За што фермеры прапаноўваюць прыцягваць да адказнасці мясцовых чыноўнікаў?

Источник материала:  
Днямі ў сценах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання абмеркавалі праект Дзяржаўнай праграмы развіцця і падтрымкі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак на 2011-2015 гады. Прыняцце (дарэчы, упершыню за гісторыю фермерскага руху. — Н. Д.) такой праграмы, спадзяюцца фермеры Беларусі, дапаможа пазбавіцца ад набалелых праблем. Пра тое, што сёння хвалюе кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак і як на іх прапановы адрэагаваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл РУСЫ, чытайце ніжэй.  

Даведка "Звязды"

   З 1991 года ў рэспубліцы было арганізавана больш за 6 тысяч фермерскіх гаспадарак. На пачатак мінулага года іх засталося крыху больш за 2 тысячы. Больш за ўсё — 23 адсоткі — фермерскіх гаспадарак прыходзіцца на Міншчыну.

   Большасць кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак маюць вышэйшую (36%) і сярэднеспецыяльную (43%) адукацыю.

   Узроставы склад кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак:

Да 30 гадоў — 5%;

ад 30 да 40 гадоў — 21%;

ад 40 да 50 гадоў — 47%;

ад 50 да 60 — 21%;

звыш 60 гадоў — 6 %.

   Асноўны кірунак фермерскай дзейнасці ў Беларусі — раслінаводства (80%).

   Удзельная вага фермерскіх гаспадарак у агульным аб'ёме вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі па рэспубліцы складае каля 2%.

   

"Дык у паветры ці дзе нам вырошчваць гародніну?.."

Самым праблемным пытаннем, паводле слоў кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак, з'яўляецца выдзяленне зямлі. І справа тут нават не ў заканадаўчай базе, а хутчэй у адносінах мясцовай улады да фермераў.

— Нашы законы дазваляюць выдзяляць зямлю фермерам, — кажа кіраўнік фермерскай гаспадаркі "АВС-агра" Маладзечанскага раёна Уладзімір Арцюкевіч. — Аднак мясцовыя органы чамусьці робяць гэта з асцярогай.

— Тут у зале сядзіць фермер, які б'ецца з гэтай праблемай ужо цэлы год, — дадаў Уладзімір Ушкевіч, генеральны дырэктар Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў. — Ён не раз звяртаўся і ў райвыканкам, і ў СВК з просьбай вылучыць яму ўчастак. Пытанне і дагэтуль не вырашылася толькі з-за таго, што работнікі СВК з перавагай у тры галасы без тлумачэння прычын адмовілі яму ў выдзяленні зямлі... Фермеры не разумеюць, чаму для атрымання зямлі іх адпраўляюць узгадняць гэтае пытанне з кіраўніком гаспадаркі? Ён жа не ўласнік, а такі ж землекарыстальнік, як кожны з нас.

З акрэсленай праблемай не раз сутыкалася і кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Фартуна-агра" Баранавіцкага раёна Галіна Матус. Каб расшырыць свае ўладанні, ёй з мужам давялося не адзін год абіваць парогі дзяржаўных арганізацый. Улады як быццам ідуць насустрач, але... Прыходзіш да старшыні райвыканкама — ён не адмаўляе, ідзеш да кіраўніка гаспадаркі, а ён кажа: "Я нікому нічога не даю". Пасля зноў да старшыні райвыканкама. І так па коле. Жанчына звязвае гэта з тым, што "як добраму, так і "ляжачаму" СВК не патрэбны паспяховы фермер, які б блытаўся ў іх пад нагамі ці сядзеў, як скула, пад носам".

— Добра было б, калі б у дакументах прапісалі, што мясцовыя ўлады павінны даваць, напрыклад, 10 адсоткаў зямельных угоддзяў у карыстанне фермерам, — выступіла з прапановай Галіна Матус. — Тады б усе пытанні адпалі самі сабой. І нам не трэба было б марнаваць свае нервы і час на безвыніковыя паходы па кабінетах. Для размеркавання ж зямлі можна было б стварыць пры райвыканкамах кампетэнтную камісію, якая б і вырашала, каму дастанецца на гэты раз той ці іншы ўчастак. Я дапускаю, што для таго, каб стаць прэтэндэнтам на зямлю, фермерам давядзецца прапанаваць на суд камісіі свой бізнэс-план. Бо фермерская гаспадарка апрыёры павінна быць арыентавана на тое, што яна будзе атрымліваць з гэтай зямлі не меншы прыбытак, чым цяперашні яе ўладальнік.

Старшыня ж грамадскага аб'яднання "Асацыяцыя фермераў Гомельскай вобласці" Міхаіл Байда прапаноўвае прадугледзець адказнасць мясцовай улады, якая насуперак заканадаўству ставіць фермерам палкі ў колы.

— Інакш праграма так і застанецца на паперы, — лічыць ён. — А калі зямлі не дадуць, дык у паветры ці дзе нам вырошчваць гародніну, бульбу, збожжа?..

Каментар міністра сельскай гаспадаркі і харчавання:

"Вы ўсе, пэўна, чулі, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу за пяцігодку кожны кавалак зямлі пусціць у абарот. Як вядома, рашэнні аб выдзяленні зямель знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады. І пакуль што, вымушаны з вамі пагадзіцца, на месцах не ўсё робіцца так, як мае быць. Вось толькі адзін прыклад: фермер прасіў аддаць яму закінутую стайню. Пакуль вырашалася гэта пытанне, стайня разбурылася... А калі б аддалі памяшканне ў добрыя рукі, то на яе месцы з'явілася б яшчэ адно сховішча і фермер змог бы вырошчваць не 600 тон буракоў, а ў два разы больш. Ёсць людзі, і іх нямала, якія гатовы ўзяць 300 гектараў зямлі і за свае сродкі засадзіць яе садам, пабудаваць сховішча. Дык трэба аб'явіць тэндар і выбраць таго ахвотніка, які зробіць гэта на лепшых умовах. Будзем шукаць і іншыя рашэнні, прымяняць на практыцы і іншыя падыходы. У нас на сёння дастаткова шмат зямлі, якую можна выкарыстаць з карысцю. І яе трэба выдзяляць, у тым ліку і фермерам".

"Год прайшоў, а ферма як пуставала, так і пустуе..."

Паводле слоў першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзеі Каткавец, недастаткова актыўна вядзецца на месцах работа па перадачы фермерскім гаспадаркам будынкаў, збудаванняў, машын і абсталявання, якія не выкарыстоўваюцца. "На нізкім узроўні пастаўлена гэта работа ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях: там за два гады — 2008 і 2009 — фермерскім гаспадаркам прададзена і перададзена ў арэнду толькі па адным жывёлагадоўчым памяшканні. На Міншчыне ж наогул ніводзін пустуючы аб'ект не быў перададзены фермерам".

— Я прасіў у вёсцы Сакі два будынкі, якія стаяць без справы ўжо 15 гадоў, — распавядае Уладзімір Арцюкевіч. — Прасіў, прасіў, у выніку старшыня райвыканкама прапанаваў мне забраць гэтыя аб'екты разам з СВК. Вось глядзіце: я маю з 13 гектараў зямлі штогадовую выручку ў памеры больш за 2 мільярды. СВК атрымлівае прыблізна такую ж выручку, але пры гэтым у яго распараджэнні ажно 2 тысячы гектараў зямлі. Пра якую эфектыўнасць тут можна казаць?.. Таму сёння трэба правесці рэвізію ў СВК, пасля якой адстаючыя гаспадаркі перадаць фермерам альбо далучыць да некага яшчэ, бо вытворчасць павінна быць эфектыўнай, людзі павінны атрымаць добрую зарплату.

— Усе закінутыя аб'екты павінны быць знесеныя ці перададзеныя за адну базавую велічыню фермерам, — лічыць генеральны дырэктар Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў. — Але... Толькі зараз у мяне на працоўным стале ляжаць чатыры звароты ад фермераў, якія хацелі б купіць закінутыя памяшканні. Думаеце, гэтыя пытанні вырашаны? Не. Фермер звярнуўся да кіраўніка адной гаспадаркі. Той яму адмовіў. Маўляў, ферма будзе перанесена ў іншае месца. Год прайшоў, а яна як пуставала, так і пустуе.

Каментар міністра сельскай гаспадаркі і харчавання:

"Мы прытрымліваемся думкі, што зносіцца павінны толькі тыя закінутыя будынкі, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей альбо знаходзяцца ў непрыдатным для далейшага выкарыстання стане. Астатнія ж, якія могуць яшчэ служыць, павінны быць адрамантаваныя ці перададзеныя ў гаспадарлівыя рукі. Дырэктывай № 4 прадугледжаны гэтыя патрабаванні. Мы ж, у сваю чаргу, будзем сачыць за выкананнем гэтага рашэння органамі мясцовай улады".

"Чаму Мінскі трактарны завод не можа даваць фермерам тэхніку ў лізінг?"

Генеральны дырэктар Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў распавёў, што фермеры Гродзеншчыны летась атрымалі ў лізінг ад "Белаграсэрвіса" 29 трактароў. Заявак жа было 71 (!). "Чаму Мінскі трактарны завод не можа ўзяць на сябе функцыі лізінгадаўцы на такіх жа ўмовах (на 5-7 гадоў з выплатай першапачатковых працэнтаў з далейшым пагашэннем), як "Белаграсэрвіс"?" — пацікавіўся ён у міністра. А Галіна Матус выказала прапанову выдаваць фермерам на конкурснай аснове льготныя крэдыты на пакупку замежнай энерганасычанай тэхнікі.

