Сястра Алеся Міхалевіча: «У ДАІ заяўлялі, што справа з палітыкай не мае нічога агульнага»
Вечарам 4 снежня ў двары дома на вуліцы Варанянскага адбылася невялікая аўтааварыя з удзелам сям’і Алеся Міхалевіча. Сястра палітыка, Вольга, якая была за рулём аўтамабіля ў момант здарэння, распавяла «Нашай Ніве» аб незразумелых акалічнасцях здарэння.
«Інцыдэнт адбыўся прыблізна ў 18.30. Мы ўжо прыпаркавалі сваю Хонду Цывік.Адно што нам замінаў вялізны красовер, які стаяў акурат перад намі. І вось у момант, калі мой муж выходзіў з машыны, у нас ззаду ўрэзаўся невялікі мікрааўтобус Пежо. Падрапаў крыло і дзверы. У мікрааўтобуса было пашкоджанае люстра», — распавяла Вольга Міхалевіч.
ДАІ выклікаў кіроўца Пежо. Калі на месца аварыі пад’ехала міліцэйская машына, у яе для складання пратакола запрасілі сесці мужа Вольгі, Ігара Зенчыка, і кіроўцу мікрааўтобуса. Аднак простая працэдура зацягнулася да позняй ночы…
«Прыкладна праз гадзіну капітан, які складаў пратакол, раптам заявіў мне што ён з маім мужам павінен паехаць у Кастрычніцкі РУУС, каб высветліць нейкія акалічнасці.
У мужа зараз часова няма пашпарту і я ўспрыняла гэта спакойна. Вось толькі тое, што інспектар забраў з сабой усе мае дакументы (паперы на аўтамабіль і пасведчанне кіроўцы), мяне насцярожыла.А амаль праз гадзіну мне ўжо з РУУС пазваніў муж і паведаміў, што яго хочуць там пратрымаць да раніцы, і што нібыта на гэта ёсць дазвол пракурора. Мы ўсе вырашылі паехаць туды», — распавяла Вольга Міхалевіч.
У Кастрычніцкім РУУС цуды працягваліся. Нягледзячы на тое, што ў аддзяленне міліцыі прыехаў брат Ігара Зенчыка з усімі неабходнымі дакументамі, удзельніка ДТЗ ўпарта адмаўляліся адпускаць. Толькі калі Вольга Міхалевіч напісала заяву на імя начальніка РУУС аб незаконным затрыманні яе мужа, Ігара пагадзіліся адпусціць.
«Я напісала заяву і папрасіла яе зарэгістраваць. Толькі тады майго мужа адпусцілі, прычым настойліва прасілі парваць заяву у іх на вачах», — расказвае Вольга.Грамадзянскага мужа Вольгі Міхалевіч пратрымалі ў пастарунку ад 19.30 да 23.30 — чатыры гадзіны замест законных трох.
Ігар Зенчык абавязаўся з’явіцца на разбіральніцтва па факце ДТЗ 6 студзеня ў 16 гадзін. Пакуль менавіта яго супрацоўнікі ДАІ лічаць вінаватым у здарэнні.
Уладальніца пашкоджанага аўтамабіля, Вольга Міхалевіч, лічыць, што ў гэтай справе шмат незразумелага:
«Тут вельмі шмат розных акалічнасцяў. І красовер, што перагарадзіў нам дарогу, і тое, што ў пастарунак адвезлі майго мужа разам з маімі дакументамі, і ўпартае нежаданне адпускаць яго, і нават тое, чаму ў РУУС амаль увесь час знаходзіўся кіроўца Пежо,які ўвогуле быў вольны ехаць, куды жадае, яшчэ ад восьмай гадзіны вечара… Магчыма, што гэта ўсё праз маё прозвішча — Міхалевіч. Я пыталася ў супрацоўнікаў РУУС, ці так гэта. Яны пытанню не здзівіліся і ў адзін голас заяўлялі, што справа з палітыкай не мае нічога агульнага».
Алесь Пілецкі