Эштан: У Лукашэнкі засталіся лічаныя гадзіны, каб адпусціць арыштаваных
Пра гэта паведаміла сястра арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Багданава.
Як заявіла Вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан, «я хачу сустрэцца з міністрам замежных справаў Беларусі толькі для таго, каб, гледзячы яму ў вочы, папярэдзіць, што ў беларускай улады засталіся лічаныя дні і гадзіны, каб адпусціць усіх арыштаваных і паспрабаваць наладзіць адносіны з ЕС».
«У адваротным выпадку будуць уведзеныя самыя жорсткія санкцыі», — дадала яна.Баранэса паразмаўляла з дачкой Уладзіміра Някляева Евай і сястрой Андрэя Саннікава Ірынай і запэўніла, што ЕС прыкладзе ўсе сілы для вызвалення беларускіх лідэраў і ўсіх палітвязняў. «Мы не чакалі, што беларускія ўлады праігнаруюць ўсе папярэднія дамоўленасці і развяжуць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Мы рашуча настроеныя пакласці гэтаму канец, — сказала Кэтрын Эштан. — Еўропа будзе адкрывацца для грамадзян Беларусі незалежна ад таго, якія санкцыі будуць уведзеныя ў адносінах да рэжыму», — запэўніла Найвышэйшая прадстаўніца ЕС.
Ірына Багданава і Ева Някляева перадалі баранэсе Эштан петыцыю ад грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленне», у якую ўваходзяць сваякі вязняў КДБ.
Хартыя'97