"Давай пажадаем нашай краіне спакою"

Источник материала:  

Напярэдадні святаў мы амаль незаўважна для сябе "дзяжурна" зычым адзін аднаму шчасця-здароўя-поспехаў. А вось маладыя жыхары Гомельшчыны нефармальна падышлі да задання паразважаць над пажаданнем сваёй краіне. Лепшыя іх працы, выкананыя ў самых розных жанрах, — ад эсэ да камп'ютарнага плаката — атрымалі высокую ацэнку на дзяржаўным узроўні. Па выніках раённых конкурсаў да ўдзелу ў абласным этапе было дапушчана каля 700 работ. У сшытках і на малюнках школьнікаў і студэнтаў — пажаданні Беларусі. Яны бачаць краіну зусім не тымі вачыма, што мы, дарослыя. Тым не менш, калі пачытаць іх роздумы над жыццём, высвятляецца, што будучыня Беларусі — у надзейных руках. Вось толькі некаторыя, самыя цікавыя, цытаты з твораў маладых.

Драгана Перыч, вучаніца 11 класа Акцябрскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна:

— Я нарадзілася ў Югаславіі ў 1993 годзе. Мой бацька адтуль родам, а маці — беларуска. Мая сям'я пераехала ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Я вучуся ў беларускай школе, вывучаю беларускую мову і гісторыю Беларусі. Лічу Беларусь сваёй Радзімай. Я планую сваю будучыню ў Беларусі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб быць шчаслівым у сваёй краіне. А хто, калі не мы, моладзь, зробім Беларусь па-сапраўднаму моцнай і квітнеючай? Мне здаецца, у гэтым і заключаецца сутнасць грамадзянства, грамадзянства не толькі афіцыйнага, з уручэннем пашпарту, а сапраўднага — душой і сэрцам. Я зычу ўсім беларусам ганарыцца гісторыяй роднай краіны. У нас ёсць такія прыгожыя краявіды! Жадаю Беларусі шмат турыстаў з розных краін свету.

Таццяна Раманаўская, вучаніца 11 "А" класа г. Добруша:

— Да прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці БССР краіна ў складзе СССР не была самастойным суб'ектам міжнародных адносін. Зараз маладая беларуская дзяржава актыўна імкнецца рэалізаваць свае нацыянальныя прыярытэты, перш за ўсё ў Еўропе. Беларусь упарта хоча заняць годнае месца сярод еўрапейскіх дзяржаў. Беларусь умее знаходзіць новых сяброў на міжнароднай арэне. Венесуэла, Сірыя, Бразілія, Кітай... Я ўпэўненая: што б ні здарылася, Беларусь выжыве.

Наталля Змушко, навучэнка 11 класа Гарбавіцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна:

— Мне хочацца, каб у нашай краіне больш увагі надалі перапрацоўцы адходаў другаснай сыравіны, зменшылі колькасць звалак за гарадамі і вёскамі. А галоўнае маё пажаданне краіне наступнае: знайсці ў будучыні экалагічна чыстае паліва. Каб нашы заводы менш забруджвалі навакольнае асяроддзе. Сёння чалавецтва павінна задумацца: што яно пакіне пасля сябе нашчадкам. Бо квітнеючая зямля можа паступова ператварыцца ў сметнік. Я не хачу, каб мая краіна стала такой. Калі мы задумаемся над усімі гэтымі пытаннямі, мы захаваем сабе здароўе і жыццё. А здаровая нацыя зможа пабудаваць квітнеючую будучыню.

Лія Цыплянкова, навучэнка 11 класа, Гомель:

— У нас настаўніцкая сям'я. Нам, як нікому іншаму, зразумелая роля адукацыі. Я таксама маю намер атрымаць вышэйшую адукацыю. Праўда, у школу я не пайду. Я не хачу паўтарыць лёс сваіх блізкіх. Мне крыўдна за сваіх бацькоў: яны ўсё жыццё аддаюць школе, без выхадных і адпачынку. Зычу сваёй краіне годнай адукацыі. Мне прыемна, калі сябры бацькоў, якія прыязджаюць да нас з розных куткоў былога СССР, адзначаюць чысціню гарадоў, добрыя дарогі, дагледжаныя і засеяныя палі, якасць нашай прадукцыі. Мае цётка і дзядзька з рэспектабельнай Масквы плануюць, калі пойдуць на пенсію, вярнуцца на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Я іх разумею, таму што ўсё сваё жыццё я хачу пражыць тут.

Марыя Пузанава, навучэнка 11 класа, Гомель:

— Ты можаш жыць у іншым горадзе, пасёлку ці вёсцы. Можа, ты малады, а можа, у сталым узросце. Магчыма, ты іншай нацыянальнасці і размаўляеш на іншай мове... Але я дакладна ўпэўненая, што табе падабаецца чыстае неба над галавой, яркае сонца, добрыя людзі і сапраўдная дружба. Нас з табой аб'ядноўвае светлае пачуццё любові да нашай краіны. Калі ты хочаш і наступнай раніцай убачыць блакітнае неба, давай пажадаем нашай краіне спакою. Я спадзяюся, што ты, як і я, любіш ісці па чыстых вуліцах, таму давай пажадаем нашай краіне прыгажосці. А яшчэ — любові. Кожны чалавек павінен любіць людзей, прыроду, месца, дзе жыве — усё тое, з чым ён сутыкаецца кожны дзень. Бо для сапраўднай любові не павінна існаваць перашкод.

Ягор Галай, студэнт групы МВ-41 механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту:

— У савецкіх пашпартах была графа "нацыянальнасць". Нават у класных журналах тых гадоў было запісана, якой нацыянальнасці вучань. Да гэтага можна ставіцца па-рознаму, але мне здаецца, што ведаць, хто ты, вельмі важна для кожнага. Пра чалавека, які не шануе свае карані, не ганарыцца сваімі продкамі, кажуць: "Іван-бязродзіч". Ува мне змяшалася руская і беларуская кроў. Дзед-беларус шмат гадоў працаваў у Сібіры. Я з самага ранняга дзяцінства ведаю: "Я — беларус!".

Марына Барысавец, навучэнка 3 курса Калінкавіцкага ліцэя:

— Яшчэ некалькі гадоў таму я цяжка хварэла. Толькі сумныя думкі наведвалі мяне. Патрапіла на лячэнне ў Гомельскі рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны. Там я зразумела: у нашай краіне здароўе людзей, асабліва дзяцей і моладзі, стаіць на першым месцы.

Я зычу маёй краіне, любімай Беларусі, каб яе грамадзяне былі здаровыя і душой, і целам. Бо здаровы чалавек — шчаслівы чалавек, і краіну чакае шчаслівая будучыня. Я хачу, каб у Беларусі нарадзілася яшчэ больш дзяцей, якія, пасталеўшы, будуць праслаўляць Айчыну.

Сачыненні чытала Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Упущенная выгода

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика