Рабочы камунгаса ў Крулеўшчыне выратаваў інваліда з агню

Источник материала:  
07.01.2011 15:43 — Новости Общества

Рабочы камунгаса ў Крулеўшчыне выратаваў інваліда з агню


Веніямін Юхневіч, супрацаўнік Крулеўшчынскай філіі Докшыцкага камунгаса, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваў чалавека, які не мог хадзіць, з палаючай кватэры.

Машыніст помпавай станцыі Веніямін Юхневіч ішоў з работы дадому абедаць, калі ля пад’езда шматкватэрнага дома ўбачыў натоўп узбуджаных людзей, - піша раённая газета "Родныя вытокі". Падбег і пачуў, што гарыць кватэра Эдуарда Таразевіча. “Ён жа жыве адзін і ходзіць на мыліцах”, – маланкай мільганула ў галаве ў Веніяміна Аляксеевіча. мужчына, кінуўшы вопратку на зямлю, забег у пад’езд, падняўся на паверх, нагой выбіў дзверы і ледзь не страціў прытомнасць ад едкага дыму, які тут жа запоўніў усё навокал. З-за густога дыму прыходзілася рухацца навобмацак, але Юхневіч не раз быў у гэтай кватэры і таму ведаў размяшчэнне пакояў. Гаспадара адшукаў у пярэднім пакоі, паспеў выцягнуць мужчыну на лесвічную клетку, а сам заспяшаўся на паветра, бо лёгкія пачаў “ірваць” моцны кашаль.

Да гэтага моманту падаспелі пажарныя і медыкі. Пагарэльца Эдуарда Браніслававіча Таразевіча прынялі “на рукі” пажарныя Крулеўшчынскага ПАУП: камандзір аддзялення Алег Канапелька і вадзіцель Алег Міхалевіч, якія вынеслі мужчыну на вуліцу. Медыцынскую дапамогу аказвалі і Таразевічу, і Юхневічу.

– Веніямін Аляксеевіч вельмі кашляў, што характэрна пры апёку верхніх дыхальных шляхоў, – зазначала ўрач Крулеўшчынскай амбулаторыі Марыны Кастрыца. – У яго слязіліся вочы і падскочыў ціск. Мы зрабілі яму ўкол з мэтай прафілактыкі ацёку верхніх дыхальных шляхоў, далі рэкамендацыі па далейшым лячэнні і выказалі словы захаплення яго ўчынкам. Аб гэтым гаварылі ўсе, хто ў гэты час быў на пажары. Людзі збегліся адразу, у тым ліку і мужчыны, але ніхто, акрамя Юхневіча, больш не выказаў жадання кінуцца ў полымя.

– Не памятаю, ці было страшна? Не думаў аб гэтым. Проста чалавек мог загінуць, а я мог зрабіць, каб гэтага не здарылася, – так растлумачыў матыў свайго гераічнага ўчынку Веніямін Аляксеевіч. Таварышы па працы ў Крулешчынскім участку РУП ЖКГ расказалі, што бацька траіх дзяцей ужо не ўпершыню дапамагае на пажары, і, наогул, на іх агульную думку, Юхневіч з той пароды людзей, якія не могуць раўнадушна праходзіць міма, калі могуць дапамагчы. Яны не хавалі гонару за свайго калегу і выказалі задавальненне тым, што працуюць побач з ім. 

Тамара Альшэўская, "Родныя вытокі".

←Спасатели призывают быть осторожными любителей зимней рыбалки.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика