Ігар Сідаровіч, піратэхнік: "Праца піратэхніка параўнальная з працай сапёра"

Источник материала:  

У навагоднюю ноч працуюць не толькі пажарныя, медыкі і міліцыя... Ігар Сідаровіч не падымае бакал шампанскага пад бой курантаў вось ужо шмат гадоў. І не таму што ў яго графік такі ці ён не любіць Новы год. Зусім не. Менавіта пад яго кіраўніцтвам праходзяць маштабныя феерверкі ў сталіцы і іншых гарадах.

      Ігар Сідаровіч, піратэхнік: "Праца піратэхніка параўнальная з працай сапёра"Даведка "Звязды"

Ігар Сідаровіч" нарадзіўся ў 1973 годзе, скончыў гістфак БДУ, працуе намеснікам дырэктара ЗАТ "Кальвін", адной з самых буйных кампаній па арганізацыі феерверкаў у Беларусі. Арганізатар міжнароднага піратэхнічнага фестывалю "Навальніца", які двойчы праходзіў у нашай краіне.

Піратэхнічная каманда Беларусі пад яго кіраўніцтвам неаднаразова брала Гран-пры ў чэмпіянатах Еўропы, Расіі, удзельнічала ў фестывалях Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і г.д.

Жанаты, мае дзвюх дачок.

З археолагаў і вышыбалаў — у піратэхнікі

— Ігар, а чаму вы выбралі такую прафесію?

— Я па спецыяльнасці археолаг (таксама такая рамантычная прафесія). На маім сумленні нават некалькі кладаў. Але аднойчы ў Крыме патрапіў на шоу феерверкаў і заразіўся гэтым. Ішоў па набярэжнай, убачыў і проста "захварэў". Так вось паступова і прыйшоў. Аднак археалогіяй да гэтага часу займаюся. Гэта стала маім хобі...

— Напэўна, у дзяцінстве шмат самапалаў рабілі...

— Усе хлопчыкі нашага дзяцінства прайшлі праз узрыўпакеты, серкі, берталетавую соль. Вядома, нас бацькі пужалі выпадкамі, што вунь таму хлопчыку вока выпаліла ці руку параніла. Аднак я быў вельмі спакойным дзіцем. І піраманам не быў.

— Як рэагавалі блізкія на вашу новую працу?

— Ну, бацькі не зусім бурна рэагавалі. Атрымалася так, што ў мяне было шмат розных прафесій. Быў і грузчыкам, і настаўнікам у школе, а таксама альпіністам, целаахоўнікам, і нават вышыбалам у казіно. Таму прафесія піратэхніка была не самая небяспечная з іх... Вядома, мама штораз хвалюецца, калі я раблю якое-небудзь шоу. Але зараз, як правіла, я паведамляю ёй пра ўсю сваю працу постфактум.

— Наколькі небяспечна ўсё ж быць піратэхнікам?

— Прафесійная піратэхніка — гэта фактычна выбухоўка. І праца з ёй параўнальная з працай сапёра... Не бывае піратэхнікаў нявопытных і старых (жартуе Ігар. —  аўт.). Любыя няшчасныя выпадкі, якія могуць адбыцца, адбываюцца з-за ўласнай безалабернасці...

Стандартных феерверкаў не бывае

— Чаму на 9 мая салют, а на Новы год феерверк?

— Салют — гэта ваенны феерверк. Там размераная стральба. Стрэл, палічылі да пяці і зноў стрэл. Ён такі размераны, ваенны, а феерверк — гэта кампазіцыя. Гэта мастацтва...

— Цікава, а як нараджаюцца феерверкі?

— Гэта сумесная творчасць. Штосьці прыдумваем мы, штосьці просіць выканаць рэжысёр шоу, нейкія пажаданні ёсць і ў прыватных заказчыкаў. Такі творчы працэс — трэба сумясціць тое, што хоча рэжысёр, і тое, што зможам мы... Таму стандартных феерверкаў не бывае.

— Усе буйныя феерверкі запускаюцца з камп'ютара?

— Так, на 90 працэнтаў. Таму што гэта, па-першае, бяспека, па-другое — дазваляе звесці музыку з візуальнай карцінкай.

— Якая звычайна музыка выкарыстоўваецца пад феерверкі?

— Нейкая незвычайная (смяецца). Пад феерверкі, калі змікшыраваць, падыдзе любая музыка.Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца вядомыя саунд-трэкі.

— А жанчыны-піратэхнікі ёсць?

— Так, ёсць. Як ні дзіўна. У нас у Беларусі былі дзяўчаты-піратэхнікі — пасля Інстытута культуры, ім там далі "корачку". Але ў жыцці і ў працы я іх не бачыў ні разу. Я проста ведаю, што яны ёсць. Ведаю, што ў Расіі ёсць піратэхнікі—жанчыны. Але найбольш яркім прыкладам з'яўляюцца нашы польскія калегі — яны ў нас на фестывалі выступалі, занялі другое месца. Там ёсць жанчына. Яна — уладальніца кампаніі і сама запускае феерверкі. Яны вельмі прыгожыя шоу робяць.

Сфатаграфаваць ці зняць феерверк на відэа немагчыма

— Магчыма, ёсць нейкія назвы ў феерверкаў?

— Яны звычайна тэхнічныя. Ніякіх прыгожых і рамантычных назваў няма. Ну, ёсць "півоні", "хрызантэмы", а таксама "смайлы", "вербы", "кароны" ды "суперкароны" і г.д. Увогуле, феерверк — гэта ж толькі адзін раз і ўсё, больш такога проста не здарыцца... Таму і назвы даваць складана. Нават калі будзе відэа ці фатаграфія, гэта не перадасць усю тую атмасферу феерверка.

— Няўжо?

— Так. Зняць феерверк на плёнку — вялікае мастацтва. Не кожнаму гэта пад сілу. Для таго, каб зняць феерверк на плёнку, патрэбна стварыць пэўныя ўмовы, выбраць правільны ракурс. Звычайна тэлевізіёншчыкі акцэнтуюць увагу на натоўп, нейкія элементы феерверка, буйны план. Нешта трашчыць, пераліваецца, але перадаць агульную карцінку немагчыма.

Пакуль атрымліваецца, што людзі могуць убачыць феерверк толькі непасрэдна стоячы і гледзячы на яго. Па тэлебачанні — гэта зусім не тое.

"Гурт "Рамштайн" нас пахваліў"

— Самыя яркія ўражанні за гэты год?

— Сёлета ў нас было дзве працы, якія дазволілі выйсці на новы ўзровень па тэхніцы, арганізацыі працы і абсталяванні. Гэта канцэрт "Рамштайн" і дзіцячае "Еўрабачанне"... Увогуле было вельмі цікава. "Рамштайн" нас пахваліў: маўляў, "гуд джоб" (добрая праца). Плюс наш традыцыйны фестываль "Навальніца", які адбыўся гэтым летам. Ён дазваляе трымаць планку піратэхнічнага мастацтва.

— І якія адчуванні, калі вось праз секунду адбудзецца феерверк?

— Вядома, мандраж.

— Няўжо кожны раз страшна?

Ігар Сідаровіч, піратэхнік: "Праца піратэхніка параўнальная з працай сапёра"— Так, страшна. Страшна за бяспеку, за працу сістэмы. І калі гэтага адчування няма, то тады губляеш нюх... Калі ты пачынаеш лічыць, што ты ўжо прафесіянал, абавязкова што-небудзь пойдзе не так...

"У Кітаі феерверкамі займаюцца ваенныя"

— А што за піратэхніка ў вас?

—  90 адсоткаў усёй нашай піратэхнікі — кітайскай вытворчасці. Проста ёсць розныя віды якасці. Ёсць прадукцыя, якасць якой строга адсочваецца, яна праходзіць найстражайшы кантроль.

