Беларускі рубель: дыяпазон дапушчальных ваганняў курсу да валютнага кошыка сёлета — ад 970,03 да 1138 рублёў
Як і прагназаваў у лістападзе галоўны банкір краіны Пётр Пракаповіч, бліжэй да канца цяпер ужо мінулага 2010 года беларускі рубель крыху ўмацаваўся да долара ЗША, і яго афіцыйны курс зафіксаваўся на блізкім да прадказанага кіраўніком Нацбанка значэнні — 3000 рублёў за долар. Адметна і тое, што летась пры запланаваным калідоры ваганняў курсу нацыянальнай валюты да валютнага кошыка плюс-мінус 10 працэнтаў, ваганні курсу беларускага рубля па факце так і не выйшлі за межы 5 працэнтаў: найбольшае зніжэнне дасягала ўсяго толькі каля 4,6 працэнта.
Між іншым, калі абапірацца на заяву Пятра Пракаповіча, якую ён зрабіў на апошняй сустрэчы з журналістамі напрыканцы леташняга лістапада адносна ваганняў курсу нацыянальнай валюты да валютнага кошыка, то сёлета будзе назірацца такая ж карціна: ваганні курсу ў той ці іншы бок складуць не больш за 5 працэнтаў. Гэта меркаванне галоўнага банкіра. Што ж датычыцца запланаванага ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год змянення курсу беларускага рубля, то ў параўнанні з 2010 годам калідор яго ваганняў звужаны на 2 працэнты — да плюс/мінус 8 працэнтаў. Гэта значыць, патлумачыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Нацбанка Міхаіл Журавовіч, курс нацыянальнай валюты ў дачыненні да кошту кошыка замежных валют зможа адхіляцца на 8 працэнтаў ад цэнтральнага значэння, роўнага кошту кошыка, які склаўся на пачатак гэтага года (напрыклад, на 3 студзеня быў устаноўлены кошт валютнага кошыка — долар ЗША, еўра і расійскі рубель — на ўзроўні 1057.04 рубля). Такім чынам, дыяпазон дапушчальных ваганняў курсу беларускага рубля да кошыка валют у гэтым годзе будзе складаць ад 970,03 да 1138,73 рубля. Дарэчы, курс беларускага рубля, калі параўноўваць кошт валютнага кошыка ў апошні дзень 2009 года з 31 снежня 2010, знізіўся менш як на 2 працэнты, а да валют, якія ўваходзяць у кошык, ён вёў сябе наступным чынам: да долара знізіўся на 4,79 працэнта, да расійскага рубля — на 3,99, а да еўра ўмацаваўся на 3,25 працэнта. Як зазначыў у чарговы раз Міхаіл Журавовіч, сёлета няма ніякай неабходнасці істотна дэвальваваць нацыянальную валюту, якая падмацаваная значнымі золатавалютнымі рэзервамі. Між іншым, апошнія сёлета запланавана папоўніць не менш як на 1,2 мільярда долараў. Калі інфляцыя "ўпішацца" ў адведзеныя на гэты год межы (7,5-8,5 працэнта), у рэспубліцы будуць зніжаныя і стаўкі па рублёвых крэдытах і па дэпазітах. Рублёвыя крэдыты нефінансаваму сектару мяркуецца знізіць да 11-13 працэнтаў, а па новых тэрміновых рублёвых дэпазітах укладчыкам будзе прапанавана да 9-11 працэнтаў.
Ігар ШЧУЧЭНКА.