12 гадзін 40 хвілін 12 студзеня 2011 года эфірны выпуск Аўтарадыё спынены. Рэдакцыя Аўтарадыё будзе аспрэчваць ў судовым парадку прынятае камісіяй рашэнне».
Мы патэлефанавалі гендырэктару радыёстанцыі Юрыю Базану. Ён пацвердзіў, што іх пазбавілі права вяшчання.
«Аўтарадыё» — гэта пераважна музычная станцыя, якая мела мінімум інфармацыйных матэрыялаў. Грамадска-палітычных навін яны не транслявалі — толькі культурную афішу. Віна радыёстанцыі, такім чынам, магла заключацца толькі ў змяшчэнні рэкламных ролікаў кандыдатаў у прэзідэнты.
Забарона «Аўтарадыё» стане драматычным ударам не толькі па СМІ, але і па беларускай культуры. На радыёстанцыі працавалі многія выдатныя спевакі музыкі, а сама станцыя ўнікальна шмат эфірнага часу аддавала беларускамоўнай і беларускай музыцы.
Ад Рэдактара. Заклікаем чытачоў, слухачоў і свет да салідарнасці з «Аўтарадыё».
Глядзі яшчэ: Вайцюшкевіч пра закрыццё «Аўтарадыё»: Гэта даўно трэба было чакацьСямён Печанко