— У народзе ходзіць меркаванне, што кітайскае — адназначна нізкасортнае?

— Ну, кітайцы прыдумалі порах, кітайцы прыдумалі феерверкі. Яны ў гэтым першыя.

— У іх саміх прыгожыя феерверкі?

— Самае цікавае, што ў іх феерверкамі займаюцца ваенныя. І феерверкі, якія былі на Алімпіядзе ў Пекіне, былі зроблены кітайскімі ваеннымі. Але для дызайну яны запрашаюць еўрапейцаў. У іх вельмі строгае і сур'ёзнае стаўленне да гэтага.

— Чым вы парадуеце сёлета мінчан?

— А навошта так адразу раскрываць усе сакрэты?

— Ну хоць бы адзін?

— Там такіх моцных сакрэтаў і няма. Мы штогод мяняем на працэнтаў 30 вырабы, стараемся іх мікшыраваць. Магчыма, нейкія элементы, якія мы спрабавалі на фестывалі "Навальніца", паспрабуем задзейнічаць і на феерверку ў горадзе. Праўда, у сёлетнюю навагоднюю ноч аўтарам феерверкаў з'яўляюся не я, а дырэктар нашай кампаніі, Канстанцін Марозаў.

"Я б не параіў гэтай працы нікому"

— Колькі плацяць феерверкерам?

— Калі чалавек дасягае пэўнага ўзроўню і мае добрую кліенцкую базу, то зарабляе досыць добра.

— Значыць, маладым ахвотным варта ісці ў піратэхнікі?

— Не, я б не раіў.

—???

— Да гэтай прафесіі патрэбна прыйсці. Няма такога, што замалада пайшлі вучыцца на піратэхніка і потым сталі працаваць. Праз гэта праходзіць вельмі шмат маладых людзей, але затрымліваецца не шмат. Графік працы вельмі цяжкі...І ўмовы таксама рознымі бываюць... Маладыя прыходзяць і вельмі часта працуюць "на падхваце". Вось яно, цэхавае майстэрства — калі з хлопчыка для біцця вырастаеш у майстра. Так і адбываецца. Мяне часта пытаюць: "Ігар, а чаму ты родзічаў не прыцягнеш? Ты ж добра зарабляеш?" Я б не параіў гэтай працы нікому.

— Напэўна, крыўдна, што ніколі няма свят?

— За доўгія гады выпрацоўваецца стойкая антыпатыя да масавых мерапрыемстваў. За апошнія ўмоўна 1-1,5 тыдня я пабываў на 15-ці карпаратывах. Таму самы лепшы спосаб — адпачыць у цішыні, паглядзець тэлевізар...

— Нейкія жаданні будзеце загадваць?

— Хочацца, каб мы яшчэ раз правялі наш фестываль "Навальніца". Каб змянілася стаўленне да самой піратэхнікі. Таму што зараз стаўленне да піратэхнікі — як да гандлю "чорнай смерцю". Цяжкавата... Пасля пажару ў расійскім клубе, напрыклад, там гэты бізнэс амаль сышоў. У нас таксама крыху запаволіўся...

— Як вы ставіцеся да траўматызму пры запуску аматарскіх феерверкаў?

— Шчыра кажучы, мне адразу страшна. Многія вырабы, якія ёсць, я нават у рукі баюся браць. Мы ўвогуле выключаем з выкарыстання ракеты, цыркабліцы і петарды, а таксама іншыя вырабы, што маюць траекторыю, якая не кантралюецца.

— Можна ад вас некалькі парад для людзей, якія самастойна запускаюць феерверкі.

— Самае галоўнае — разабрацца з феерверкам да таго, як вы сядзеце за стол. Трэба прызначыць аднаго чалавека, які будзе за гэта адказваць. І каб ён быў у нармальным стане, каб мог падумаць пра бяспеку. І абавязкова папярэдне вывучыць інструкцыю...

Настасся Занько, фота Марыны Бегунковай і з архіва Ігара Сідаровіча.

←Упущенная выгода

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика