Еўракамісар і Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы з’ехалі з Бруселя, а ў іх працоўных графіках пакуль няма сустрэчы з беларускім міністрам.
«Мы не можам пацвердзіць сустрэчу паміж Эштан і беларускім міністрам замежных спраў. Такой сустрэчы ў графіку няма. Баранэса Эштан сёння знаходзіцца ў Лондане», — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Высокага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы.
Нагадаем, 7 студзеня прэс-сакратар Кэтрын Эштан Мая Кочыянчыч паведаміла замежным СМІ аб тым, што такая сустрэча плануецца.
Па некаторых звестках, Сяргей Мартынаў, магчыма, планаваў сустрэцца з еўракамісарам па пытаннях еўрапейскай палітыкі Штэфанам Фюле. Аднак у прэс-службе еўракамісара Еўрарадыё паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй аб сустрэчы Фюле з Мартынавым на гэтым тыдні.
Прэс-служба Штэфана Фюле: «Штэфан Фюле сёння раніцай паляцеў ва Ўкраіну проста з Прагі. Ён нават не быў у Бруселі, і падобная сустрэча была фізічна немагчымая. Ён прыляціць з Украіны заўтра ўвечары».
МЗС Беларусі пацвярджае, што 10 студзеня Сяргей Мартынаў знаходзіцца ў Бруселі. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных, «міністр працуе па сваім графіку працоўных сустрэч і кансультацый». Частка гэтых сустрэч пройдзе ў Бруселі. Больш падрабязную інфармацыю ён называць пакуль адмовіўся.