Гомельшчына прымае новага губернатара

Источник материала:  

Сесія Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзіла кандыдатуру Уладзіміра Дворніка ў якасці старшыні Гомельскага аблвыканкама. Аляксандр Якабсон, які займаў гэтую пасаду 9 гадоў, прызначаны старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Літаральна напярэдадні Новага года кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей прадставіў дэпутатам абласнога Савета новага кіраўніка Гомельшчыны.

Пазачарговае пасяджэнне Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў было незвычайным. Не толькі таму, што на вачах дэпутатаў адбывалася перадача ўлады пераемніку, але і таму, што Аляксандра Серафімавіча, які, паводле яго слоў, "пражыў у Гомельскай вобласці без трох месяцаў 60 гадоў", тут сапраўды паважаюць і любяць. Таму ў многіх навярнуліся слёзы на вочы, калі былы губернатар развітваўся са сваімі падначаленымі:

— Я на Гомельшчыне нарадзіўся, выхоўваўся, вучыўся, працаваў і па жыцці мне заўсёды шанцавала на добрых людзей, на добрыя калектывы. Не было ніколі лёгкай долі. Але бацька мне казаў заўсёды: для мужыка самае галоўнае — гэта быць адданым працы і любіць сваю Айчыну. Што я імкнуўся рабіць. Што тычыцца Уладзіміра Дворніка, то гэты чалавек можа з шэрагу праблем выдзеліць галоўнае, ён можа пабудаваць працу сваіх падначаленых такім чынам, каб яны ўсе працавалі на вынік. Гэта абаяльны і прынцыповы кіраўнік. У яго ёсць усе якасці, якія неабходны кіраўніку такога ўзроўню.

Асноўная частка працоўнай біяграфіі Уладзіміра Дворніка звязана з сельскай гаспадаркай — доўгі час ён узначальваў саўгас-камбінат "Зара" Мазырскага раёна. За апошняе дзесяцігоддзе гэта гаспадарка 8 разоў станавілася пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва. Апошні час Уладзімір Дворнік займаў пасаду старшыні Мазырскага райвыканкама. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей выказаў упэўненасць, што Уладзімір Дворнік зможа захаваць тыя лепшыя традыцыі, якія існуюць у Гомельскай вобласці, і, нягледзячы на тое, што ў будучай пяцігодцы перад рэгіёнам стаяць няпростыя задачы, вобласць зможа выканаць усе прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця:

— Мне давялося не раз прадстаўляць кіраўнікоў рэгіёна, але я ўпершыню бачу такую атмасферу добразычлівасці і адкрытасці. У вобласці захавана пераемнасць, кіраванне перадаецца ў надзейныя рукі. Дзякуй вам за тое, што вы падрыхтавалі такога губернатара, як Александр Якабсон, у цэнтры патрэбны такія людзі. Што тычыцца Уладзіміра Дворніка, вам вялікі дзякуй, што падтрымалі прапанову кіраўніка дзяржавы аб яго прызначэнні старшынёй Гомельскага аблвыканкама. Мне здаецца, што мы разам зрабілі правільны выбар: гэта патрэбны чалавек у патрэбны час на патрэбным месцы.

Выступаючы перад дэпутатамі, Уладзімір Дворнік адзначыў, што цалкам усведамляе высокую меру адказнасці працы на новай пасадзе:

— Хачу запэўніць: колькі будзе ў мяне сіл і магчымасцяў, я буду імкнуцца выконваць той абавязак, які на мяне ўскладзены. Каб тыя традыцыі, якія ёсць у вобласці, абавязкова захоўваліся. Настрой адзін: працаваць, працаваць і працаваць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Спартакиада острых ощущений

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика