Сястра Саннікава звярнулася да Мядзведзева з адкрытым лістом
Сястра арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Багданава звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева.
Паважаны спадар Мядзведзеў,
Усе людзі здольныя рабіць памылкі. Памыляцца не страшна і не грэшна, калі чалавек гэтыя памылкі прызнае і спрабуе іх выправіць. Выпраўляць памылкі ніколі не позна, і твар чалавек пры гэтым не губляе, а часцяком набывае павагу людзей.
Прызнанне выбараў у Беларусі легітымнымі і віншаванне Лукашэнкі было Вашай памылкай. І яшчэ не позна яе выправіць. Я не сумняваюся, што ў Вас былі нейкія дамоўленасці з ім, і Вы, напэўна, спрабуеце іх выконваць. Гэта разумее ўвесь цывілізаваны свет. Але ці жадаеце Вы, каб гэты свет асацыяваў Вас з дыктатарам і злачынцам?
Я не палітык і не хачу ўдавацца ў ацэнку палітычнай сітуацыі. Не сумняваюся, што ў Вас ёсць дарадцы, якія яе выдатна ўяўляюць. Звяртаюся да Вас як сястра аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, які быў жорстка збіты і арыштаваны толькі за тое, што хацеў мірных перамоваў для развязання сітуацыі, якая склалася ў краіне.
Сотні чалавек у турмах, сотні збітыя без усялякай на тое падставы. Як чалавек і як жанчына я малю Вас зрабіць усё, што ў Вашых сілах, каб перадухіліць гвалт і спыніць незаконныя дзеянні супраць невінаватых людзей.
Вы сказалі, што выбары - гэта ўнутраная справа кожнай краіны. Можа быць, і так, але разгон мірнай дэманстрацыі, збіццё безабаронных людзей, арышты невінаватых, разгромы рэдакцый газет і сайтаў - гэта грубае парушэнне правоў чалавека. А гэта ўжо зусім не ўнутраныя справы - гэта датычыць кожнай краіны, кожнага чалавека.
Вы - прэзідэнт вялікай краіны, і я ўпэўненая, што ў Вашай уладзе спыніць гэтую самаўпраўнасць.
Дык зрабіце тое, што належыць прэзідэнту Расіі. Перастаньце патураць злачынцам і запатрабуйце неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных.
Цвёрда веру, што Вы можаце гэта зрабіць.
Ірына Багданава, сястра кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава
Хартыя'97