Каментар міністра сельскай гаспадаркі і харчавання:

"Што тычыцца лізінгу праз трактарны завод, то ў гэтай прапанове ёсць рацыянальнае зерне. Мы ўжо думалі над гэтым пытаннем. Не перажывайце, мы дадзім вам магчымасць на прымальных умовах набыць тэхнікі столькі, колькі вам трэба. У прыватнасці, мы прапаноўваем, каб крэдытныя рэсурсы выдаткоўваліся фермерам у залежнасці ад кірунку іх дзейнасці (на 8 гадоў на будаўніцтва, рэканструкцыю і выкуп вытворчых аб'ектаў і на закупку сельгасмашын, на 5 гадоў — на набыццё шматгадовых насаджэнняў, на 3 гады — на набыццё сельгасжывёл, на 1 год — на набыццё мінеральных угнаенняў).

Што тычыцца імпартнай тэхнікі, то бюджэтныя і крэдытныя сродкі Рэспублікай Беларусь накіроўваюцца толькі на закупку айчыннай тэхнікі. Ёсць свае грошы? Калі ласка, набывайце за мяжой, ніхто ж не перашкаджае. Мы толькі можам хадайнічаць перад кіраўніком дзяржавы аб вызваленні ад падатку на дабаўленую вартасць і зніжэнні мытнай стаўкі ўвозу. Што тычыцца другой крэдытнай крыніцы — іншаземнай крэдытнай лініі, — таксама вам ніхто не забараняе знаходзіць інвестара, браць крэдыты і разлічвацца".

"Трэці год наша гаспадарка выкідваецца з дзяржпраграмы"

— Фермераў не надта ахвотна ўключаюць у дзяржаўныя праграмы, — адзначыў Уладзімір Маліноўскі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Дзіяна" Шклоўскага раёна. — Напрыклад, я займаюся вырошчваннем элітнага насення пшаніцы, ячменю і бульбы. Трэці год у нашай вобласці дзейнічае праграма аснашчэння элітавытворчых гаспадарак сучаснымі лініямі ачысткі і пратручвання насення, і трэці год наша гаспадарка, якая пастаўляе значны аб'ём насення на вобласць, выкідваецца з гэтай праграмы.

— Я б прапанавала, — кажа Галіна Матус, — зноў-такі арганізаваць конкурс, у якім на роўных умовах прымалі б удзел як фермерскія гаспадаркі, так і СВК. У тым выпадку, калі пры ўдзеле ў пэўнай праграме фермер рэальна можа спрацаваць лепш, то чаму б дзяржаўныя грошы не выкарыстаць з большай эфектыўнасцю? Нам з мужам пашанцавала: нашу гаспадарку ўключылі ў Дзяржаўную праграму будаўніцтва жылля на сяле. Летась мы пабудавалі для сваіх работнікаў (а іх у нас 40 чалавек) пяць дамкоў. Сёлета плануем пабудаваць яшчэ столькі ж. Гэта вельмі важна, бо ўтрымаць талковых работнікаў на сяле, не будуючы для іх жылля, вельмі складана.

Каментар міністра сельскай гаспадаркі і харчавання:

"Мы напрацавалі 17 новых дзяржаўных праграм самых розных кірункаў. Калі ласка, прыходзьце, мы чакаем вас паўсюль, дзе вы можаце праявіць сябе. Ёсць грошы, жаданне — прыходзьце. Праграмы адкрытыя. Асаблівую стаўку робім на малочны статак, таму гэтая галіновая праграма прадугледжвае самыя выгадныя льготныя крэдытныя ўмовы. Недастаткова ў рэспубліцы і фермаў па вытворчасці мяса качкі, індычкі... Што тычыцца ўключэння фермерскіх гаспадарак у праграму будаўніцтва жылля, то над гэтым пытаннем трэба яшчэ працаваць і працаваць".

* * *

Як бачыце, прапаноў было вельмі шмат. Сярод іх і зусім новыя. Напрыклад, генеральны дырэктар Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў выказаў думку, што "нядрэнна было б пераняць вопыт Францыі. У прыватнасці, у тым, каб маладым фермерскім гаспадаркам даваць беспрацэнтную пазыку. Калі раптам гаспадарка развальваецца праз год-два, то былы фермер павінен вярнуць грошы разам з працэнтамі. Калі ж прапрацаваў 5 гадоў і дэманструе неблагія вынікі, то яму гэтую пазыку гасяць". Якія з прапаноў у рэшце рэшт будуць уключаныя ў Дзяржаўную праграму, а якія не — пакажа час. Фермеры спадзяюцца на тое, што чакаць засталося нядоўга і што новы дакумент не толькі пашырыць магчымасці развіцця фермерства ў Беларусі, але зменіць стаўленне да іх органаў мясцовай улады.

Надзея ДРЫЛА.

←Позвольте ваши вольты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика